РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr→ = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( J′r→ = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем H: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НС у паэзіі,

невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.

У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л. бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.​Мільвуа, Э.​Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.​Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.​Жукоўскага «Жаданне», А.​Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.

У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.​Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.​Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.​Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.​Багдановіча, «Раманс» Ю.​Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.​Танка).

Літ.:

Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;

Поэзия и музыка. М., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАНЕ́ННЕ,

1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.

2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз. парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.

С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.

3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.

Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

А.​І.​Наркевіч.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́КСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1413—1795. Цэнтр — г. Трокі. Утворана на тэр. Трокскага княства і Гарадзенскага княства пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Былі ўведзены пасады трокскіх ваяводы і кашталяна, якія па значэнні лічыліся другімі пасля пасад ваяводы і кашталяна віленскіх. У склад Т.в. ў 15 ст. ўваходзілі паўн., цэнтр. і паўд. часткі Літвы, прынёманскія землі Беларусі, Берасцейская зямля, Новагародская зямля, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўскае княства. Гэтыя княствы, Берасцейская, Новагародская землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраванне. На У Беларусі ў Т.в. ўваходзіла палова Бабруйскай воласці. Пасля ўтварэння ў 16 ст. Навагрудскага, Падляшскага і Брэсцкага ваяводстваў тэр. Т.в. значна паменшылася. У 16—18 ст. у Т.в. ўваходзілі Трокскі, Ковенскі, Упіцкі пав., Гродзенскі павет. Пасля Люблінскай уніі 1569 ваявода і кашталян трокскія засядалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Паводле перапісу 1775 на тэр. Т.в. было 55 614 «дымоў». Паводле пастановы Гродзенскага сойма 1793 Гродзенскі пав. і створаны ў 1791 Мерацкі пав. пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай указам Кацярыны II ад 25.12.1795 асн. частка Т.в. ўвайшла ў склад Віленскай губ., рэшта — у Слонімскую губ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́Л у музыцы,

1) заключная частка цыклічнага муз. твора (санаты, камернага ансамбля, канцэрта, сімфоніі і інш.; гл. Цыклічныя формы). Мае выніковы характар у сэнсавым і функцыян. значэнні. У музыцы бел. кампазітараў побач з традыц. формамі Ф. (санатная, санатная з эпізодам, ронда і інш.) знайшлі ўвасабленне разнастайныя сучасныя структуры (творы В.​Войціка, У.​Дарохіна, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, Дз.​Смольскага, А.​Хадоскі і інш.).

2) Заключная сцэна оперы, аперэты, балета і інш. ці асобнага іх акта. Звычайна складаецца з эпізодаў: сольных, ансамблевых, харавых. Новыя тыпы опернага Ф. стварылі Дж.​Вердзі, Р.​Вагнер, М.​Глінка, М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Мусаргскі. Сярод яскравых прыкладаў дынамічных Ф. ў бел. музыцы: оперы «Алеся» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова, «Сівая легенда» Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, «Джардана Бруна» С.​Картэса, аперэта «Несцерка» Р.​Суруса, балеты «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава, «Страсці» («Рагнеда») Мдывані.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Протопопов В.В. Очерки по истории инструментальных форм XVI — начала XIX в. М., 1979;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 3—4]. Мн., 1996—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТАЛО́ГІЯ (ад грэч. ēthos звычай, нораў + ...логія),

навука пра біял. асновы паводзін жывёл і іх значэнні для прыстасавання да ўмоў існавання ў працэсах індывід. развіцця і эвалюцыі. Вывучае формы адаптыўных паводзін, якія маюць характар спадчынных відавых адзнак або набытых у працэсе развіцця, сувязі паміж паводзінамі і рознымі працэсамі і падзеямі, што адбываюцца паза арганізмам, унутры яго і папярэднічаюць пэўным паводзінам. Асн. прадмет даследавання Э. — інстынкты. Цесна звязана з фізіялогіяй. экалогіяй. папуляцыйнай генетыкай і генетыкай паводзін.

Тэрмін «Э.» ўвёў франц. заолаг І.​Ж.​Сент-Ілер (1859). Як самаст. навук. кірунак Э. аформілася ў 1930-я г. (К.Лорэнц. Н.Тынберген). У Расіі з канца 19 ст. паводзіны жывёл даследавалі У.​А.​Вагнер, А.​М.​Промптаў і інш., з 1960-х г. — Л.​В.​Крушынскі. М.​П.​Навумаў, У.​Я.​Сакалоў і інш.

На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца з 1970 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі: насякомых — А.​М.​Літвінава, У.​А.​Радкевіч, Э.​І.​Хацько, рыб — П.​І.​Жукаў, Т.​М.​Шаўцова, амфібій і рэптылій — М.​М.​Пікулік, птушак — Ю.​А.​Вязовіч, М.​С.​Долбік і інш., млекакормячых — П.​Р.​Козла, А.​М.​Курскоў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЫЧА́РЫ (тур. yeniçeri літар. — новае войска),

1) асобныя часці рэгулярнай тур. пяхоты, што існавалі з 2-й пал. 14 ст. да 1826; разам з атрадамі конніцы складалі аснову пастаяннага войска Асманскай імперыі. Напачатку камплектаваліся з ваеннапалонных і юнакоў, якіх захапілі ў рабства, пазней — шляхам гвалтоўнага набору хлопчыкаў і юнакоў (8—20 гадоў) з ліку хрысц. насельніцтва. Пасля прыняцця ісламу Я. лічыліся рабамі султана, жылі ў казармах, ім забаранялася ўступаць у шлюб і займацца гаспадаркай. Я. ўдзельнічалі ў заваявальных паходах, у т. л. супраць славян у складзе войск крымскіх ханаў у 16—17 ст., неслі гарнізонную службу на Балканах і ў араб. краінах. На ўзбраенні Я. — лук (пазней заменены ружжом і пісталетамі), шабля і ятаган. З канца 16 — пач. 17 ст. пачаўся працэс разлажэння корпуса Я.: яны абзаводзіліся сем’ямі, займаліся гандлем, рамяством. Паступова Я. сталі замкнёнай ваен. кастай, апорай кансерватыўных сіл, умешваліся ў палітыку ўрада, удзельнічалі ў дварцовых пераваротах. У 1826 корпус Я. ліквідаваны султанам Махмудам II.

2) У пераносным значэнні — узброены ахоўнік дэспатычнай улады, карнік, кат.

Да арт. Янычары. Янычар-ага (янычарскі палкоўнік). Турцыя. 17 ст. Малюнак В.​Ляхора.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА,

рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал. стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РА ТЭО́РЫЯ,

першая тэорыя атама і яго спектраў. Прапанавана Н.Борам у 1913 як аб’яднанне ідэі М.Планка аб квантаванні энергіі і планетарнай мадэлі атама Э.Рэзерфарда. Грунтуецца на двух пастулатах. Атамы могуць доўга знаходзіцца, не выпраменьваючы святла, ва ўстойлівых (стацыянарных) станах, адпаведных пэўным дыскрэтным (перарыўным) значэнням энергіі E1, E2, E3... (1-ы пастулат Бора). Выпрамяненне ці паглынанне святла адбываецца пры скачкападобных пераходах з аднаго стану ў другі паводле формулы Ei−Ek=hν, дзе hν — энергія святла частаты ν, што выпрамяняецца ці паглынаецца, h — Планка пастаянная (2-і пастулат Бора, ці ўмова частот).

Пастулаты Бора пацверджаны эксперыментальна і выконваюцца для ўсіх мікрасістэм (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.). Каб знайсці магчымыя значэнні энергіі і інш. характарыстыкі стацыянарных станаў атама, Бор разглядаў рух электронаў вакол ядра паводле законаў механікі Ньютана (класічнай механікі), пры дапаўняльных, т.зв. квантавых, умовах. Пры гэтым электрон у найпрасцейшым выпадку атама вадароду можа рухацца вакол ядра па кругавых ці эліптычных арбітах пэўных памераў, якія павялічваюцца з павелічэннем энергіі атама ў адпаведных стацыянарных станах. Канкрэтныя мадэльныя ўяўленні пра рух электрона ў атаме па строга вызначаных арбітах заменены ўяўленнямі квантавай механікі.

Літ.:

Ельяшевич М.А. Развитие Нильсом Бором квантовой теории атома и принципа соответствия // Успехи физ. наук. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,

электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз. эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.

М.​А.​Гольберг.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)