ФІНА́Л у музыцы,
1) заключная частка цыклічнага муз. твора (санаты, камернага ансамбля, канцэрта, сімфоніі і інш.; гл. Цыклічныя формы). Мае выніковы характар у сэнсавым і функцыян. значэнні. У музыцы бел. кампазітараў побач з традыц. формамі Ф. (санатная, санатная з эпізодам, ронда і інш.) знайшлі ўвасабленне разнастайныя сучасныя структуры (творы В.Войціка, У.Дарохіна, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Мдывані, Дз.Смольскага, А.Хадоскі і інш.).
2) Заключная сцэна оперы, аперэты, балета і інш. ці асобнага іх акта. Звычайна складаецца з эпізодаў: сольных, ансамблевых, харавых. Новыя тыпы опернага Ф. стварылі Дж.Вердзі, Р.Вагнер, М.Глінка, М.Рымскі-Корсакаў, М.Мусаргскі. Сярод яскравых прыкладаў дынамічных Ф. ў бел. музыцы: оперы «Алеся» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова, «Сівая легенда» Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, «Джардана Бруна» С.Картэса, аперэта «Несцерка» Р.Суруса, балеты «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда») Мдывані.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Протопопов В.В. Очерки по истории инструментальных форм XVI — начала XIX в. М., 1979;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 3—4]. Мн., 1996—97.
Т.А.Дубкова.
т. 16, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)