князь у ВКЛ. Сын вял.кн.Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн.Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял.кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войскаВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штотыднёва з 8.6 да 11.7.1920 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Г.Багдановіч, выдавец У.Знамяроўскі. Мела рубрыкі «На белым свеце» і «Хроніка». Значную ўвагу аддавала праблеме будучага лёсу Беларусі (арт. «Сучасная вайна і Беларусь», «Не чакайце міру», «Ленін і Брусілаў»), зямельнаму пытанню (арт. «Беларускае сялянства і зямельнае пытанне», «Каму зямля?», «Зямельная рэформа на «Усходніх землях»). Выкрывала спробы акупац. адміністрацыі сфальсіфікаваць звесткі статыстыкі пра нац. склад насельніцтва бел. зямель (арт. «Мова статыстыкі»). Пісала пра арганізацыю нац. школы, спажывецкай кааперацыі. Змясціла артыкулы да 20-годдзя з дня смерці Ф.Багушэвіча, асобныя творы Я.Купалы, М.Гарэцкага, В.Лемеша, Г.Багдановіча, А.Пугі, інфармацыю пра святкаванне 15-годдзя творчай дзейнасці Я.Купалы, фарміраванне бел.войска і інш. З-за ваен. цэнзуры большасць матэрыялаў падпісана псеўданімамі і крыптанімамі. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскай вайсковай адміністрацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),
ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войскаВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́Х-АД-ДЗІН, Саладзін,
Юсуф ібн Айюб (1138—4.3.1193), султан Егіпта [1171—93]. Курд па паходжанні. Быў спачатку на службе сірыйскага султана Нур-ад-дзіна, у 1164—68 удзельнік паходаў у Егіпет. З 1169 візір — фактычны правіцель Егіпта пры намінальнай уладзе халіфа з дынастыі Фатымідаў. Пасля смерці апошняга з Фатымідаў абвясціў сябе султанам Егіпта. У 1174 падпарадкаваў сабе Сірыю і некат. раёны Ірака. У 1187 пачаў вайну супраць дзяржаў крыжаносцаў на Б. Усходзе, разбіў іх войскі 3—4.7.1187 у бітве пры Хіціне. 2.10.1187 заняў Іерусалім, што выклікала 3-і крыжовы паход (1189—92, гл. ў арт.Крыжовыя паходы). Вёў вайну з войскам крыжаносцаў на чале з англ. каралём Рычардам I. Пасля паражэння свайго войска пры Арсуфе ў вер. 1191 заключыў з Рычардам мірны дагавор, паводле якога захаваў б.ч. сваіх заваяванняў, у т. л. Іерусалім. У зах.-еўрап. л-ры вобраз С. часта ўжываўся як прыклад высакароднасці і дабрадзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ БІ́ТВЫ 1812 Баі за Полацк паміж рас. 1-м пях. корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна і франц. корпусам маршала Ш.Удзіно 17—18 жн. і 18—19 кастр. 1812. Пасля Клясціцкіх баёў 1812 на падыходах да Полацка 16 жн.рас. войскі занялі в. Гамзелева. 17 жн. Вітгенштэйн атакаваў франц. пазіцыі, пад прыкрыццём авангардаў ген.-маёра Б.Б.Гельфрэйха (4 пях. батальёны, 4 кав. эскадроны і 300 казакоў з 12 гарматамі) і палк. Я.І.Уластава (1 егерскі полк і 2 грэнадзёрскія батальёны). Рас. войскі (каля 20 тыс.чал. і 99 гармат) размясціліся паўкругам. насупраць горада паміж р. Палата і Дзвіна. Баварскі корпус ген. Л.Гув’ена Сен-Сіра размясціўся на левым беразе р. Палата за Спаскім манастыром, корпус Удзіно — паміж р.Палата і Дзвіна і меў выхад на дарогу Себеж—Невель. Агульная колькасць франц.войска дасягала 45 тыс. Бой цягнуўся каля 14 гадзін з пераменным поспехам. Абодва бакі панеслі вял. страты. Цяжка паранены Удзіно перадаў камандаванне Сен-Сіру, які перагрупаваў войскі і ў 5 гадзін раніцы пачаў наступленне супраць левага фланга рас. войск. Ген.-маёр А.Ю.Гамен, які ўзначальваў цэнтр рас.войска, з 2 палкамі і 3 батальёнамі атакаваў і адкінуў непрыяцеля. Франц. кавалерыя, якая спрабавала прарваць цэнтр, была разбіта і адкінута да Полацка. Рас. войскі ўтрымалі асн. пазіцыі, але з-за перавагі сіл праціўніка вымушаны былі адысці да р. Дрыса. За 2 дні баёў яны страцілі каля 5,5 тыс. забітымі і параненымі; французы і баварцы — 8 тыс. У выніку 1-й Полацкай бітвы французы адмовіліся ад наступлення на Наўгародска-Пецярбургскім напрамку і не змаглі падтрымаць корпус, які асаджаў Рыгу.
2-я Полацкая бітва мела за мэту акружыць і знішчыць франц. войскі. 17 кастр. армія Вітгенштэйна (каля 55 тыс.чал., 122 гарматы) сканцэнтравалася каля Полацка. Франц. маршал Сен-Сір меў у Полацку 30—32 тыс.чал. Бой пачаўся раніцай 18 кастр. кавалерыйскімі сутычкамі, у выніку якіх франц. кавалерыя страціла больш за палову свайго складу і амаль усіх штаб-афіцэраў. Сабраўшы большую частку свайго корпуса, Сен-Сір пачаў атаку супраць усіх 3 калон рас. войск. Абодва бакі мелі вял. страты, бой скончыўся безвынікова. Рас. войскі занялі пазіцыі насупраць Полацка перад гар. валамі і на левым беразе Дзвіны. 19 кастр. Вітгенштэйн атакаваў горад з фронту і моцным артыл. агнём прымусіў праціўніка пакінуць умацаваны лагер і адысці ў Полацк. У 2 гадзіны ночы рас. авангарды ген.-маёра А.Б.Фока і палк. Турчанінава ўварваліся ў горад; пачалі вулічныя баі. Сен-Сір быў вымушаны вывесці войскі з Полацка і разбурыў масты цераз Дзвіну. Спробы французаў адбіць горад 20 кастр. былі безвыніковымі. За 2 дні баёў рас. войскі страцілі 8 тыс.чал., французы — каля 4 тыс.чал. забітымі і параненымі і больш за 2 тыс. палоннымі. Пасля вызвалення Полацка франц.войска вымушана было адступіць па спустошанай раней дарозе.
Літ.:
Жилин П.А. Отечественная война 1812 г. 3 изд. М., 1988;
Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г.Мн., 1962;
Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988.
Ш.І.Бекцінееў.
Да арт.Полацкія бітвы 1812. Бітва каля Полацка 18.8.1812. З гравюры Д.Ругендаса. 1810-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»
(«Архив русской революции»),
зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.У.Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.У.Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.Дз.Набокава, данскога атамана ген. П.М.Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войскаген.-лейт. А.П.Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс.чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс.чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс.чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер.рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,
вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.