Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс.км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс.км², на Калімантане 198,2 тыс.км². Нас. 20,9 млн.чал. (1998), у т. л. каля 17 млн.чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).
Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).
Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы іінш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б.ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы іінш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра іінш.Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк іінш.
Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы іінш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб.г. Куала-Лумпур — 1236 тыс.ж. (1997); больш за 200 тыс.ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.
Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс.н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.
У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч.нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.Оне (1976—81) і М.Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл.ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.
Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.
Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх.іПаўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс.дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб.прам-сць (1997) уключае здабычу івытв-сць: нафты — каля 30 млн.т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн.т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс.т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс.т, баксітаў — каля 70 тыс.т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс.т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата іінш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах.ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд.кВтгадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн.шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс.шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты іінш.Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт.і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары іінш. Штогод выпускаецца каля 10 млн.т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн.т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў іс.-г. тэхнікі (каля 11 млн.шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara іінш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн.га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал.харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс.т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн.т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс.км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс.км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд.дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн.чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).
Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай іангл. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст.л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс.іараб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.Нававі, А.Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез.іангл. л-р: раманы А.Самада Ахмада, Ш.Салеха. Патрыят.і антыкалан. матывы ў прозе А.Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.Н.Масуры, Крыс Мас, У.Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт.ігіст. тэмы (Х.Амінуррашыд, А.Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.Самада Саіда, А.Ваці, А.Алі. Этн.ісац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.Самада Ісмаіла, А.Хусейна, Ш.Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.Ахмед, Р.Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.Сетхураман), англ. (Т.Вігнесан) мовах. У 1958 засн.Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.Палупанаў.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі імясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) іінд.выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху іінш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт.іінд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) іграмадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц.кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц.інд. тыпу. Пашырана станковая іманум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо іінш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы іінш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэнаі Дэга ў Францыі, П.Трубяцкогаі Г.Галубкінай у Расіі, іінш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ.І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака іінш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцыІ. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз.І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф.іфп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка іінш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі іінш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Гаўрыла Іванавіч) (10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),
бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогііібел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад.АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел.с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял.Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-тгеал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену іінж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская іінш.ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы іінш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі іархеал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.
Тв.:
Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;
Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;
Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;
Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;
Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;
Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.
Літ.:
Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АНБССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.7.1944. Пл. 55,3 тыс.км². Нас. 738 тыс.чал. (1997), гарадскога 71%. Цэнтр — г.Ноўгарад. Найб. гарады: Баравічы, Старая Руса, Валдай, Чудава.
Палавіну тэр. вобласці займае Прыільменская нізіна, на ПнУ — Ціхвінская града (выш. да 280 м), на ПдУ — Валдайскае ўзв. (выш. да 299 м). Карысныя выкапні: торф, буры вугаль, вогнетрывалыя ібуд. гліны, вапнякі, кварцавыя пяскі, сапрапель. Крыніцы мінер.і радонавых вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў 540—750 мм за год. Найб. рэкі: Волхаў, Мста, Ловаць, Шалонь, Пала. Азёры: Ільмень, Валдайскае, Велле, Пірас, на ПдУ — частка воз. Селігер. Глебы дзярнова-падзолістыя, на ПдЗ ад воз. Ільмень дзярнова-карбанатныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хвойныя (хвоя, елка) і драбналістыя (бяроза, асіна, вольха) лясы. Каля 20% тэр. пад балотамі, хмызнякамі і вадой. Вял. масівы паплавоў і сенажацяў пашыраны на берагах воз. Ільмень, р. Волхаў і ў вусцях рэк Мста і Ловаць. На ПдУ вобласці Валдайскі нац. парк.
На долю прам-сці прыпадае больш за 47% валавога ўнутр. прадукту. Вядучыя галіны — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., электраэнергетыка, лясная, дрэваапр.і цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць тэлевізары, відэамагнітафоны, тэлевізійныя сістэмы, кінескопы, паўправадніковыя прылады, машыны для хім. прам-сці, мед. інструменты, дрэваапр. станкі, прылады для АЭСіінш. Авіярамонт. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю шкловалакна, метанолу, сінт. аміяку, азотных угнаенняў. Развіты лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, драўнянавалакністых пліт, мэблі, піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы, запалак), шклофарфоравая, харч., лёгкая, у т. л. льноперапрацоўчая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Нар. промысел — вышыванне красцецкай «белай строчкай» (г.п. Крэстцы). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі займаюць 751,6 тыс.га, з іх 466,7 тыс.га ворныя землі. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, авёс, ячмень) і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Ільнаводства пераважна на Пд вобласці. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 68% с.-r. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Даўж. чыгунак 1149 км, аўтадарог 8530 км. Асн. чыгункі Масква—С.-Пецярбург, Балагое—Пскоў, С.-Пецярбург—Дно, Ноўгарад—Луга; гал. транзітная аўтадарога Масква—С.-Пецярбург. Суднаходства па рэках Волхаў, Мста, азёрах Ільмень, Валдайскае. Газаправоды Таржок—Ноўгарад—Чудава—С.-Пецярбург, Валдай—Старая Руса—Рыга, нафтаправод Яраслаўль—Кірышы. Бальнеалагічны курорт Старая Руса, курортная мясцовасць Валдай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ КЛАС,
адзін з асн.класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн.прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн.чал. У СССРіінш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін інавукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую ісац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн.прадукц. сілы грамадства ігал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.
На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс.чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс.чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам.іпаліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн.чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ваіінш. галін нар. гаспадаркі.
Літ.:
Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг.Мн., 1969;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),
бел. рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл.драм. т-раў, у 1963—65 Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп.т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.Коласа — «Дачнікі» М.Горкага (1964), «Лёнушка» Л.Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.Арбузава (1979) іінш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.Бядулі (з Я.Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізмуіабмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную іфункцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання іінш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял.і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна іінш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары іінш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОСТ», генеральны план «Ост», кодавая назва праграмы ням фаш. захопнікаў па каланізацыі і германізацыі Усх. Еўропы. Распрацаваны гал. упраўленнем імперскай дзярж. бяспекі. 1-ы варыянт датычыў у асн.тэр. Польшчы. Пасля нападу на СССР былі распрацаваны асн. фундаментальныя палажэнні і прынцыпы каланізацыі акупіраваных тэрыторый. Адзін з яго варыянтаў знойдзены ў 1970-я г. пры інвентарызацыі ням.ваен. дакументаў у нац. архіве ЗША. Першапачаткова намячалася «высяленне» 31 млн.чал., потым зроблена ўдакладненне — 46—51 млн.чал., у т. л. 75% беларусаў. Прадугледжвалася з Польшчы, зах. раёнаў СССР за 25—30 пасляваенных гадоў перасяленне ў Зах. Сібір, на Паўн. Каўказ, у Паўд. Амерыку каля 31 млн. славян, а таксама значнай часткі насельніцтва Прыбалтыкі. Каланізацыі і амаль поўнай германізацыі падлягалі Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія, Інгерманландыя (Ленінградская і Пскоўская вобл.), Готэнгаў (Крым і Херсонская вобл.). У адносінах да славянскага насельніцтва меркавалася знішчыць інтэлігенцыю (носьбіта культуры народа); стэрылізацыяй іінш. спосабамі штучна паменшыць нараджальнасць, агульнаадук. ўзровень народа звесці да ўмення чытаць і лічыць. Планавалася стварыць 4 рэйхскамісарыяты: «Балтэнланд» («Остланд»), «Украіна», «Каўказ» і «Расія» («Масковія»). Масква падлягала зруйнаванню (разам з насельніцтвам), Ленінград пераймяноўваўся ў г. Адольфсбург. «Кіраваць» захопленай тэр., паводле плана ням.ген. штаба, прызначаліся 56 дывізій. Для рэалізацыі плана «О.» меркавалася стварыць 36 пасяленскіх апорных пунктаў, з іх 14 на Беларусі і ў Прыбалтыцы. У Мінску планавалася пасяліць 50 тыс. немцаў і часова пакінуць у якасці рабочай сілы 100 тыс.мясц. жыхароў, у Гомелі адпаведна 30 тыс.і 50 тыс., у Магілёве — 20 тыс.і 50 тыс., Віцебску — 20 тыс.і 40 тыс., Полацку — 10 тыс.і 20 тыс., Гродне — 10 тыс.і 20 тыс., Баранавічах — 10 тыс.і 20 тыс., Барысаве і Навагрудку па 5 тыс.і 15 тыс.і г.д. Усяго ў 20 гарадах Беларусі прадугледжвалася пасяліць больш за 200 тыс. каланістаў. У Мінску планавалася буд-ва казарм для эсэсаўцаў, будынкаў ваен. кіраўніцтва, жандармерыі іінш. карных органаў, турмы, крэматорыя з пляцоўкай для расстрэлаў іспец. пад’язнымі пуцямі. У час акупацыі праводзілася масавае знішчэнне населеных пунктаў разам з жыхарамі. На Беларусі з 9200 вёсак, спаленых гітлераўцамі, больш за 5290 знішчаны разам з усімі або значнай часткай жыхароў. За гады акупацыі фашысты загубілі на Беларусі больш за 2,2 млн. грамадзян, каля 380 тыс. вывезлі ў Германію. Актыўны падп.іпартыз. рух, разгром фаш. Германіі перашкодзілі захопнікам ажыццявіць план «О.». Гл. таксама Генацыд, Карныя аперацыі, Лагеры смерці.
Літ.:
Преступные цели — преступные средства: [Сб. док.]. 3 изд. М., 1985;
Безыменский Л.А. Генеральный план «Ост»;
замысел, цели, результаты // Вопр. истории. 1978. № 5;
Яго ж. Разгаданные загадки третьего рейха, 1933—1941. [Ч. 1—21. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,
праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук.і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн.і працоўных рэсурсаў.
Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння ібуд-ва буйных прамысл.іэнергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп.іінш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац.і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п.і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў іінш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.
На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел іінш. З пач. 1970-х г.асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам.і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар.і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі ісац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял.і буйных гарадоў, свабодных эканамічных іінш.).
Літ.:
Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;
Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),
дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс.км², Паўднёвы — 151,8 тыс.км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс.км²). Пл. 269,1 тыс.км². Нас. 3662,3 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Уэлінгтан, асн.прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).
Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.
Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр.ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата іінш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-раліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял.нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс.км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва інац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін іінш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс.ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.
Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.
Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр.і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая іНац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд.ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) іпрам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасцігал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн.м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн.т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку іінш.Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд.кВтгадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч.прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты іінш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп.іс.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн.га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн.га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс.т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс.т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс.т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс.т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс.км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд.дол., імпарт — 13 млрд.дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.
Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ.літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) іт.зв.калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят.ідэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац.і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст.псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст.сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў іліт. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац.іпаэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л.псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел.іінш.маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы іінш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал іінш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.
Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры іінш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац.муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» іінш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.
Літ.:
Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;
Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;
Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).
Герб і сцяг Новай Зеландыі.Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.Да арт.Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.