атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).
Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КІ (адгрэч. kokkos зерне),
бактэрыі шарападобнай формы. Тэрмін «К.» выкарыстоўваюць для апісання формы мікраарганізмаў, таксанамічнага значэння не мае. Пашыраны ў глебе, паветры, харч. прадуктах і інш.Найб. вядомыя аэробныя К. — Micrococcus, анаэробныя — Peptococcus, Pediococcus.
Клеткі дыяметрам 0,5—4 мкм, нерухомыя. Пераважна грамстаноўчыя. Адзіночныя К. адносяцца да мікракокаў. У залежнасці ад напрамку дзялення ўтвараюць пары клетак — дыплакокі, ланцужкі — стрэптакокі. Пры дзяленні ў двух узаемнаперпендыкулярных напрамках узнікаюць плоскія «табліцы», у трох — кубічныя пакеты — сарцыны. Хаатычнае дзяленне з утварэннем гронкападобнай масы ўласціва стафілакокам. Некат. віды (малочнакіслыя стрэптакокі) выкарыстоўваюць у харч. прам-сці. Патагенныя стрэптакокі і стафілакокі выклікаюць гнойныя захворванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс.км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на Задр. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс.км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НЫ (адгрэч. chroma колер, фарба),
сінтэтычныя неарган. пігментыад светла-лімоннага да ярка-чырвонага колеру. Паводле хім. саставу — храматы (афарбоўка К. абумоўлена прысутнасцю іона CrO42-).
Адрозніваюць К. свінцовыя жоўтага (асн. кампанент — храмат свінцу PbCrO4, выкарыстанне абмежавана з-за ядавітасці) і аранжава-чырвонага колераў (састаў PbCrO4PbO), свінцова-малібдатныя чырвонага (акрамя PbCrO4 у іх састаў уваходзяць свінцу малібдат PbMoO4 і сульфат PbSO4), цынкавыя жоўтага колеру (найб. шырока выкарыстоўваюцца грунтовачны К. саставу ZnCrO4∙3Zn(OH)2 і малярны 3ZnCrO4∙Zn(OH)2∙K2CrO4∙2H2O) і інш. Выкарыстоўваюць для вырабу грунтовак, фарбаў, эмаляў, паліграфічных і маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЕР ((Kruger) Паўлус) (10.10.1825, Ваалбанк каля г. Колсберг, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 14.7.1904),
паўднёваафрыканскі дзярж. дзеяч. З 1864 ген. камендант рэспублікі Трансвааль. Пад яго кіраўніцтвам у 1880 паўсталі афрыканеры (буры) Трансвааля і Аранжавай рэспублікі, якія ў 1881 дамагліся ад англічан прызнання сваёй незалежнасці. У 1883—1902 прэзідэнт Трансвааля. Імкнуўся абараніць бурскую рэспубліку адкалан. экспансіі Вялікабрытаніі. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 пасля акупацыі англічанамі сталіцы Трансвааля г. Прэторыя (чэрв. 1900), намагаўся знайсці падтрымку нац.-вызв. барацьбы бураў у краінах Еўропы. Ініцыятар стварэння нац. парку на У Трансвааля (1898). Аўтар мемуараў (1902).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),
1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.
2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 кмад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́МЕТР (адгрэч. logos тут адносіны + ...метр),
вымяральны механізм для вызначэння адносін дзвюх эл. велічынь (звычайна сіл току ў яго рухомай частцы). Бываюць магнітаэлектрычныя, электра- і ферадынамічныя, электрамагнітныя. Дзеянне найб. пашыранага магнітаэл. Л. заснавана на тым, што накіраваныя насустрач адзін аднаму вярчальныя моманты, якія ўзніклі ад уздзеяння вымяраемых велічынь на рухомую частку Л., ураўнаважваюцца пры адхіленні рухомай часткі на пэўны вугал. Л. выкарыстоўваюцца ў омметрах, фазометрах, частатамерах і інш.
Схема магнітаэлектрычнага лагометра: 1 — рухомыя шпулі; 2 — стралка, прымацаваная да рухомай часткі прылады; 3 — асяродак, які стварае неаднароднае па зазоры магнітнае поле; 4 — пастаянны магніт; M1, M2 — вярчальныя моманты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЛЯ,
багіня вясны, дзявочага хараства ў язычніцкай міфалогіі ўсх. славян. Беларусы ўяўлялі яе маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну; дзе Л. ступіць, там зелянее трава, распускаюцца кветкі. Сваіх немаўлят маці апраналі ў «лёлечкі» (расхінныя кашулі) і пускалі ступіць босымі ножкамі на першую траву, каб набрацца ад Л. моцы і прыгажосці. Напярэдадні Юр’я (23 крас.с. ст.) дзяўчаты спраўлялі ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Ляляю або Лёляю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́СТЫНГ (адангл. listing унясенне ў спіс),
працэдура допуску каштоўнай паперы да афіц. гандлю на фондавай біржы, яе ўключэння ў каціравальны ліст фондавай біржы. Ажыццяўляецца на аснове правіл, устаноўленых біржай (у некаторых краінах гэтыя правілы ўзгадняюцца з дзярж. органамі). Найб. распаўсюджанымі крытэрыямі Л. на фондавых біржах зах. краін з’яўляюцца такія паказчыкі, як прыбытак да выплаты падаткаў, кошт рэальных актываў, рыначны кошт акцый і інш. Жорсткасць крытэрыяў Л. звычайна залежыць ад вядомасці фондавай біржы (найб. жорсткія крытэрыі існуюць на Нью-Йоркскай фондавай біржы). Л. перашкаджае допуску на біржу няякасных (ненадзейных) каштоўных папер і выступае асн. элементам яе арганізаванасці.