князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княстваяго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНСБАРА ((Gainsborough) Томас) (хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),
англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж.ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў ягостараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы ККБССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (да яго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ ((Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм) (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ША,
1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст.яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл.Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ (франц. carré літар. квадрат),
1) са старажытнасці да 2-й пал. 19 ст. баявы парадак пяхоты ў выглядзе квадрата (прамавугольніка), кожны бок якога складаў разгорнуты строй або калону. Вядома ўжо ў стараж. Грэцыі і Рыме, найб. пашырана ў арміях еўрап. краін у часы панавання т.зв. лінейнай тактыкі (17—19 ст.). Магло весці наступленне, ці, спыніўшыся, імгненна перайсці да абароны і адбіваць атакі праціўніка (пераважна конніцы) адначасова з усіх бакоў. Нярэдка мела конніцу і артылерыю. Утворанае з цэлай арміі К. было маларухомым, яго прарыў вёў да поўнага разгрому войск. Рас. палкаводзец П.А.Румянцаў-Задунайскі ўпершыню ўвёў больш эфектыўныя дывізійныя і палкавыя К., а яго паслядоўнік А.В.Сувораў — батальённыя і ротныя. Перастала выкарыстоўвацца ў сувязі з масавым аснашчэннем войск скарастрэльнай наразной зброяй; у рас. арміі адменена ў 1881.
2) Форма пастраення войск па-за боем для правядзення розных мерапрыемстваў і воінскіх рытуалаў, аналагічная баявому К., пры якой складаючыя яго страі стаяць на месцы і павернуты тварам унутр квадрата (прамавугольніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕМАНСО́ ((Clemenceau) Жорж Бенжамэн) (28.9.1841, Муйрон-ан-Парэ, Францыя — 24.11.1929),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Чл.Франц. акадэміі (1918). Па адукацыі ўрач. У перыяд Другой імперыі ў рэсп. апазіцыі. У дні Парыжскай камуны 1871 як дэпутат Нац. сходу ўдзельнічаў у няўдалых перагаворах з камунарамі. У 1875 узначальваў гар. савет Парыжа. У 1876 зноў абраны дэпутатам Нац. сходу (да 1893), узначальваў яго радыкальна-рэсп. крыло. У час працэсу над капітанам А.Дрэйфусам абараняў яго. З 1902 сенатар. У 1906—09 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў (прычынай падзення яго кабінета сталі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў забастовачнага руху). У 1917—20 зноў прэм’ер-міністр і ваен. міністр. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (яе старшыня), аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919, арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі. Пасля паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 1920 адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар прац «Дэмасфен» (1925), «Бляск і ўбоства адной перамогі» (1930) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),
удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус.паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд.ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш.Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.
Тв.:
Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.
Літ.:
Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;
Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.