БО́ТКІН Сяргей Пятровіч (17.9.1832, Масква — 24.12.1889),

рускі тэрапеўт; заснавальнік фізіял. кірунку ў медыцыне і школы рус. клініцыстаў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу (1861). Упершыню ў Расіі стварыў клініка-эксперым. лабараторыю (1861), дзе даследаваў фізіял. і фармакалагічнае дзеянне лякарстваў. Распрацаваў шэраг пытанняў паталогіі ўнутр. органаў, інфекц. хвароб (у т. л. пра інфекц. прыроду т.зв. катаральнай жаўтухі — хвароба Боткіна; гл. Гепатыт інфекцыйны), дыягностыку і лячэнне блукальнай ныркі. Адзін з заснавальнікаў ваенна-палявой тэрапіі. Увёў ін-т сан. урачоў (1886), адкрыў у Пецярбургу бясплатную амбулаторыю (1861), бальніцу (1880), заснаваў Жаночыя ўрачэбныя курсы (1872).

Тв.:

Курс клиники внутренних болезней и клинические лекции. Т. 1—2. М., 1950.

С.П.Боткін.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РКАЧ (Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна), кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.

Тв.:

Описание путешествия в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВЫ (цёзкі па прозвішчы; псеўд. браты Васільевы),

рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.

Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. кінематаграфістамі).

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФУРЫ́ Мажыт (сапр. Гафураў Габдулмажыт Нурганіевіч; 1.8.1880, в. Зілім-Каранова Гафурыйскага р-на, Башкортастан — 28.10.1934),

башкірскі і татарскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1923). Упершыню выступіў у друку ў 1904 (зб. вершаў «Сібірская чыгунка»). Паэт. зб-кі «Маё маладое жыццё» (1906), «Любоў да нацыі» (1907) былі забаронены цэнзурай. Аўтар жанрава разнастайных твораў пра грамадз. вайну, станаўленне новага ладу жыцця ў краіне, лёс жанчыны (зб. вершаў «Чырвоны сцяг», 1917; паэма «Рабочы», 1921; п’еса «Чырвоная зорка», 1926; аповесці «Чарнатварыя», 1927; «Ступені жыцця», 1930; «На залатых капальнях паэта», аўтабіягр., 1931, і інш.). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Гафуры пераклалі Э.​Валасевіч, Ю.​Свірка.

Літ.:

Рамазанов Г. Мажит Гафури. М., 1980.

Р.​З.​Шакураў.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТЭНАНТ (Butenandt) Адольф Фрыдрых (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.​Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

А.Ф.Бутэнант.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),

горад на У Польшчы, на р. Кшна. Адм. ц. Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс. ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.

Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЯРО́ЗКА»,

штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.

А.​М.​Бадак.

Вокладкі часопіса «Бярозка».

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭМ, Грэхем (Graham) Томас (20.12.1805, г. Глазга, Вялікабрытанія — 11.9.1869), англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў калоіднай хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1836). Скончыў ун-т у Глазга (1826), дзе і працаваў з 1829 (з 1830 праф.). У 1837—55 у Лонданскім універсітэцкім каледжы, з 1854 дырэктар Манетнага двара. Навук. працы па даследаванні дыфузіі газаў і калоіднай хіміі. Устанавіў, што скорасць дыфузіі газу адваротна прапарцыянальная кораню квадратнаму з яго шчыльнасці (закон Грэма, 1829), а таксама наяўнасць унутр. трэння ў газах. Даказаў многаасноўнасць фосфарных кіслот (1833). Упершыню даследаваў золі (калоідныя сістэмы) і ўвёў тэрмін «калоід». Выявіў з’явы дыялізу і осмасу.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),

ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн. Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.​Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАПІЛО́Т (ад аўта... + франц. pilote кіраўнік, важак),

прыстасаванне для аўтам. кіравання палётам і стабілізацыі лятальнага апарата ў паветранай прасторы; частка аўтаматызаванай бартавой сістэмы кіравання палётам. Забяспечвае аўтам. ўзлёт і пасадку, падтрыманне зададзенага курсу, скорасці, вышыні палёту, стабілізацыю цэнтра масы лятальнага апарата па зададзенай траекторыі, выконвае закладзеныя ў праграму пілатажныя эвалюцыі. Прынцып дзеяння аўтапілота: сігналы з адчувальных элементаў (датчыкаў рэжыму палёту і выканаўчых механізмаў) параўноўваюцца ў вылічальным прыстасаванні ці ЭВМ, пасля чаго адпаведныя каманды паступаюць на выканаўчыя механізмы кіравання рулямі і рухавікамі. Аўтапілот у комплексе з аўташтурманам і інш. аэранавігацыйнымі прыладамі дае магчымасць палётаў без экіпажа і кіраванне лятальнымі апаратамі на адлегласці. Упершыню схема аўтапілота прапанавана К.​Э.​Цыялкоўскім у 1898.

т. 2, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)