РО́ДЗЕВІЧ Часлаў Іванавіч (20.3.1889, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — сак. 1942),
бел.тэатр. і грамадскі дзеяч. Брат Л.І.Родзевіча. Скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхнал. школу (1908), Новачаркаскі політэхн.ін-т. Удзельнік Першай бел.тэатр. вечарыны ў лют. 1910 у Вільні, уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу І.Буйніцкага. Адзін з заснавальнікаў Бел.т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны (1916—18) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—19 акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра, выкладчык Мінскага бел.пед. ін-та. У час польскай акупацыі 1919—20 чл. Мінскай бел. школьнай рады, заг. аддзела асветы Мінскага магістрата, старшыня Бел.тэатр. камісіі пры Часовым бел.нац. к-це. У 1920-я г. ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, займаўся навук. даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навук. сакратар с.-г. секцыі (з 1929 Бел.АН). У ліп. 1930 арыштаваны, асуджаны па справе«Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у г. Саратаў (Расія). Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар працы пра бел.нар. танцы, зб. «Песні з нотамі» (не захаваліся).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К УНУ́ТРАНАГА ЗГАРА́ННЯ,
від цеплавога рухавіка, у якім хім. энергія, выдзеленая пры згаранні паліва, пераўтвараецца ў мех. энергію або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. Падзяляюцца на поршневыя, газатурбінныя рухавікі і рэактыўныя рухавікі.
Поршневыя Р.ў.з. маюць крывашыпна-шатунны (ці ротарны; гл.Ротарная машына) і газаразмеркавальны механізмы, сістэмы сілкавання, запальвання, ахаладжэння, змазкі і рэгулявання. Бываюць 2- і 4-тактавыя (найб. пашыраны). Акрамя таго, адрозніваюць газавыя рухавікі і рухавікі вадкага паліва (лёгкага, напр., бензіну і цяжкага, напр., дызельнага), а таксама рухавікі з унутр. і знешнім сумесеўтварэннем. Да Р.у.з. адносяць карбюратарныя (гаручая сумесь утвараецца ў карбюратары), помпава-карбюратарныя (сумесь утвараецца ва ўсмоктвальным трубаправодзе, куды паліва ўпырскваецца помпай) і газазмяшальныя (сумесь газавага паліва і паветра ўтвараецца ў газазмяшальніку). Запальванне ў такіх рухавіках прымусовае ад іскры ці факела. У рухавіках з унутр. сумесеўтварэннем запальванне гаручай сумесі ажыццяўляецца ад напаленай дэталі камеры згарання (каларызатара) ці ад нагрэтага сціснутага паветра (гл.Дызель). Р.ў.з. выкарыстоўваюцца на аўтамаб., чыг. і марскім транспарце, у ваеннай справе, энергетыцы і інш.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорания: Теория поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1983.
Я.А.Старадзетка, Ч.Б.Драбышэўскі.
Схема работы двухтактнага рухавіка ўнутранага згарання: а — сцісканне гаручай сумесі ў цыліндры і запаўненне крывашыпнай камеры; б — прадуўка прадзіманне* і выпуск; 1 — цыліндр; 2 — карбюратар; 3 — упускное акно; 4 — выпускное акно; 5 — крывашыпная камера.Схема работы чатырохтактнага карбюратарнага рухавіка ўнутранага згарання: 1 — упусканне; 2 — сцісканне; 3 — рабочы ход; 4 — выпусканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́НКА Раман Карпавіч (15.10.1907, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1975),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. тэхнікум (1929), вучыўся ў Гомельскім пед. ін-це (1933—35). Працаваў у рэдакцыях газет, час. «Маладосць», у 1957—66 нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1928. Аўтар паэмы «Брагінь» (1935); зб-каў вершаў «З родных крыніц» (1950), «Мая эстафета» (1954); кніг прозы «Жменя зярнят» (1957), «Сустрэчы» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «З пройдзеных дарог» і «Паляўнічыя боты» (гумарыст. апавяданні, абедзве 1962), «Незамужняя ўдава» (1965), «Пад дажджом і сонцам» (1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973); кнігі нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975). Аповесці «Юнацтва ў дарозе» (1956—60), «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё», 1961), «Былое застаецца ў сэрцы» (1963) склалі трылогію «Іду ў жыццё» (1968). У творах паказваў людзей працавітых, адданых сваёй справе, сумленных, шчырых, выкрываў вытокі бездухоўнасці, мяшчанства. Лепшыя творы адметныя складанасцю псіхал. канфліктаў, прасякнуты высокім маральным пафасам. Іх мова сакавітая, нар., насычаная спецыфічнай дыялектнай ці прафес. лексікай.
Тв.:
Выбр. творы Т. 1—2. Мн., 1967—68;
Выбранае. Мн., 1977;
Творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Карпаў У. Раман Сабаленка // Полымя. 1963. № 7;
Александровіч С. Згадваючы далёкае і блізкае // Там жа. 1967. № 10;
Шамякіна Т. След у літаратуры // Там жа 1977. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАДА́ Янка (Іван Мікітавіч; 13.5.1879, в. Задзвея Баранавіцкага р-на Мінскай вобл. — пасля 19.11.1943),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны ін-т (1903). У 1905—06 у арміі, знаходзіўся на Маньчжурскім фронце. У 1907—11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар’інагорскім с.-г. вучылішчы. Быў чл.Бел.сацыяліст. грамады, з 1914 публікаваўся на с.-г. тэмы ў час. «Саха». У 1-ю сусв. вайну на фронце, вайск. ветэрынар. З 1917 уключыўся ў бел.нац.-вызв. рух. Старшыня прэзідыума Усебеларускага з’езда 1917, Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). У 1918 чл.ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1919—20 уваходзіў у Часовы Бел.нац.к-т, прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1921—25 навук. супрацоўнік, заг. б-кі Інбелкульта, выкладчык Мінскага бел.пед. тэхнікума, у Наркамаце земляробства БССР. Арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхн. тэхнікума (1923—24). У 1925—29 дацэнт Бел.с.-г. акадэміі ў Горы-Горках, адначасова ў 1927 навук. супрацоўнік Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З пач. 1930 жыў у Мінску. Аўтар прац па пытаннях ветэрынарыі і сельскай гаспадаркі. 4.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27.12.1941 паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́Ў Віктар Міхайлавіч (1.12.1873, г. Камышын, цяпер Валгаградскай вобл., Расія — 15.4.1952),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1892—94). З канца 1880-х г. у рэв. руху. У 1894 арыштаваны па справе«Народнага права» і сасланы ў Тамбоўскую губ. З 1899 у эміграцыі. Адзін з заснавальнікаў (1901—02) партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, чл. яе ЦК і гал. тэарэтык (спалучаў ідэі народніцкага сацыялізму і махізму). У 1-ю сусв. вайну выступаў з антываен. пазіцый, удзельнік Цымервальдскай канферэнцыі 1915 і Кінтальскай канферэнцыі 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію, у маі—вер. 1917 міністр земляробства ў Часовым урадзе. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 змагаўся супраць улады бальшавікоў. 4—11(17—24).11.1917 знаходзіўся ў Магілёве ў Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандуючага, дзе вёў перагаворы з Б.В.Савінкавым, А.Р.Гоцам, М.Дз.Аўксенцьевым і інш. аб стварэнні на чале з сабою «агульнасацыялістычнага ўрада», які б адхіліў ад улады ўрад У.І.Леніна. Зняцце ген. М.М.Духоніна з пасады вярхоўнага галоўнакамандуючага сарвала планы Ч. 18.1.1918 Ч. абраны старшынёй Устаноўчага сходу, пазней чл.Камітэта членаў Устаноўчага сходу. З 1920 зноў у эміграцыі. У 1927 стварыў «Лігу народаў новага Усходу». Лічыў, што СССР у будучым распадзецца на шэраг суверэнных дзяржаў. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення ў Францыі, потым жыў у ЗША. Аўтар мемуараў і шэрагу тэарэт. прац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ЦКІ (Czacki) Тадэвуш (28.8.1765, в. Паўлаўка Іванічаўскага р-на Валынскай вобл., Украіна — 8.2.1813),
польскі гісторык, дзеяч асветы і навукі на тэр.ВКЛ. Атрымаў дасканалую хатнюю адукацыю. Па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіва і Кароннай метрыкі. У 1786—92 чл. Кароннай скарбовай камісіі. Ініцыятар складання гідраграфічнай карты Польшчы і ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) адзін з гал. арганізатараў асветы і навукі на землях, далучаных да Рас. імперыі, адзін з заснавальнікаў Т-ва аматараў навук у Варшаве (1800). З 1805 візітатар школ Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губ., заснаваў Крамянецкі ліцэй (з Г.Калантаем), ганаровы чл. Віленскага ун-та. У 1807 і 1808 арыштаваны па падазрэннях у антыўрадавай дзейнасці. Як гісторык належаў да «школы Нарушэвіча», у гіст. навуцы эпохі Асветніцтва прадстаўляў манархічную плынь. Першы пачаў даследаваць Статут ВКЛ 1529 (адкрыў і вывучаў яго Пулаўскі спіс). Гал. крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўн. народаў і германцаў, крытыкаваў погляды, быццам права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве. Аўтар шматлікіх твораў па эканоміцы, гісторыі і праве, у т. л. «Аб дзесяцінах у свеце, а падрабязней у Польшчы і Літве» (1801), «Аб яўрэях», «Аб камісіі адукацыі ў Літве» (абодва 1807), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (нап. 1810). Ініцыятар збірання нар. песень і паданняў, у якіх бачыў крыніцу для вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,
перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс.чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен.справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРУСЕ́ВІЧ Казімір Адамавіч (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.І.Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-таЧырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел.сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.Танка, зняволенага за рэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш. З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл.Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.
Літ.:
Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;
Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬНІКАЎ Рыгор Якаўлевіч (сапр.Брыльянт Гірш Янкелевіч; 15.8.1888, г. Ромны, Украіна —21.5.1939),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат і вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскі ун-т (1914). Чл.Камуніст. партыі (1905—36, адноўлены ў 1988), яе ЦК (1917—19, 1922—30, канд. у 1930—36), Палітбюро ЦК (1917, канд. у 1924—25). З 1917 чл. Маскоўскага к-та бальшавікоў і Петраградскага Савета, пам. камісара Дзярж. банка. Як старшыня сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. У 1918—20 на ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. З 1920 старшыня Туркестанскай камісіі ВЦВК і СНК РСФСР і каманд. Туркестанскім фронтам. З 1921 у Наркамаце фінансаў. У 1922—26 нарком фінансаў РСФСР (з ліп. 1923 — СССР). Ініцыятар і актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі і правядзення грашовай рэформы 1922—24 (увядзенне «цвёрдага» чырвонца і інш.), якая стабілізавала рубель і аднавіла разбураную ў час рэвалюцыі і грамадз. вайны фін. сістэму краіны. Удзельнік міжнар.фін.-эканам. канферэнцыі ў Гаазе (Нідэрланды, 1922). З 1926 нам. старшыні Дзяржплана СССР, з 1928 старшыня Нафтасіндыката. У 1929—32 паўпрэд СССР у Вялікабрытаніі, потым нам. наркома і чл. калегіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1935—36 1-ы нам. наркома лясной прам-сці СССР. У 1936 арыштаваны, у 1937 па сфальсіфікаванай справе т.зв. «Паралельнага антысав. трацкісцкага цэнтра» асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны ў 1988.
Тв.:
Новая финансовая политика: на пути к твердой валюте. М., 1995.
Літ.:
Генис В.Л. «Упрямый нарком с Ильинки» // Открывая новые страницы... М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ АСВЕ́ТЫ (ТБА),
культурна-асветная арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1932—37. Створана ў Вільні на аснове Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый, зарэгістравана 22.12.1932. Арганізатары і кіраўнікі А.І.Луцкевіч, Р.К.Астроўскі, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, С.Кароль, Я.Бартуль, В.Манкевіч і інш. З 1933 выдавала газ. «Родны край». Мэтай ТБА з’яўлялася дзейнасць па развіцці бел. культуры, пашырэнні школьнай і пазашкольнай асветы на бел. мове, уздым маральнага ўзроўню, вывучэнне польскай культуры, культ. адметнасцей інш. народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі. Знаходзілася пад арганізац. кіраўніцтвам беларускай санацыі. З 1933 утварала гурткі, адкрыла 33 б-кі-чытальні, наладжвала лекцыі, спектаклі вандроўных т-раў, разгарнула выдавецкую дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця бел. школ, умацавання ўцалелых Віленскай і Навагрудскай бел. гімназій, выступала супраць паланізацыі, хоць не адмаўляла супрацоўніцтва з польскімі культ.-асв. арг-цыямі, асуджала паліт. рэпрэсіі ў БССР. Кіраўніцтва ТБА заклікала Таварыства беларускай школы (ТБШ) да сумесных школьных акцый. Дзейнасць ТБА жорстка крытыкавалі дзеячы КПЗБ, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Паланафільскі характар і шлях кампрамісаў не пазбавіў ТБА ад праследаванняў польскіх улад, фін. цяжкасцей. З-за паліт. меркаванняў т-ва адмовілася далучыцца да заключанага ў лют. 1936 пагаднення паміж ТБШ і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, назваўшы яго «акцыяй Камінтэрна». Забаронена польскімі ўладамі 20.8.1937.
Літ.:
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. № 2.