грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НІ ((Solomoni) Джузепе) (Іосіф),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог канца 18 — пач. 19 ст. У 1770-х г. працаваў у Вене. З 1782 у Маскве, танцоўшчык, з 1784 — пастаноўшчык балетаў у Пятроўскім т-ры М.Медокса, з 1800 — вядучы балетмайстар. Адначасова настаўнік танцаў і балетмайстар прыгонных т-раў у 1786 графа М.Шарамецева, у 1810—22 князя М.Юсупава. З 1810 выкладаў танцы ў Маск. шляхетным пансіёне, у 1822 — у Маск. ун-це. Паставіў больш за 30 балетаў. Сярод іх на рус. сцэне: «Апалон і Дафна» Ф.Філідора (1799), «Жывы мярцвяк», «Туалет Венеры» і «Гарацыі і Курыяцыі» І.Старцэра (1801—02), «Апелес і Кампаспа, ці Перамога Аляксандра над самім сабой» і «Помста за смерць Агамемнана» Ф.Аспельмайра (1803—05).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТЛАВЫ́Я ЭТАЛО́НЫ,
меры для ўзнаўлення, захоўвання і перадачы адзінак светлавых велічынь (сілы святла, асветленасці, яркасці, светлавога патоку і інш.). Забяспечваюць адзінства светлавых вымярэнняў з найвышэйшай дасягальнай дакладнасцю. Бываюць першасныя і другасныя.
Першасны С.э. адзінкі сілы святла (кандэлы) ажыццёўлены ў 1948 у выглядзе т.зв. поўнага выпрамяняльніка, які мае ўласцівасці абсалютна чорнага цела; яго яркасць 6∙105 кд/м². У 1979 прынята новае вызначэнне кандэлы, якое ўстанаўлівала яе сувязь з адзінкай магутнасці (ватам) монахраматычнага выпрамянення. Другасныя С.э. для адзінак сілы святла, асветленасці, светлавога патоку ўяўляюць сабой групы святловымяральных лямпаў напальвання рознай будовы і колеравай т-ры. Раней С.э. былі: полымя свечкі або лямпы з зададзенымі характарыстыкамі (памерам полымя, відам паліва, скорасцю згарання і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА МО́ВЫ,
1) сукупнасць элементаў кожнай натуральнай мовы (фанем, марфем, лексічных адзінак, мадэлей сказаў), што звязаны паміж сабой устойлівымі адносінамі і ўтвараюць структураванае адзінае цэлае, якое служыць падставай для пабудовы маўленчых выказванняў. С.м. ўключае: узроўні мовы, адзінкі мовы, парадыгматычныя (гл.Парадыгматыка) і сінтагматычныя (гл.Сінтагматыка) адносіны, знакавасць мовы, форму, структуру і субстанцыю, знешнія і ўнутр. сувязі ў мове, сінхранію і дыяхранію, аналіз і сінтэз і інш. С.м. складаецца з некалькіх падсістэм (фаналагічнай, лексічнай і інш.), якім уласціва розная ступень адкрытасці або закрытасці. Найб. закрытая падсістэма мовы — фаналагічная, найб. адкрытая — лексічная.
2) Сукупнасць моўных форм, што ўтвараюць пэўную грамат. катэгорыю (напр., сістэма склонаў, сістэма форм катэгорыі ладу і інш.).
Літ.:
Солнцев В.М. Язык как системно-структурное образование. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; пра партыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, І.Мележа, М.Танка, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Чыгрынава, В.Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.Лось).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГЕ́ЗІЯ (ад лац. adhaesio прыліпанне),
1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),
медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабойметал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар.інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец.муз. установах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.