МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,
хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).
Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.
Б.В.Корзун.
т. 10, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)