СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),
рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час.«Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час.«Отечественные записки». Збліжэнне з В.Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.Чарнышэўскім і М.Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар.рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны. А.Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.Дэнеры і Г.Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш.літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, А.Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.Купала, Броўка, М.Танк, Р.Барадулін, А.Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.Лужанін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;
Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;
Бел.пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд.Мн., 1952;
Сялянскія дзеці. 2 выд.Мн., 1955;
Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд.Мн., 1957;
Дзецям. Мн., 1971;
Лірыка. Мн., 1971.
Літ.:
Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.А.Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;
Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;
Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,
сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл.Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б.дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс.дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн.сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за 1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн.дзес. зямлі, з якіх ад 2/3 да 3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.
На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс.дзес.) складалі 1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля 1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс.дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.
Літ.:
Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.М., 1958;
Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ТА,
друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт.эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г.афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц.царк.«Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).
У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.
У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл.«Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл.«Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл.«Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл.«Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл.«Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс.экз.
У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл.Заходнебеларускі друк).
У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл.Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл.Друк акупацыйны ў гады Вял.Айч. вайны).
Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл.«Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн.экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),
расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.Чарот, М.Грамыка, А.Куляшоў, П.Броўка, М.Лужанін, У.Хадыка, П.Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.Міровіч і Л.Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.Панчанкі, М.Танка, К.Кірэенкі, А.Русецкага, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, П.Макаля, С.Гаўрусёва, У.Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл.драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.Дзяркач, М.Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.Лужанін, Р.Лынькоў), Т.Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.Вітка і Р.Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, В.Жуковіч, К.Крапіва, Куляшоў, Г.Пашкоў, М.Танк, У.Шахавец, А.Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—13. М., 1955—61;
Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг.М., 1978;
Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1940;
Выбр. творы. Мн., 1952;
Кім быць? Мн., 1932;
Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс.н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл.Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл.Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс.ж., у 1858 — 14 тыс.ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс.ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр.цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр.цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл.Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял.Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл.Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс.чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦККП(б)Б, СНКБССР. У 1959 — 168 тыс.ж., у 1979 — 383 тыс.ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.
Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр.з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш.прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл.Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл.Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех.з-д «Рухавік» (гл.Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал.мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл.Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн.руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл.Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл.Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл.Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл.Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл.Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІс.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.
Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн.правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав.нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн.тэхн.чыг. вучылішча (гл.Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл.Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл.Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед.ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял.Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн.Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл.Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч.г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец.навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л.мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж.ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл.Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл.буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл.драм.т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял.Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш.Літ.-маст.час.«Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял.Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.
Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.
Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ.«Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл.літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.
Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.
У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл.маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл.маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл.арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.
Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар.тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус.тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел.тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл.рус.драм.т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз.драм. калектывы, нар. т-ры.
Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л.муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж.муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец.муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж.муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел.нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел.нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел.дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш.муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз.т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Літ.:
Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл.Мн., 1985;
Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;
Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.