КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г.Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял.кн.ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж.адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ДВОР,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг.ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц.т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн.г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́ЎЛЬ,
горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас.р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс.ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).
Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял.кн.Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз.атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНА,
горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас.р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.І.Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл.цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз.атрад Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.І.Кузняцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́ЙНІКІ, валасакрылыя (Trichoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., 13—16 сям. (па інш. класіфікацыях да 30), больш за 5,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. Дарослыя жывуць на сушы каля вады, лічынкі і кукалкі — пераважна ў вадзе. Водныя лічынкі Р. — індыкатары добрай якасці вады і высокай прадукцыйнасці вадаёма. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі (Phryganea grandis), сеткаваты (Oligostomis reticulata) і інш. віды з родаў лімнафілюс (Limnophilus), маланна (Molanna), стэнафілакс (Stenophilax) і інш.; водныя лічынкі Р. наз.шыцікамі.
Даўж. да 3 см. Цела бурае ці шэрае. 2 пары перапончатых крылаў укрыты валаскамі. Дарослыя не кормяцца. Лічынкі (ротавы апарат грызучы) кормяцца рэшткамі раслін, ёсць драпежнікі; маюць 3 пары ног. У большасці відаў Р. растуць і развіваюцца ў трубках-чахольчыках («хатках») з пясчынак, ракавінак, ч. раслін, склееных павуціннем, што выдзяляецца спец. залозамі. Дыхаюць паверхняй цела і трахейнымі шчэлепамі. Рухаюцца разам з «хаткай». Кукалкі таксама рухомыя. Лічынкі і кукалкі Р. — корм для рыб.
Ручайнікі: 1 — сеткаваты; 2 — вялікі (лічынка ў «хатцы»); 3 — вялікі (дарослая асобіна); 4 (а, б, в, г) — «хаткі» лічынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),
бел.паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел.навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літ.:
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГА́ДА [франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст. стала асн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял.Айч. вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл.Партызанская брыгада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),
атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
Да арт.Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),
атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл.Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.