ДЫСПЕРГАВА́ННЕ (ад лац. dispergo рассейваю, рассыпаю),

тонкае здрабненне цвёрдых цел або вадкасцей, у выніку якога ўтвараюцца дысперсныя сістэмы (парашкі, суспензіі, эмульсіі, аэразолі). Д. вадкасці ў газавым асяроддзі (паветры) звычайна называецца распыленнем, у іншай вадкасці (якая не змешваецца з першай) — эмульгаваннем.

Д. цвёрдых цел робяць з дапамогай млыноў тонкага здрабнення (шаравых, вібрацыйных, калоідных, струменных і інш.), гукавых і ультрагукавых ваганняў; пры Д. вадкасцей выкарыстоўваюць таксама турбулентнае (віхравое) перамешванне, розныя гомагенізатары. Д. больш эфектыўнае ў прысутнасці паверхнева-актыўных рэчываў — дыспергатараў і эмульгатараў Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэментаў, напаўняльнікаў, фарбавальнікаў, пігментаў, харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, пры спальванні вадкага і цвёрдага паліва і інш.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБАРЭ́НДА (ад суб... + арэнда),

перадача арандатарам са згоды арэндадаўцы арандаванай маёмасці ў паднаём іншай асобе Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор С. не можа быць заключаны на тэрмін, які перавышае тэрмін дагавору арэнды. Адказным па дагаворы С. перад арэндадаўцам застаецца арандатар. Да дагавораў С. дастасоўваюцца правілы аб дагаворы арэнды, калі іншае не прадугледжана законам. Датэрміновае спыненне дагавора арэнды цягне за сабой і спыненне заключанага ў адпаведнасці з ім дагавора С. Субарандатар у гэтым выпадку мае права на заключэнне з арандатарам дагавора арэнды на маёмасць, якая знаходзілася ў яго карыстанні ў адпаведнасці з дагаворам С., у межах астатняга тэрміну С. на ўмовах, адпаведных умовам спыненага дагавора арэнды.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),

адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.​Мак-Лафліна, Дж.​Дзюка, Ж.​Л.​Панці, Ч.​Корыя, Х.​Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.​Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш.).

Дз.​А.​Падбярззскі.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),

1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна з логасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.

2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.

3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНАЙ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦІ ТЭО́РЫІ,

вызначэнне спосабаў і магчымасцей узаемадзеянняў клетак паміж сабой і з вонкавым асяроддзем. Існуюць 2 асн. К.п.т.: мембранная і фазавая. Мембранная тлумачыць пранікненне рэчываў праз клетачную мембрану на аснове эл.-хім. градыента рэчываў, якія ўтвараюць або не ўтвараюць злучэнні з пэўнымі рэчывамі (пераносчыкамі) самой мембраны. Недахоп гэтай тэорыі ў тым, што яна грунтуецца толькі на фіз.-хім. тлумачэнні працэсаў. Фазавая (сарбцыённая) тэорыя разглядае пранікальнасць клетачных мембран на аснове растваральнасці рэчываў у цытаплазме (іншай, чым у вадзе); такая ўласцівасць вызначаецца каацэрватнай сістэмай цытаплазмы. Важнай акалічнасцю з’яўляецца і магчымасць цытаплазмы хімічна звязваць і адсарбіраваць розныя рэчывы. Гэта тэорыя ўлічвае ўласцівасці ўсяго змесціва клеткі, але ігнаруе ўласцівасці мембраны. Вырашэнне праблемы верагодна ў збліжэнні абедзвюх тэорый. Клетачная пранікальнасць вызначае з’явы пінацытозу і фагацытозу.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЬСКІЯ ПАСЕ́ЛІШЧЫ,

населеныя пункты (вёскі, пасёлкі і інш.) па-за гарадскімі тэрыторыямі. Паводле колькасці жыхароў С.п. ўмоўна падзяляюцца на малыя (да 100), сярэднія (100—500) і буйныя (больш за 500 чал.). Найб. пашыраны с.-г. паселішчы, дзе жыхары заняты ў сельскай гаспадарцы; існуюць С.п. з іншай занятасцю (абслугоўванне чыг. станцый, лячэбных і сан.-курортных устаноў, у лясной гаспадарцы і інш.) і змешаныя. На Беларусі паводле перапісу насельніцтва 1999 існуе 23 459 С.п. (3084 тыс. чал.), у т. л. малых вёсак — 16 774, сярэдніх — 5311, буйных — 1374. Дробныя С.п. найб. пашыраны на ПнЗ, буйнанаселеныя на Пд, у палескай зоне. Гл. таксама Сельскае насельніцтва.

Дз.​М.​Кудзелка.

Да арт. Сельскія паселішчы. Вёска Гуменаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобл.

т. 14, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,

ужыванне адной моўнай адзінкі ў функцыі іншай. Віды Т. вылучаюцца ў залежнасці ад таго, якія формы транспануюцца: марфалагічная Т. («Іду я ўчора дадому...» замест «Ішоў я ўчора дадому...» — катэгарыяльная Т. часу дзеяслова); сінтаксічную Т. («Ён не мог гэтага зрабіць. Сумленне не дазваляла.» — «Ён не мог гэтага зрабіць, бо сумленне не дазваляла.» — Т. незалежнага сказа ў сказ залежны); лексіка-семантычная Т. («Зелянее ліпа.» — «Усе гэтыя паперы — ліпа.»); словаўтваральная Т. («стары дзед» — «стары», субстантывацыя; «адзін, два, тры...» — «Адзін мядзведзь ішоў па лесе...» пранаміналізацыя; «Дастаткова аднаго разу, каб...» — «Аднаго разу ён вяртаўся дадому», адвербіялізацыя; «пабіты гаспадаром сабака» — «пабіты выгляд», ад’ектывацыя) і інш. Т. пашырае намінатыўныя магчымасці мовы, узбагачае спалучальныя здольнасці моўных адзінак, служыць сродкам утварэння функцыянальных сінонімаў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДВО́Р’Е,

стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,

лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.

Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,

сістэма адліку, у якой выконваецца інерцыі закон Кожная сістэма адліку (СА), якая рухаецца адносна І.с.а. раўнамерна і прамалінейна, таксама з’яўляецца І.с.а. Усе І.с.а. раўнапраўныя, г.зн. ва ўсіх такіх СА законы фізікі аднолькавыя (гл. Адноснасці прынцып). Пры пераходзе ад адной І.с.а. да іншай у класічнай механіцы выконваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай механіцы — Лорэнца пераўтварэнні. СА, якія рухаюцца адносна І.с.а. з паскарэннем, з’яўляюцца неінерцыяльнымі сістэмамі адліку.

Усе рэальныя СА могуць разглядацца як І.с.а. толькі з пэўнай ступенню набліжэння, таму што целы адліку, з якімі яны звязваюцца, рухаюцца з тым ці іншым паскарэннем. Напр., геліяцэнтрычную СА, звязаную з цэнтрам мас Сонца і восямі, накіраванымі на аддаленыя зоркі, з вялікай ступенню дакладнасці можна лічыць І.с.а. Такая СА выкарыстоўваецца гал. ч. у задачах нябеснай механікі і касманаўтыкі Для рашэння большасці тэхн. задач І.с.а. можна лічыць СА, звязаныя з Зямлёй або яе цэнтрам мас.

А.​І.​Болсун.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)