ДЫСПЕРГАВА́ННЕ (ад лац. dispergo рассейваю, рассыпаю),

тонкае здрабненне цвёрдых цел або вадкасцей, у выніку якога ўтвараюцца дысперсныя сістэмы (парашкі, суспензіі, эмульсіі, аэразолі). Д. вадкасці ў газавым асяроддзі (паветры) звычайна называецца распыленнем, у іншай вадкасці (якая не змешваецца з першай) — эмульгаваннем.

Д. цвёрдых цел робяць з дапамогай млыноў тонкага здрабнення (шаравых, вібрацыйных, калоідных, струменных і інш.), гукавых і ультрагукавых ваганняў; пры Д. вадкасцей выкарыстоўваюць таксама турбулентнае (віхравое) перамешванне, розныя гомагенізатары. Д. больш эфектыўнае ў прысутнасці паверхнева-актыўных рэчываў — дыспергатараў і эмульгатараў Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэментаў, напаўняльнікаў, фарбавальнікаў, пігментаў, харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, пры спальванні вадкага і цвёрдага паліва і інш.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)