НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл. Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.

Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л. геам. (гл. Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл. Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)