ЧАЦВЕРЫКО́Ў Сяргей Сяргеевіч (65.1880, Масква — 2.7.1959),
расійскі вучоны ў галіне генетыкі; адзін з заснавальнікаў папуляцыйнай генетыкі. Праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1906), з 1917 у ім працаваў, адначасова (1921—29) — у Ін-це эксперым. біялогіі (заг. аддзела). У 1935—48 у Горкаўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі эвалюцыі, зоагеаграфіі і энтамалогіі. Заклаў фундамент папуляцыйнай генетыкі, сфармуляваў яе асн. палажэнні (1926).
Тв.:
О некоторых моментах эволюционного процесса с точки зрения современной генетики // Классики советской генетики. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК ТЭКТАНІ́ЧНЫ,
участак зямной кары, абмежаваны разломамі. Памеры ад соцень квадратных метраў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Форма ад трохвугольнай і паліганальнай да выцягнутай (гл.Ступень тэктанічная). Невял. блокі тэктанічныя вылучаюць у рудных і шахтавых палях, на нафтагазаносных плошчах, пры інжынерна-геал. раянаванні. Буйныя блокі (літасферныя пліты або геаблокі) — у крышталічным фундаменце платформаў і складкавых абласцях. Блокі тэктанічныя перамяшчаюцца адзін адносна аднаго ў верт. і гарыз. напрамках. Стыкі паміж блокамі часта ўтвараюць шыўную зону. На Беларусі найб. выразную блокавую будову мае фундаментПрыпяцкага прагіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НА-ПАДО́ЛЬСКАЯ ПЛІТА́,
паўднёва-заходняя частка Усх.-Еўрап. платформы паміж Украінскім шчытом і Усх. Карпатамі. Складкавыя геасінклінальныя структуры Усх. Карпат аддзелены ад Валына-Падольскай пліты Тэйсейра-Торнквіста лініяй (на гэтым участку — Рава-Рускім глыбінным разломам). Крышталічны фундамент пліты складзены з архейска-сярэднепратэразойскіх метамарфічных парод, мае разломна-блочную будову, апускаецца на ПдЗ да 6—8 км, перакрыты верхнепратэразойска-кайназойскімі адкладамі. Платформавая структура пліты ўтварылася ў выніку фарміравання прагінаў рознага ўзросту і распасцірання, накладзеных адзін на адзін. Асн. карысныя выкапні: нафта, каменны вугаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),
орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец. клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШГАРАД,
горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс.ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.
Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ.цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр. Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр. Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр. Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКА-ЛО́ЕЎСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,
тэктанічная структура Прыпяцка-Данецкага аўлакагена. Падзяляе Прыпяцкі і Дняпроўска-Данецкі прагіны, прыўзнята адносна іх на 1,5 і 0,5 км адпаведна, абмежавана разломамі на З, Пн і У. Уключае Брагінскі пахаваны выступ (заходзіць з Пд ад Украінскага шчыта і цягнецца на Пн—ПнЗ, шыр. каля 40 км, даўж. 50 км, паверхня крышт. фундамента на адзнаках ад -0,3 км да -1,5 км) і Лоеўскую седлавіну (на Пн ад выступу, шыр. 30—40 км, даўж. 60 км, фундамент на адзнаках ад -2 км да -4,5 км). Большая частка платформавага чахла седлавіны складзена з парод дэвону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт.фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКЛІ́Д (Eukleides; 3 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаскі матэматык. Працаваў у Александрыі. Навук. даследаванні па матэматыцы, астраноміі, оптыцы, тэорыі музыкі. Гал. праца — «Асновы» (у латынізаванай форме — «Элементы») складалася з 15 кніг і ўключала элементарную геаметрыю (гл.Эўклідава геаметрыя, Эўклідава прастора), тэорыю лікаў, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, элементы тэорыі лімітаў і інш. У ёй падведзены вынікі развіцця антычнай матэматыкі і закладзены фундамент для далейшых матэм. даследаванняў.
Тв.:
Рус.пер. — Начала Евклида. Кн. 1—15. М.; Л., 1948—50.
Літ.:
Ван дер Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Математика Древнего Египта, Вавилона и Греции: Пер. с гол. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕССВЯДО́МАЕ,
сукупнасць псіхічных працэсаў, якія абумоўлены не ўсвядомленымі суб’ектам з’явамі рэчаіснасці. У шэрагу філас. і псіхал. тэорый — гэта вобласць псіхікі, што засяродзіла ў сабе вечныя схільнасці, матывы, імкненні, сэнс якіх вызначаецца інстынктамі і недаступны свядомасці. Паводле гэтай канцэпцыі, псіхіка ствараецца з 3 пластоў: бессвядомага, падсвядомага і свядомасці. Бессвядомае — глыбінны фундамент псіхікі, які вызначае ўсё свядомае жыццё чалавека і нават лёс асоб і цэлых народаў; падсвядомае — гранічная вобласць паміж свядомасцю і бессвядомым; свядомасць — павярхоўнае праяўленне псіхікі на стыку з навакольным светам і найперш залежыць ад бессвядомых сіл. Бессвядомае як таямнічая прычына ўсіх свядомых сіл прысутнічае ў канцэпцыях З.Фрэйда (гл.Фрэйдызм), І.Ф.Гербарта, А.Шапенгаўэра і інш.