Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́МЕНТу геалогіі,
ніжні структурны ярус платформы. Складзены з метамарфізаваных, гранітызаваных, змятых у складкі і разбітых разломамі парод, пранізаных інтрузіямі. Утвараецца на даплатформавай стадыі развіцця зямной кары. Ф. стараж. платформ (кратонаў) мае дакембрыйскі (пераважна раннедакембрыйскі, больш за 1,6 млрд. гадоў) узрост; для яго характэрны гранулітавая і амфібалітавая фацыі рэгіянальнага метамарфізму і моцная гранітызацыя парод (Ф. крышталічны). Ф. маладых платформ мае познадакембрыйскі або фанеразойскі ўзрост, складзены са слаба метамарфізаваных, інтэнсіўна дыслацыраваных парод (складкавая аснова). З крышт. Ф. звязаны асн. радовішчы рудных і нярудных карысных выкапняў. На Беларусі крышт. Ф. складзены з парод шчучынскай серыі і рудзьмянскай тоўшчы архею, аколаўскай і жыткавіцкай серый ранняга пратэразою, агаляецца на невял. плошчы на Пд, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на (паўн. ўскраіна Украінскага шчыта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДА́МЕНТ (ад лац. fundamentum аснова),
ніжняя частка будынкаў ці збудаванняў, якая перадае нагрузку грунтам. Глыбіня Ф. залежыць ад інж.-геал. і гідралагічных умоў, канструкцыйных асаблівасцей будынкаў і збудаванняў, глыбінь прамярзання пучыністых грунтоў, размыву (для гідратэхн. збудаванняў). Ф. робяць з жалезабетону, бетону, бута-бетону, каменю, бутавага каменю, цэглы-жалезняку і дрэва.
Ф. падзяляюцца на масіўна-суцэльныя пад усім збудаваннем; стужачныя пад суцэльныя сцены; адзіночныя (слупавыя) пад калоны; каробчатыя — пад вышынныя дамы; рамныя для апор прамысл. установак; Ф. складкавага тыпу ці з абалонак у выглядзе цел вярчэння пад асобныя апоры, калоны і высокія збудаванні; Ф. — блокі маставых апор, плацін, доменных і коксавых печаў, веж, помнікаў, станкоў і інш.; палевыя. Паводле спосабу вырабу Ф. бываюць зборныя з гатовых блокаў, маналітныя і зборна-маналітныя. Да Ф. глыбокага залажэння звычайна адносяцца канструкцыі, якія апускаюцца па меры вымання грунту з-пад ніжніх частак. Да іх належаць апускныя калодзежы, кесоны і цыліндрычныя абалонкі. Утвораныя поласці запаўняюцца бетонам, муроўкай, жвірам і пяском ці выкарыстоўваюцца для розных падземных збудаванняў. Палевыя Ф. робяцца з забіўных ці набіўных паляў. Забіўныя палі робяць на заводах ці палітонах і потым апускаюць у грунт адным са спосабаў: забіўкай, вібрацыяй, падмывам, закручваннем, зацісканнем ці камбінацыяй іх. Набіўныя палі ствараюцца непасрэдна ў грунце на месцы праектнага становішча: утвараюць шчыліны ў грунце і запаўняюць бетонам.
Ю.А.Сабалеўскі, Дз.Ю.Сабалеўскі.
Фундаменты: а — стужачны зборны; б — перакрыжаваны; в — зборны; г — слупкаваты: 1 — слуп з бетонных блокаў; 2 — жалезабетонная фундаментальная бэлька; 3 — кладка сцяны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ПЕЛЬ (ад галанд. stapel),
адкрытая, нахіленая да вады пляцоўка для будаўніцтва (рамонту) і спуску на ваду суднаў. Уваходзіць у склад верфі. Мае бетонны фундамент з высокімі апорамі (кільблокамі) для судна, а таксама грузападымальнае і інш. абсталяванне. Адносна размяшчэння ад берагавой лініі бываюць падоўжныя і папярочныя. Са С. судна спускаюць на ваду з дапамогай спец. прыстасаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІЧНАЯ БУДОВА І ГІСТОРЫЯ ГЕАЛАГІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ
Тэрыторыя Беларусі размешчана на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы, у будове якой вылучаюць 2 асн. ярусы — крышталічны фундамент і платформавы чахол. Крышталічны фундамент складзены пераважна з метамарфічных і магматычных парод архейска-раннепратэразойскага ўзросту. Глыбіня яго залягання ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км, а на поўдні краіны ў межах Украінскага шчыта пароды фундаменту выходзяць на паверхню. Платформавы чахол складзены з асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод верхняга пратэразою (рыфею, венду) і ўсіх перыядаў фанеразою: кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і чацвярцічнага (антрапагену).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВА ЗБУДАВА́ННЯ,
масіў грунту, які праз фундамент успрымае нагрузку ад збудавання. Бывае натуральная (выкарыстоўваецца грунт без змянення прыродных уласцівасцяў) і штучная (грунт замацоўваецца, ушчыльняецца, змяняецца). Аснова збудавання павінна забяспечваць агульную ўстойлівасць да геал. працэсаў і сейсмічных уздзеянняў (адсутнасць апоўзняў, зрушэнняў, выветранасці грунтоў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-КАРЭ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння р. Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі п-вы і акваторыю Жоўтага м. Уключае на З Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўн.-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўн.-Кіт. пліту, на У — Сіна-Карэйскі шчыт і Усх.-Кіт. перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышт.фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага п-воў і на З ад Пекіна (прав. Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе. Радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім п-ве, сурмы і медзі на Ляадунскім п-ве.
старажытная платформа (кратон) у Паўн. Амерыцы. Першапачаткова (да кайназою) уключала і в-аў Грэнландыя. Платформу акаймоўваюць складкавыя збудаванні каледанід Усх. і Паўн. Грэнландыі, Ньюфаўндленда і Паўн. Апалачаў, герцынід Канадскага Арктычнага архіпелага і Паўд. Апалачаў, мезазойска-кайназойскага пояса Кардыльер. Б.ч. плошчы П.-А.П. займае Канадскі шчыт. Фундамент шчыта (за выключэннем Грэнвілскага пояса) утвораны пародамі дакембрыю. кансалідаваны ў гудзонскую тэктона-магматычную эпоху (1700 млн.г. назад). Фарміраванне фундамента ўсёй платформы завяршылася ў познім кембрыі. На ПнУ і ў межах Канадскага шчыта фундамент выходзіць на паверхню, на астатняй ч. ўкрыты асадкавым чахлом пліт, які пераважна складзены з палеазойскіх адкладаў (пліта Мідкантынента і інш.).
У мезазоі апускалася толькі пліта Вялікіх раўнін, дзе намнажаліся прыбярэжна-марскія і кантынентальныя асадкі. У пач. кайназою на платформе ўсталяваўся кантынентальны рэжым. Будова пліт ускладнена сінеклізамі і антэклізамі. З сінеклізамі звязаны багатыя радовішчы солей, вугалю, нафты і газу. Дакембрый Канадскага шчыта ўключае буйныя радовішчы жалезных, сульфідных, медных, нікелевых, уранавых руд, золата і каляровых металаў.