НЕАБІХЕВІЯРЫ́ЗМ (ад неа... + біхевіярызм),

адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.​Хал, Э.​Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.​Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах да яго падмацаванне; роля ўнутр. матывацый прымяншаецца.

Літ.:

Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;

Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНУШЭ́ННЕ, сугестыя (лац. suggestio),

1) працэс уздзеяння на псіхічную сферу чалавека. Праяўляецца ў некрытычным засваенні аб’ектам У. (сугерэндам) унушальнага зместу з боку індывіда ці групы (сугестара). Характарызуецца зніжэннем свядомасці сугерэнда пры ўспрыманні пэўнай інфармацыі, адсутнасцю яе разумення, лагічнага аналізу і ацэнкі ў суадносінах з вопытам. Зместу свядомасці, атрыманаму шляхам У., уласцівы назойлівы характар; ён не паддаецца асэнсаванню, карэкцыі і ўяўляе сабой сукупнасць выкліканых установак. У. ажыццяўляецца ў выглядзе гетэрасугестыі (уздзеяння з боку) і аўтасугестыі (самаўнушэння). Сугерэндам бывае асобны чалавек ці група, сац. слой (феномен масавага У.). У. дасягаецца вербальнымі (словы, інтанацыі) і невербальнымі (міміка, жэсты, пэўныя дзеянні і інш.) сродкамі. Паводле метадаў рэалізацыі вылучаюць прамое наўмыснае (характарызуецца выкарыстаннем спец. слоўных формул, якія ўкараняюцца ў псіхічную сферу сугерэнда і становяцца актыўнымі элементамі яго свядомасці і паводзін), ускоснае наўмыснае і ненаўмыснае У. (характарызуецца схаваным характарам унушальнай інфармацыі і неўсвядомленасцю яе засваення). Адрозніваюць таксама У. ў стане гіпнозу, няспання, натуральнага сну, постгіпнатычнае. Выкарыстоўваюць у медыцыне для карэкцыі псіхічнага і саматычнага стану хворага, у педагогіцы ў працэсе навучання (сугестапедыя), эксперым. псіхалогіі і інш. 2) У псіхатэрапіі — мэтанакіраванае псіхічнае ўздзеянне ўрача на хворага з лячэбнымі мэтамі. Шляхам У. выклікаюцца пэўныя адчуванні, уяўленні, эмацыянальныя станы, аказваецца ўздзеянне на вегетатыўныя функцыі без актыўнага ўдзелу хворага. Адрозніваюць У. вербальнае (славеснае), гіпнатычнае (гл. Гіпноз), зрокавае, ускоснае, постгіпнатычнае. Пры У. ў кары галаўнога мозга хворага развіваецца частковае тармажэнне, але застаюцца актыўнымі асобныя вобласці, праз якія ажыццяўляецца У. хвораму. Выкарыстоўваецца пры лячэнні неўрозаў, алкагалізму, наркаманіі і інш. Аб’ектам У. можа быць як асобны чалавек, так і групы, сац. слаі (масавыя У.).

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),

французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл. Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр. Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.

Тв.:

Рус. пер. — Феномен человека. М., 1987;

Божественная среда. М., 1992.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ (Foucault) Мішэль Поль (15.10.1926, г. Пуацье, Францыя — 25.6.1984),

французскі філосаф і культуролаг, прадстаўнік постструктуралізму. Д-р філасофіі (1961). Выкладаў ва ун-тах Клермон-Ферана, Ліля, Упсалы, Варшавы, Гамбурга, Венсена і інш., з 1970 — у Калеж дэ Франс. Аснову яго філасофіі складае пераасэнсаванне ўзаемаадносін унутры сістэмы «суб’ект — пазнанне — свет». Імкнуўся да пераадолення антрапалагічнай накіраванасці філасофіі. Сцвярджаў, што асн. характарыстыкі суб’екта (рацыянальнасць, сексуальнасць) і феномен суб’ектыўнасці ўвогуле — не вечныя і аб’ектыўныя, а гістарычна абумоўленыя, сацыяльна зададзеныя катэгорыі. Даследаваў інстытуты і механізмы іх распаўсюджвання і замацавання (царква, медыцына, права, мастацтва, сям’я і інш.). У процівагу традыц. гісторыі з яе кумулятыўнасцю і эвалюцыянізмам распрацаваў «археалагічны» метад (рэканструкцыя агульнага поля ведаў пэўнай гіст. эпохі і даследаванне ўмоў магчымасці іх узнікнення), заснаваны на ідэі перарыўнасці гіст. працэсу. У працы «Словы і рэчы» (1966) вылучаў 2 «разрывы» ў гісторыі еўрап. культуры і адпаведна 3 эпістэмы: рэнесансавую, класічную (з сярэдзіны 17 ст.) і сучасную (з пач. 19 ст.). Распрацаваў канцэпцыю ўладных адносін («генеалогію ўлады»), заснаваную на даследаванні ўзаемасувязі ўлады і ведаў, аналізаваў латэнтныя механізмы і інструменты, з дапамогай якіх улада, фарміруючы свядомасць індывіда, ажыццяўляе маніпуліраванне і дыктат над ім.

Тв.:

Бел. пер. — Чым ёсць аўтар // Фрагменты. 1997. № 1/2. Рус. пер. — Слова и вещи: Археология гуманит. наук. СПб., 1994;

Археология знания. Киев, 1996;

Воля к истине: По ту сторону знания, власти и сексуальности. М., 1996;

История безумия в классическую эпоху. СПб., 1997;

Рождение клиники. М., 1998;

История сексуальности — III: Забота о себе. Киев, 1998.

Літ.:

Делез Ж. Фуко: Пер. с фр. М., 1998;

Розин В.М. Опыт гуманитарного изучения творчества: (Эволюция взглядов М.​Фуко) // Обществ. науки и современность. 2000. №3;

Ашкеров А.Ю. Политика и человеческое бытие в работах Мишеля Фуко // Человек. 2002. № 1.

Л.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ФО́РМЫ, цыклы,

музычныя формы, якія складаюцца з некалькіх частак, завершаных паводле будовы і звязаных у цэлае адзінай маст. задумай. Паводле выканальніцкага складу і жанравых асаблівасцей бываюць інстр., вак. (вак.-інстр.) і сцэнічныя. Інструментальныя (сюітныя, санатна-сімф.) вядомы з эпохі Адраджэння, сфарміраваліся ў 17—18 ст. Сюітныя складаюцца з танц. п’ес, якія дапаўняюць адна адну па тэмпавым і жанравым кантрасце і аб’яднаны адной танальнасцю, маюць неабмежаваную колькасць частак (І.​С.​Бах, Венская класічная школа). У 19 ст. яны ператварыліся ў цыклы інстр. мініяцюр. Санатна-сімф. маюць складаны змест, 2—5 частак кантрастных тэмпа-жанравых суадносін з устойлівымі функцыямі і формамі (сімфонія, саната, квартэт, канцэрт), для іх характэрна тэматычнае адзінства частак і абагульненне папярэдняга развіцця ў фінале. У 19 ст. з’явіліся праграмныя санатна-сімф. Ц.ф., сімфоніі з нетрадыц. колькасцю частак. Свабодныя, змешаныя, кантрастна-складаныя формы могуць утвараць т.зв. самкнутыя цыклы. Вакальныя (кантатна-аратарыяльныя і камерна-вак.) — месы, пасіёны, кантаты, араторыі. У пач. 19 ст. ўзніклі камерныя вак. цыклы — рамансы, песні для голасу з суправаджэннем (Л. ван Бетховен, І.​Брамс, Ф.​Ліст, П.​Чайкоўскі, Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Дз.​Шастаковіч, Л.​Абеліёвіч, А.​Багатыроў, Э.​Тырманд). Сцэнічныя (опера, балет, музыка да драм. спектакляў) засн. на заканамернасцях муз. формаўтварэння і прынцыпах драм. дзеяння. Паводле структурна-кампазіцыйных асаблівасцей опера і балет могуць быць аднесены да суперцыклаў: дзеянне ў іх арганізавана як самаст. комплекс складаных муз. форм.

Літ.:

Мазель Л. Строение музыкальных произведений. М., 1960;

Асафьев Б. Музыкальная форма как процесс. 2 изд. М., 1971;

Протопопов В. Принципы музыкальной формы И.​С.​Баха. М., 1981;

Ручьевская Е.А., Кузьмина Н.И. Цикл как жанр и форма // Форма и стиль. Л., 1990. Ч. 2;

Дулова Е. Балетный жанр как музыкальный феномен: (Рус. традиция конца XVIII — нач. XX в.). Мн., 1999;

гл. таксама да арт. Форма музычная.

К.​М.​Дулава.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.​П.​Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТАЛІТАРЫ́ЗМ (франц. totalitarisme ад лац. totus увесь, цэлы),

1) сацыяльна-паліт. сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго паліт., эканам., сац. і духоўнага жыцця ўладзе пануючай эліты. Асн. рысы Т.: манапалізацыя ўлады пэўнай паліт. партыяй і абсалютная ўлада яе правадыра; усёахопны паліт. кантроль дзяржавы над усімі сферамі грамадскага жыцця; апора паліт. рэжыму на дэкласаваныя, люмпенізаваныя пласты і групы насельніцтва; буйнамаштабнае выкарыстанне метадаў насілля і тэрору як сродкаў захавання і ўмацавання таталітарнага рэжыму; мілітарызацыя эканомікі і ўсіх сфер грамадскага жыцця; адхіленне большасці насельніцтва ад удзелу ў фарміраванні і дзейнасці дзярж. і паліт. органаў; забарона дзейнасці дэмакратычна арыентаваных арг-цый і падаўленне апазіцыі; панаванне агульнай для ўсіх ідэалогіі, якая, як правіла, мае утапічны характар і абгрунтоўвае неабходнасць таталітарнага рэжыму, які нібыта служыць сродкам перабудовы грамадства з мэтамі дасягнення «новага парадку», «усеагульнага дабра», «светлай будучыні» і да т.п.

2) Канцэпцыя, якая абгрунтоўвае сутнасць таталітарнай дзяржавы і адпаведнага паліт. рэжыму. Вытокі канцэпцыі Т. ў вучэнні пра татальнасць (гл. Цэласнасць), якое распрацоўвала ням. філасофія 19 ст. Паліт. накіраванасць тэрміну «Т.» надалі ў 1920-я г. крытыкі фашысцкага рэжыму ў Італіі Дж.​Амендала і П.​Габеці. Тэарэтыкі фашызму Дж.​Джэнтыле і А.​Роска (Італія), Э.​Юнгер і К.​Шміт (Германія) і інш. выкарыстоўвалі канцэпцыю Т. для абгрунтавання неабходнасці фаш. таталітарнага рэжыму, ідэй «татальнай дыктатуры», «татальнай дзяржавы», «татальнай волі да ўлады», «татальнай мабілізацыі». У 1930—40-я г. прадстаўнікі франкфурцкай школы распрацоўвалі аналітыка-крытычную трактоўку Т. як сац. механізму захавання ўлады ў руках правадыра, татальнага панавання ваенна-паліт. рэжыму, падаўлення апазіцыі, масавага тэрору і поўнай бяспраўнасці чалавека (Т.​Адорна, Г.​Маркузе, Э.​Фром і інш.). У 1950—80-я г. аналітычная канцэпцыя Т. выкарыстоўвалася для крытыкі камуніст. сац.-паліт. сістэмы (Г.​Арэнт, З.​Бжазінскі, М.​Джылас і інш.). Гл. таксама Аўтарытарызм, Культ асобы.

Літ.:

Арон Р. Демократия и тоталитаризм: Пер. с фр. М., 1993;

Арендт Х. Истоки тоталитаризма: Пер. с англ. М., 1996;

Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996;

Иванов Ю.М. Очерки теории и практики тоталитарного социализма. М., 1997;

Соловьев Э.Г. Феномен тоталитаризма в политической мысли России и Запада. М., 1997.

Я.​М.​Бабжаў.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАМЕНАЛО́ГІЯ (ад феномен + ...логія),

у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне пра з’явы свядомасці; у вузкім — кірунак у філасофіі 20—пач. 21 ст., прадстаўнікі якога імкнуцца Вызваліць філас. свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філас. аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.

У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак: як навука пра прадметы вопыту (І.​Кант, І.​Г.​Ламберт), вучэнне пра канкрэтныя выяўленні абсалютнага духу, якія ў гіст. развіцці паслядоўна змяняюць адно аднаго (Г.​Гегель). У 19 ст. пад Ф. таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстр. філосафы і псіхолагі Ф.​Брэнтана, К.​Штумпф, А.​Мейнанг распрацавалі метадалагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў. Узнікненне Ф. як самаст. ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э.Гусерля, які прапанаваў разглядаць Ф. як метад даследавання «чыстай» свядомасці і іманентных, апрыёрных структур чалавечага існавання.

Гал. ўвага ў Ф. звяртаецца на пазавопытныя, пазагіст. структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхал. перажываннях. Ф. дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб’ектаў і інш. форм пазнання. Ф. выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай ці сац. сферы, а суб’ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сац. і псіхафізіял. істоту. У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг структурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў; прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з Ф., прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб’ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхал. свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс. Ф. значна паўплывала на гуманіт. думку 20 ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер), увайшлі ў склад філас. герменеўтыкі (Г.​Г.​Гадамер) і аксіялогіі (М.​Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р.​Інгардэн), правазнаўстве (Х.​Конрад-Марціус), сацыялогіі (М.​Натансон, А.​Шуц, А.​Фіркант) і інш.

Літ.:

Мотрошилова Н.В. Принципы и противоречия феноменологической философии. М., 1968;

Гуссерль Э. Философия как строгая наука: Пер. с нем. Новочеркасск, 1994;

Антология феноменологической философии в России. Т. 1—2. М., 1998—2000;

Хайдеггер М. Основные проблемы феноменологии: Пер. с нем. СПб., 2001;

Сартр Ж.П. Бытие и ничто: Пер. с фр. М., 2002.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФСКАЯ АНТРАПАЛО́ГІЯ,

у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне аб прыродзе і сутнасці чалавека; у вузкім сэнсе — кірунак у зах.еўрап. філасофіі 20 ст., прадстаўнікі якога імкнуліся ажыццявіць паварот філасофіі да антрапалагічнай тэматыкі і сфарміраваць новую навуку пра чалавека. Асн. палажэнні і прынцыпы Ф.а. сфармуляваны ў працах ням. філосафаў М.​Шэлера «Становішча чалавека ў космасе» і Г.​Плеснера «Ступені арганічнага і чалавек» (абедзве 1928). Яны зыходзілі з прынцыповай процілегласці «жывёлы наогул» і чалавека, разглядалі чалавека як свабодную істоту, здольную вызваліцца ад біял. патрэбнасцей, як носьбіта культуры і як арганізм у шэрагу інш. арганізмаў. У трактоўку чалавечага быцця прадстаўнікі Ф.а. паклалі розныя «базісныя структуры»: псіхал. (Шэлер), біял. (А.​Гелен), «эксцэнтрычнай пазіцыянальнасці» (Плеснер), культ.антрапал. (Э.​Ротгакер) і інш. Пад уплывам Ф.а. ўзніклі рэліг. (Г.​Э.​Генгстэнберг) і пед. (О.​Ф.​Больнаў) антрапалогіі; шэраг ідэй Ф.а. развіваліся ў экзістэнцыялізме, прагматызме і структуралізме.

Асновы бел. Ф.а. закладзены ў 1930-я г. (С.​Я.​Вальфсон, С.​З.​Кацэнбоген, М.​М.​Нікольскі і інш.). У 1960—80-я г. праблематыка Ф.а. значна пашырылася, сфарміраваліся логіка-метадалагічны (Дз.​І.​Шыраканаў, А.​І.​Пятрушчык, Я.​С.​Яскевіч і інш.), гісторыка-філас. (М.​А.​Алексютовіч, А.​А.​Бірала, Э.​К.​Дарашэвіч, У.​М.​Конан, І.​М.​Лушчыцкі, А.​С.​Майхровіч і інш.), сацыялагічны (Я.​М.​Бабосаў, М.​В.​Тараткевіч, С.А Шавель і інш.) і культуралагічны (М.​І.​Крукоўскі і інш.) кірункі ў даследаванні чалавека; аналізаваліся праблемы спецыфічных асаблівасцей і вызначальных фактараў у выхаваўчым працэсе ва ўмовах навук.-тэхн. рэвалюцыі (К.​П.​Буслаў, Бабосаў), роля культуры і розных форм грамадскай свядомасці ў сацыялізацыі асобы (Т.​І.​Адула, І.​І.​Жбанкова і інш.), сямейна-шлюбных адносін, маральнага і эстэт. выхавання, каштоўнасных арыентацый і паводзін моладзі (С.​Д.​Лапцёнак, С.​П.​Вінакурава і інш.), сутнасць Ф.а. як аднаго з кірункаў зах.-еўрап. думкі 20 ст. (І.​І.​Антановіч). З 1990-х г. Ф.а. на Беларусі развіваецца як самаст. дысцыпліна; яе асн. праблемы — анталогія сучаснага чалавека, стан Ф.а. як філас. дысцыпліны на мяжы 20—21 ст. (Пятрушчык, Адула, А.​К.​Манееў, В.​А.​Паўлоўская і інш.), мнагамернасць і супярэчлівасць прыроды чалавека, яго сац. якасці і шляхі іх рэалізацыі, асн. сферы жыццядзейнасці, матывы паводзін, унутр. свет, смяротнасць і бессмяротнасць, знакава-сімвалічныя сістэмы чалавечай дзейнасці, фарміраванне новай светапогляднай парадыгмы і інш.

Літ.:

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Проблема человека в западной философии: Сб.: Пер. с англ., нем., фр. М., 1988;

Сержантов В.Ф. Человек, его природа и смысл бытия. Л., 1990;

Сумерки богов. М., 1990;

Барулин В.С. Социально-философская антропология: Общие начала социал.-филос. антропологии. М., 1994;

Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. М., 2000;

Леви-Строс К. Структурная антропология: Пер. с фр. М., 2001.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)