КЕРАМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, якая аб’ядноўвае прадпрыемствы па здабычы сыравіны і вытв-сці грубай керамікі (гліняная цэгла, керамічны камень, абліцовачная плітка, кафля, дахоўка, дрэнажныя трубы, сан.-буд., кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і інш.), тонкай керамікі (фарфора-фаянсавыя вырабы: прадметы прыкладнога характару, гасп. і лабараторны посуд і інш.), керамзіту, вырабаў эл.-тэхн. і радыётэхн. прам-сці, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вытв-сць вырабаў з керамікі заснавана на ўласцівасці гліністых матэрыялаў утвараць з вадой пластычнае цеста, з якога можна рабіць патрэбную форму і абпальваць. Керамічная вытв-сць разнастайная, зводзіцца да працэсаў апрацоўкі керамічнай сыравіны, падрыхтоўкі масы, афармлення вырабаў, іх сушкі і абпальвання.

На Беларусі вытв-сць глінянага посуду пачалася ў неаліце (5—4 тыс. г. да н.э.). З пашырэннем тут у 10 ст. н.э. ганчарнага круга вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў спец. рамяство — ганчарства. У 16—18 ст. існавалі дзесяткі асяродкаў вытв-сці керамічных вырабаў, пераважна розных відаў гасп. посуду. З 16 ст. інтэнсіўна развівалася і вытв-сць кафлі (буйным. яе цэнтрам пазней стаў Копысь). У 1742 кн. М.Радзівіл заснаваў у Свержані першую на Беларусі фаянсавую мануфактуру, дзе выпускалі сталовы посуд, дэкар.-маст. вырабы. Фаянс выраблялі мануфактуры ў Гродне, Целяханах, Урэччы, Слуцку. З даўніх часоў як цэнтры керамічнай вытв-сці вядомы Пружаны, Дуброўна, Івянец, Радашковічы, Ракаў, Гарадная (Столінскі р-н). У 1950—60-я г. на Беларусі арганізаваны выпуск керамічных дрэнажных труб, абліцовачнай пліткі, керамічнай пліткі для падлогі, дахоўкі. У 1974 вытв-сць дахоўкі была спынена, адноўлена ў 1990-я г. Сярод краін свету вытв-сцю керамічных вырабаў вылучаюцца Кітай, ЗША, Расія, Італія, Іспанія, Чэхія.

На Беларусі (1995) выпушчана 5426 тыс. м² керамічнай пліткі для ўнутр. абліцоўкі, 1071 тыс. м² керамічнай пліткі для падлогі, 1679 тыс. м² фасаднай керамічнай пліткі розных колераў, 433,6 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, 20,2 тыс. м² дахоўкі, 21 млн. шт. фарфора-фаянсавага посуду, у т. л. 409 тыс. камплектаў чайных і кававых сервізаў. Найбольшае прадпрыемства па выпуску розных відаў буд. керамікі ВА «Керамін» (раней «Мінскбудматэрыялы»). Буд. кераміку выпускаюць таксама ВА «Кераміка» ў Віцебску, Обальскі керамічны з-д, ВА «Оршабудматэрыялы», Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Скідзельскі камбінат буд. матэрыялаў, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Магілёўскі камбінат буд. матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны з-д, з-д абліцовачнай фасаднай керамікі «Гарынь» у Столінскім р-не, малые прадпрыемствы «Архіпласт» (Ліда), «Маналіткерам» (Талачынскі р-н) і інш. Гатункавы посуд, маст. кераміку выпускаюць Мінскі фарфоравы з-д, вытв. гандл. фірма «Фарфор» (Добруш), Радашковіцкі керамічны з-д. Экспартуюцца абліцовачная керамічная плітка, гатунковы посуд, вырабы маст. керамікі.

С.І.Сідор.

Да арт. Керамічная прамысловасць. Ліцейны ўчастак завода «Будфарфор» ААТ «Керамін».

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру І у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.Л.Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́ЙЗІЯ (Malaysia),

Федэрацыя Малайзія (Persekutuan Tanah Malaysia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на Пд п-ва Малака (Зах. Малайзія) і ў паўн. частцы в-ва Калімантан (Усх. Малайзія). Большая ч. граніц марская; абмываецца Паўд.-Кіт. морам, на З — Малакскім пралівам. Ад Сінгапура Зах. Малайзія аддзяляецца вузкім Джахорскім пралівам, праз які пабудавана дамба. На п-ве Малака мяжуе з Тайландам, на Калімантане — з Інданезіяй і Брунеем. Пл. 329,8 тыс. км², у т. л. на п-ве Малака 131,6 тыс. км², на Калімантане 198,2 тыс. км². Нас. 20,9 млн. чал. (1998), у т. л. каля 17 млн. чал. на п-ве Малака. Дзярж. мова — малайская (малайзійская); выкарыстоўваюцца таксама англійская, кітайская і тамільская мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Куала-Лумпур. Падзяляецца на 9 штатаў-султанатаў, 4 штаты-губернатарствы і 2 федэральныя тэрыторыі. Нац. свята — Нацыянальны дзень Малайзіі (31 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — федэратыўная канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1963. Дзевяць з трынаццаці штатаў — султанаты на чале з наследнымі правіцелямі, якія карыстаюцца асобымі прывілеямі (4 штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх назначае кароль). Султаны ствараюць Савет правіцеляў і выбіраюць са свайго складу тэрмінам на 5 гадоў вярх. правіцеля — караля, які ў асноўным выконвае прадстаўнічыя функцыі. Заканад. орган — двухпалатны парламент: верхняя палата (Сенат) фарміруецца на 6 гадоў з 40 сенатараў, прызначаных каралём, і 30 сенатараў, якіх выбіраюць па 2 чалавекі ад кожнага штата і тэрыторыі; ніжняя палата (Палата прадстаўнікоў) з 192 дэпутатаў фарміруецца на 5 гадоў у выніку ўсеагульных прамых выбараў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якім назначаецца лідэр партыі, што заваявала большасць месцаў у Палаце прадстаўнікоў. Штаты маюць свае мясц. органы ўлады, уласныя канстытуцыі і вырашаюць пытанні кіраўніцтва, за выключэннем функцый, аднесеных да агульнадзяржаўных (замежныя справы, абарона, фінансы, асвета, грамадзянства).

Прырода. Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найб. вышыні на в-ве Калімантан — г. Кінабалу (4101 м), на п-ве Малака — г. Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2—3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфрамавыя, алюмініевыя, жал., танталаніобіевыя, медныя руды; ёсць невял. радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш. Клімат экватарыяльны (на Пд п-ва Малака і на в-ве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на Пн). На нізінах і раўнінах сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000—5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводныя. На б. ч. краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы, для якіх характэрны бамбукі, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68% тэр. краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш. Нац. паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.

Насельніцтва. Малайцы і блізкія да іх народы складаюць 58%, кітайцы — 26%, выхадцы з Індыі і Пакістана — 7%; жывуць таксама еўрапейцы (найб. англічане), тайландцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (каля 60% насельніцтва), кітайцы — будысты і канфуцыянцы, выхадцы з Індыі — індуісты; ёсць групы хрысціян і прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост 2,15% (1997). Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км², на п-ве Малака — каля 130 чал., на Калімантане — каля 18 чал. У гарадах жыве 54% насельніцтва (1997). Найб. г. Куала-Лумпур — 1236 тыс. ж. (1997); больш за 200 тыс. ж. у гарадах Джорджтаўн, Іпах, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Кучынг, Кота-Бару. У прам-сці занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у буд-ве — 8%, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 21%, у абслуговых галінах — 46%, у т. л. ў кіраванні 11%.

Гісторыя. Тэр. М. заселена чалавекам з часоў ранняга палеаліту. Стараж. насельніцтвам М. былі негрытосы, якіх у 3—1-м тыс. да н.э. выцеснілі плямёны аўстранезійцаў. У пач. 1-га тыс. н.э. на тэр. М. праніклі продкі сучасных малайцаў. Пад уплывам інд. культуры тут пашырыліся індуізм і будызм. У 8—14 ст. большая ч. п-ва Малака ўваходзіла ў склад імперый: суматранскай Шрывіджая і яванскай Маджапахіт. У пач 15 ст. заснаваны г. Малака — цэнтр Малакскага султаната. Размяшчэнне на скрыжаванні гандл. шляхоў спрыяла росквіту Малакі і ператварэнню яе ў вял. дзяржаву, якая ўключала п-аў Малака, ч. в-ва Суматра і а-вы Рыау. Большая ч. в-ва Калімантан увайшла ў султанат Бруней. З гэтага часу пануючай рэлігіяй на тэр. М. стаў іслам. Пасля захопу партугальцамі ў 1511 Малакскага султаната ён распаўся на шэраг дробных султанатаў. У 1641 партугальцаў выцеснілі галандцы, а з канца 18 ст. сюды праніклі англічане. Паводле англа-галандскага дагавора 1824 п-аў Малака прызнаны сферай брыт. ўплыву, у 1826 створана брыт. прэзідэнцтва Стрэйтс-Сетлментс (з 1867 калонія брыт. кароны). У 1888 англічане ўсталявалі пратэктарат над Саравакам і Сабахам (на в-ве Калімантан), да пач. 20 ст. — над б.ч. малайскіх султанатаў. У пач. 20 ст. М. ператварылася ў краіну монакультуры каўчуку. У 1941—45 акупіравана яп. войскамі. У 1946 брыт. ўладанні на паўвостраве аб’яднаны ў Малайскі саюз (з 1948 Малайская федэрацыя, МФ), Саравак і Сабах сталі калоніямі брыт. кароны. У 1953 засн. Саюз трох партый (Аб’яднаная малайская арг-цыя, Кіт. асацыяцыя Малаі, Інд. кангрэс Малаі), ператвораны ў 1957 ў Саюзную партыю (СП); ён перамог на выбарах 1955 у Заканад. савет, а яго лідэр Абдул Рахман стаў прэм’ер-міністрам МФ. 31.8.1957 абвешчана незалежнасць МФ.

У чэрв. 1963 паміж Вялікабрытаніяй, МФ, Саравакам, Сабахам і Сінгапурам дасягнута дамоўленасць пра стварэнне Федэрацыі М., якая была абвешчана 16.9.1963 (Сінгапур выйшаў з яе ў 1965). Курс на прыцягненне замежнага капіталу, развіццё галін прам-сці, арыентаваных на экспарт, спрыялі ператварэнню М. ў 1960—80-я г. ў адну з найб. развітых краін Азіі з адносна высокім узроўнем жыцця насельніцтва. Сур’ёзнай праблемай з’яўляюцца адносіны паміж малайцамі і кітайцамі, якія кантралююць б.ч. нац. эканомікі. У 1969 у выніку кіт.-малайскіх сутыкненняў уведзена надзвычайнае становішча (адменена ў 1971). Новы прэм’ер-міністр Абдул Разак (1970—76) стварыў на базе СП больш шырокі Нац. фронт з удзелам 10 партый, былі прыняты меры для замацавання эканам. пазіцый карэннага насельніцтва ў нац. эканоміцы. Гэта палітыка працягвалася пры прэм’ер-міністрах Х.Оне (1976—81) і М.Махамадзе (з 1981). Азіяцкі фін. крызіс, які пачаўся з восені 1997, прывёў да пагаршэння эканам. становішча М., адбыліся масавыя дэманстрацыі пад лозунгамі дэмакратызацыі паліт. жыцця. М. — чл. ААН (з 1957), АСЕАН (з 1967). Дыпламат. адносіны з рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1992.

Паліт. рухі і партыі: Нац. фронт, Усемалайская ісламская партыя, Партыя дэмакр. дзеяння.

Гаспадарка. М. — развітая індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу маладых індустр. краін Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Штогадовы даход на 1 чал. каля 10,8 тыс. дол. ЗША (1996). Прам-сць дае 45% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 14%, абслуговыя галіны —41%. Найб. развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Горназдаб. прам-сць (1997) уключае здабычу і вытв-сць: нафты — каля 30 млн. т, звадкаванага прыроднага газу — каля 5 млн. т, алавянага канцэнтрату — каля 50 тыс. т (адно з першых месцаў у свеце), жал. руды — каля 200 тыс. т, баксітаў — каля 70 тыс. т; меднага канцэнтрату — каля 130 тыс. т; невял. здабыча каменнага вугалю, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд, золата і інш. Усю нафту і газ здабываюць на марскім шэльфе каля берагоў Калімантана і на У ад п-ва Малака. Асн. раён здабычы алавянай руды — зах. ч. п-ва Малака. Большасць астатніх карысных выкапняў здабываюць у цэнтр. частцы п-ва Малака. Энергетыка заснавана на выкарыстанні нафты і прыроднага газу, ёсць некалькі ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 37,8 млрд. кВт гадз (1994).У апрацоўчай прам-сці найб. развіты нафтаперапр., металургічная, эл.-тэхн., хім., маш.-буд., тэкст., абутковая, дрэваапр., цэм., гумава-тэхн., харч. галіны. Асн. цэнтр нафтаперапр. прам-сці — г. Порт-Дыксан, дзе працуюць 2 нафтаперапр. з-ды. Каляровая металургія прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы алавянай руды, чорная металургія — 2 металургічнымі камбінатамі поўнага цыкла ў Куала-Трэнгану і Праі. Ёсць з-ды алюмініевы, па вытв-сці алюмініевага дроту і кабелю, па перапрацоўцы медных, марганцавых, тытанавых, вальфрамавых руд. У эл.-тэхн. і электроннай прам-сці больш за 40 прадпрыемстваў, якія выпускаюць тэлевізары (больш за 6 млн. шт. штогод), халадзільнікі і маразільнікі (больш за 250 тыс. шт. штогод), кандыцыянеры, акумулятары, магнітафоны, электронныя кампаненты і інш. Асн. цэнтр — г. Куала-Лумпур. Там жа развіта аўтамабілебуд. і аўтазборачная прам-сць. Адна са старэйшых галін прам-сці — тэкстыльная. Выпускаюцца разнастайныя баваўняныя, сінт. і штучныя тканіны; асн. цэнтры — Куала-Лумпур, Джорджтаўн, Малака. У Куала-Трэнгану і Кучынгу вытв-сць тканін тыпу батык. Развіты дрэваапрацоўка, выраб мэблі, запалак, тары і інш. Штогод выпускаецца каля 10 млн. т цэменту; гал. цэнтр г. Іпах. Гумава-тэхн. прам-сць уключае прадпрыемствы па перапрацоўцы латэксу, атрыманні натуральнага каўчуку (больш за 1 млн. т штогод, 20% сусв. вытв-сці), вытв-сці гумавых вырабаў, шын для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі (каля 11 млн. шт. штогод); асн. цэнтры Куала-Лумпур, Джахор-Бару, Кота-Кінабалу, Алур-Сетар. Большасць прадпрыемстваў харч. прам-сці занята вытв-сцю пальмавага алею, перапрацоўкай какосаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы, рысу, атрыманнем cara і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 5 млн. га зямлі. Ва ўсх. раёнах значныя плошчы пад лядна-агнявым земляробствам. Аснова сельскай гаспадаркі — вырошчванне экспартных культур: гевеі (займае каля палавіны с.-г. зямель на п-ве Малака), алейнай, какосавай і сагавай пальмаў, ананасаў, перцу, кавы, какавы. Гал. харч. культура — рыс, меншае значэнне маюць кукуруза, батат, маніёк. Агародніцтва. Трапічнае садоўніцтва. Раён вырошчвання агародніны і ягад умеранага пояса, а таксама чаю высокіх гатункаў — Камеронскае нагор’е ў Зах. Малайзіі. Штогадовая вытворчасць (тыс. т): пальмавага алею — каля 4000, натуральнага каўчуку — каля 1500, рысу — каля 2000, ананасаў — каля 150, какавы-зярнят — каля 100, какосавага алею — каля 70, перцу — каля 20, тытуню — каля 10, чаю — каля 3. Жывёлагадоўля развіта слаба з-за недахопу пашаў. У краіне каля 400 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 200 тыс. буйвалаў, каля 3 млн. галоў свіней. Развіта марское і рачное рыбалоўства — больш за 1 млн. т рыбы штогод. М. — буйны вытворца драўніны каштоўных трапічных парод. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Чыгунак 1806 км, у т. л. на п-ве Малака 1672 км, аўтадарог 94 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 70,5 тыс. км, унутр. водных шляхоў 7,3 тыс. км. У знешніх сувязях вял. роля марскога флоту. М. мае гандл. флот грузападымальнасцю ў 3,9 млн. дэдвейт т. Гал. парты Джорджтаўн, Джахор-Бару, Куала-Трэнгану, Малака, Кучынг, Кота-Кінабалу, Порт-Дыксан. У краіне 106 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Куала-Лумпура, Джорджтаўна, Кота-Кінабалу, Кучынга. Даўж. нафтаправодаў 1307 км, газаправодаў 379 км. У 1996 экспарт склаў 84,6 млрд. дол., імпарт — 83,2 млрд. долараў. М. экспартуе электроніку, нафту і нафтапрадукты, пальмавы алей, каштоўную драўніну, каўчук і гумавыя вырабы, тэкстыль; імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (21% экспарту, 16% імпарту), Японія (12 і 27%), Сінгапур (20 і 12%), Германія, Кітай, Тайланд. М. — краіна развітога міжнар. турызму, штогод яе наведвае больш за 6,5 млн. чал. Грашовая адзінка — малайзійскі долар (рынгіт).

Літаратура. Развіваецца на малайзійскай (малайскай), часткова кіт., тамільскай і англ. мовах. Найб. раннія помнікі эпіграфікі М. датуюцца 7—11 ст. На працягу 14—18 ст. л-ра М. развівалася пад уплывам яванскай, перс. і араб. л-р (гіст. хронікі, прававыя, тэалагічныя, агіяграфічныя творы, белетрыстыка). У 18 ст. зарадзілася асветніцкая л-ра (творчасць Абдулаха бін Абдулкадзіра Муншы). У пач. 20 ст. пашырэнню асветы спрыялі малайскамоўны друк і рух за адраджэнне ісламу. Найб. вылучыліся творы Саіда Шэйха (раман «Фарыда Ханум»), А.Нававі, А.Ісмаіла; першыя дыдактычныя раманы стварыў А.Рашыд Талу. У 1930-я г. з ростам нацыяналіст. настрояў узмацніўся ўплыў новай інданез. і англ. л-р: раманы А.Самада Ахмада, Ш.Салеха. Патрыят. і антыкалан. матывы ў прозе А.Сідзіка, Ісхака бін Хаджы Мухамада. Развіваліся паэзія (М.Ясін Мамор) і навелістыка (Каджэй). У 1940—50-я г. вядучае месца ў л-ры М. заняло маладое пакаленне паэтаў і празаікаў (С.Н.Масуры, Крыс Мас, У.Аванг), якія абвясцілі лозунг «мастацтва дзеля грамадства». Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы). Асн. тэмы — нац.-вызв. рух; надзённыя праблемы жыцця народа. Пісьменнікі старэйшага пакалення выступалі з дыдактычнымі раманамі на быт. і гіст. тэмы (Х.Амінуррашыд, А.Лутфі). У 1960—70-я г. бярэ пачатак рэаліст. кірунак: раманы А.Самада Саіда, А.Ваці, А.Алі. Этн. і сац. супярэчнасці, жыццё сялянства — гал. тэмы раманаў А.Самада Ісмаіла, А.Хусейна, Ш.Ахмада. У паэзіі пераважалі грамадз. матывы (К.Ахмед, Р.Хаят). У 1980-я г. вяліся пошукі новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, выявілася тэндэнцыі да выразнасці мовы. Пашырылася л-ра на кіт. (Чжао Жун, Мяо Ман), тамільскай (М.Сетхураман), англ. (Т.Вігнесан) мовах. У 1958 засн. Нац. саюз пісьменнікаў. На бел. мову. фальклор і казкі М. пераклаў У.Палупанаў.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да найб. стараж. помнікаў на тэр. М. належаць неалітычная кераміка, менгіры, звонападобныя барабаны (2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Пад уплывам культуры Інданезіі і Індыі ў 8—13 ст. склалася своеасаблівая культура М.: будыйская скульптура з элементамі інд. іканаграфіі і мясц. этнічнымі рысамі; творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, якія спалучалі мясц. арнамент (у выглядзе трохвугольніка, ляза пілы) і інд. выяўл. матывы (лотас, змяя Нага); будыйскія храмы Кедаха, блізкія «біяра» Суматры (Інданезія). У 12—13 ст. пашырыўся маст. ўплыў Кітая (у арнаменце — матывы дракона, гор, воблакаў). У 17—18 ст. (панаванне ісламу) будавалі мячэці і надмагіллі ў Пераку, Кедаху і інш. Для гарадоў, што ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. (Пінанг, Куала-Лумпур), характэрны падзел на еўрап., кіт. і інд. кварталы, змяшэнне арх. стыляў. Кожны квартал вылучаецца адметнай культавай (еўрап. саборы, кіт. храмы са шмат’яруснымі чарапічнымі дахамі, малайзійскія купальныя мячэці, інд. храмы) і грамадз. (кіт. дамы-крамы) архітэктурай. У малайзійскай вёсцы («кампонг») будуюць звычайна 1-камерныя драўляныя каркасныя дамы на палях, укапаных у зямлю ці пастаўленых на каменныя «падушкі». Кітайцы і індыйцы ставяць дамы на земляной утрамбаванай пляцоўцы, якая служыць падлогай, сцены робяць з дрэва, дахі — з лісця пальмы. У М. існуе жывапіс тушшу традыц. кіт. тыпу, акварэллю і пастэллю традыц. інд. тыпу. Пашырана станковая і манум. скульптура. З пач. 20 ст. вырабляюць фарфор. З маст. рамёстваў захаваліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці ў аздобе кінжалаў, пляценне з трыснягу; развіта мастацтва батыку. Шырока вядомы карункі п-ва Малака, вышыўка на скуры, скураныя лялькі для т-ра, вырабы з медзі (лямпы ў выглядзе міфалагічных птушак для ценявога т-ра).

І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

т. 10, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак.крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст.вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аловесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет, л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет, мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз, будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.В.Логіш (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.У.Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)