МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),

філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.

Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.​Дэкарт, Г.​Лейбніц, І.​Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Дж.​Берклі, Д.​Юм, П.​Лафарг, К.​Маркс, Ф.​Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.​Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.​Салаўёў, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.

Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.​Пацей, І.​Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.​Бандзевіч, А.​Белабоцкі, Ф.​Богуш, Б.​Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.​Пачобут-Адляніцкі, Я.​Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.​Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.​Дунін-Марцінкевіч, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.​Луцкевіч, І.​Канчэўскі, У.​Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.​Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.​А.​Алексютовіча, А.​А.​Біралы, К.​П.​Буслава, Э.​К.​Дарашэвіча, У.​М.​Конана, С.​А.​Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.​М.​Лушчыцкі, Н.​М.​Махнач, А.​С.​Майхровіч, В.​І.​Яфрэмава і інш.

У.​М.​Конан.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛКА (Уладзімір Адамавіч) (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),

бел. паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Г.​Ібсена, Ш.​Бадлера, І.​Волькера, Б.​Ясенскага.

Тв.:

Вершы. Мн., 1970;

Пожні. Мн., 1986;

Творы. Мн., 1996;

Творы. Мн., 1998.

Літ.:

Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;

Яго ж. Усё чалавечае. Мн., 1993.

У.​А.​Калеснік.

У.А.Жылка.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),

мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал. эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.

Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац. яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ікебана.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),

бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.​Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.​Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.​Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і Я.​Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

М.​А.​Тычына.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, прызначаная для аднаго муз. інструмента, ансамбля інструментаў або аркестра. Пачатковыя формы І.м. (сігналы, гукапераймальныя, магічна-абрадавыя найгрышы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Розныя жанры І.м. прадстаўлены ў муз. культурах розных народаў свету. У еўрап. прафес. музыцы найб. пашыраны жанры мініяцюры, варыяцый, санаты, квартэта, квінтэта, трыо, сюіты, сімфоніі, сімфанічнай паэмы, канцэрта, фантазіі. Беларусы маюць разнастайны па жанрах і відах інстр. фальклор (гл. Народная музыка, Народныя інструментальныя ансамблі). У 11—12 ст. развіццё І.м. на Беларусі звязана з ваен., гар. і княжацкім замкавым побытам, дзейнасцю скамарохаў. З 15 ст. з будаўніцтвам касцёлаў культывуецца арганная музыка. Найб. ранні ўзор свецкай быт. ансамблевай І.м. т. зв. «Полацкі сшытак». Значны рост муз. культуры Беларусі ў канцы 18—19 ст., паяўленне таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў, шматлікіх аркестраў і ансамбляў стымулявалі кампазітарскую інстр. творчасць. ААбрамовіч, І.Глінскі, М.Ельскі, Ф.Міладоўскі, Н.Орда стварылі багатую л-ру для скрыпкі і фп. (апрацоўкі нар. песень і танцаў, вальсы, мазуркі. паланэзы, накцюрны, маршы, праграмныя характарыстычныя п’есы, варыяцыі, санаты, скрыпічныя канцэрты). У перыяд станаўлення бел. прафес. кампазітарскай школы (1920—30-я г.) паявіліся першыя нац. сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, камерна-ансамблевыя творы, п’есы для духавых інструментаў, зарадзілася традыцыя выкарыстання ў прафес. музыцы нар. інструментаў (найперш бел. цымбалаў). У пасляваен. гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі, канцэрта, санаты, расшыраецца кола муз. інструментаў і складаў, для якіх бел. кампазітары пішуць творы, асвойваюцца новыя жанры (напр., камерная сімфонія, канцэрт для аркестра, таката, бурлеска і інш.). Значныя дасягненні ў сферы І.м. маюць кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, І.​Жыновіч, В.​Капыцько, С.​Картэс, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́ТА (італьян. cantata ад лац. canto спяваю),

буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў К. — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэн. дзеяння К. набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі.

Узнікла ў пач. 17 ст. ў Італіі, да 2-й пал. 18 ст. развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І.​С.​Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П.​Чайкоўскага, С.​Танеева, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ю.​Шапорына, Г.​Свірыдава, К.​Орфа і інш.).

У бел. музыцы жанр К. інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах. З 1920-х г. ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М.​Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т.​Шнітмана). Героіка-патрыят. вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў К. «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А.​Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.​Семянякі, «Памяці герояў» Р.​Суруса. Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест К. «Па шляху барацьбы і перамог» Аладава, «За праўду ўстанем» Я.​Глебава, «Палі стэпавыя» І.​Кузняцова, «Курган» І.​Лучанка, «А хто там ідзе?» Р.​Пукста, «Забыты Богам край» С.​Бельцюкова. К. для дзяцей стварылі У.​Алоўнікаў, П.​Падкавыраў, С.​Картэс, Сурус, Л.​Шлег, В.​Войцік, Н.​Усцінава і інш. Нац. рысы найб. яскрава выяўлены ў К., непасрэдна звязаных з нар. песеннасцю («Беларускія песні» Багатырова, «Казацкія песні» Войціка, «Вянок» Л.​Захлеўнага, «Беларускі край» А.​Мдывані, «На ш край» Ф.​Пыталева, «Трава-мурава» Шлег, «Сваток» Суруса, «Лірычная кантата» Г.​Гарэлавай, «Вясковыя святы» В.​Кузняцова, «Песні Белай Русі» А.​Хадоскі). Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца К. «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Гарэлавай, «Начны матылёк» Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В.​Кузняцова. Па жанравых прыкметах да К. набліжаюцца некат. творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.

Літ.:

Хохловкина А.А. Советская оратория и кантата. М., 1955;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Белорусская музыка 1960—1980 г. Мн., 1997;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕ́Р (Homēros),

паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.​Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.​Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.​Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.​Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.​Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;

Рус. пер. — Илиада;

Одиссея. М., 1967.

Літ.:

Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;

Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;

Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;

Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.

С.​Дз.​Малюковіч.

Гамер.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.​Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.​Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.​Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.​М.​Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.​Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.​Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)