Ю́Р’Я, Юрай,
старажытнае веснавое свята земляробчага календара ў славян. Адзначалася 23 красавіка с. ст. ў гонар апекуна жывёлы; гаспадаркі і першай расы Юр’я, у вобразе якога перапляліся рысы язычніцкай і хрысц. міфалогіі. Да Юр’ева дня прымяркоўваўся першы выган статка ў поле, які суправаджаўся шматлікімі абрадамі: жывёл крапілі вадой, сцябалі галінкамі вярбы, праганялі праз вароты, дзе клалі яйка ці замок, і інш.; на пашы пастухі абыходзілі іх з вярбой, хлебам або яечняй. Лічылася, што гэтыя абрады засцерагуць статак ад шкоды (хвароб, ваўкоў, прапажы). У Юр’еў дзень сяляне ўрачыста аглядалі ніву, наладжвалі ў полі абрадавае снеданне, рэшткі якога закопвалі на мяжы (лічылася, што гэта ахавае пасевы ад граду). Гаспадар пёк каравай, загортваў яго ў абрус і разам з сям’ёй абыходзіў свае палі. У зах. рэгіёнах Беларусі да жытніх палеткаў ішла моладзь, наладжвала там гулянне з юраўскімі песнямі. У некат. мясцовасцях на Ю. дзяўчаты спраўлялі абрад «юрэння» (выбіралі на год сябровак, мяняліся хусткамі і паясамі), хадзілі з песнямі па дварах, як на Вялікдзень. Па надвор’і на Ю. меркавалі пра будучы ўраджай, надвор’е летам.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
М.Ф.Піліпенка.
т. 18, кн. 1, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)