ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.​Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Конрад («Карсар» А.​Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.​Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.​Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.​Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРШКО́Ў (Аляксандр Георгіевіч) (н. 8.10.1946, Масква),

савецкі спартсмен (фігурнае катанне на каньках). Адзін з лепшых фігурыстаў свету (спарт. танцы на лёдзе) 1-й пал. 1970-х г. Засл. майстар спорту СССР (1970). Скончыў Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1970, Масква). Алімпійскі чэмпіён 1976, чэмпіён свету ў 1970—74, 1976, Еўропы 1971, 1973—76 (усё ў пары з Л.Пахомавай).

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЯЙЗО́ЎСКІ (Касьян Яраслававіч) (5.3.1892, Масква — 4.5.1970),

артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). З 1909 артыст балета Марыінскага, у 1910—18 — Вялікага т-раў. У 1919—25 кіраваў студыяй (з 1922 «Камерны балет») у Маскве. Сцвярджаючы свой стыль, шмат працаваў над харэаграфічнымі мініяцюрамі і аднаактовымі балетамі на музыку А.​Скрабіна, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ф.​Шапэна, К.​Дэбюсі ў пошуках эквіваленту эмацыянальна-пластычнай выразнасці музыкі. Музыкальнасць і багатая фантазія ў галіне харэаграфічных формаў, выкарыстанне ў класічным танцы сучаснай пластыкі, характарнасці і гратэску вызначалі самабытнасць яго творчасці. Сярод лепшых пастановак: «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева на сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета БССР (1939), «Іосіф Прыгожы» С.​Васіленкі і «Тэалінда» на муз. Ф.​Шуберта (1925), «Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна (1964), «Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1944 і 1953) у Вял. т-ры, «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага (1935, Харкаў). Аўтар кн. «Вобразы рускай народнай харэаграфіі» (1964).

К.Я.Галяйзоўскі.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНКА́Н ((Duncan) Айседора) (Ізадора; 27.5.1877, г. Сан-Францыска, ЗША — 14.9.1927),

амерыканская танцоўшчыца, адна з заснавальнікаў танца мадэрн. У танцы выкарыстоўвала стараж.-грэч. пластыку (элементы хады, бегу на паўпальцах, лёгкія скокі, выразныя жэсты), танцавала ў хітоне, без абутку (адсюль назвы «басаножка», «танец басаножак»). Валодала вял. талентам пантамімічнай актрысы і імправізатара. Мастацтва Д. рабіла вял. эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў. У рэпертуары «Марсельеза», «Інтэрнацыянал», танцы на муз. Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага. Выступала супраць школы класічнага танца, вылучала прынцып агульнадаступнасці танц. мастацтва, прапагандавала развіццё масавых школ. Заснавала школы ў Германіі (1904), Францыі (1912), ЗША (1915). У 1921—24 жыла ў Расіі, арганізавала ўласную студыю ў Маскве. Была жонкай С.Ясеніна. Яе творчасць зрабіла вял. ўплыў на мастацтва сучасных харэографаў, у т. л. М.Фокіна, А.Горскага, К.Галяйзоўскага.

Літ. тв.: The dance. New York, 1909; Рус. пер. — Танец будущего. М., 1930; Моя исповедь. Мн., 1994.

Літ.:

Seroff V. The real Isadora: A biography. New York, 1971.

А.Дункан.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЖДЗІНА (Надзея Сяргееўна) (3.6.1908, Вільня — 11.10.1979),

расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1978). Скончыла Дзярж. балетную школу ў Петраградзе (1924, педагогі М.Легат, А.Ваганава). У 1925—34 артыстка Вял. т-ра ў Маскве. З 1943 балетмайстар, у 1946—48 маст. кіраўнік балетнага аддзялення Масэстрады і адначасова (з 1945) Рус. нар. хору Калінінскай філармоніі. Выконвала сольныя партыі і характарныя танцы ў балетах «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса, «Чырвоны мак» Р.​Гліэра, «Раймонда» А.​Глазунова і інш. Арганізатар (1948), маст. кіраўнік і пастаноўшчык праграм акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка». Стварыла новы стыль у харэаграфіі, заснаваны на сінтэзе танц. фальклору і школы класічнага танца. Сярод пастановак, прасякнутых рамант. паэтычнасцю і высакароднасцю — «Лябёдачка», «Бярозка», «Карусель», «Пралля», «На восеньскім кірмашы», «Паўночнае ззянне», «Сібірская сюіта» і інш. Аўтар кн. «Рускія танцы» (1951), артыкулаў па праблемах танц. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль Міру імя Жаліо Кюры 1959.

Літ.:

Чижова А.Э. «Березка». М., 1972.

Н.С.Надзеждзіна.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫФЕ́Й (ад грэч. koryphaios правадыр, кіраўнік),

1) у старажытна-грэчаскай трагедыі кіраўнік хору, яго найб. кваліфікаваны ўдзельнік. Выконваў меладэкламацыйныя рэчытатывы, вёў дыялогі з гал. героямі.

2) Вядучы танцоўшчык (танцоўшчыца) кардэбалета, які выступае ў першай лініі і выконвае асобныя невял. танцы. У сучаснай балетнай тэрміналогіі выкарыстоўваецца рэдка.

3) У пераносным сэнсе — выдатны дзеяч у якой-н. галіне ведаў, звычайна ў навуцы ці мастацтве.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЧАРЫ́НКА, вечарына,

у беларусаў даўні звычай сялянскай моладзі збірацца вечарамі, асабліва ў нядзелю або свята, на танцы і гульні. Наладжвалі вечарынкі пераважна зімой у прасторнай хаце або карчме. У грамадскім побыце дарэв. вёскі — найбольш даступная магчымасць сустрэч моладзі. Бытавалі вечарынкі і ў гар. асяроддзі. На пач. 20 ст. ў гарадах і мястэчках вечарынкі выкарыстоўвалі аматарскія гурткі для папулярызацыі бел. л-ры і мастацтва (т.зв. Беларускія вечарынкі).

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСАРЫ́»,

«Касец», бел. нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны ​2/4 або ​3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)