ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Дзмітрый Іванавіч (13.1.1893, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 25.5.1966),

расійскі геолаг і геахімік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Вучань У.І.Вярнадскага і А.Я.Ферсмана. Скончыў Крымскі ун-т (1922). З 1922 ва ўстановах АН СССР, з 1953 акадэмік — сакратар Аддз. геолага-геагр. навук АН СССР, з 1964 заг. аддзела геахіміі Ін-та геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Удзельнік навук. экспедыцый на Памір, у Таджыкістан, Забайкалле і інш. Асн. працы па геалогіі і геахіміі радовішчаў рэдкіх металаў і радыеактыўных элементаў, па акіяналогіі і гісторыі геал. навук. Яго імем наз. мінерал — шчарбакавіт. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1969—71.

Літ.:

Д.​И.​Щербаков: Жизнь и деятельность, 1893—1966. М., 1969.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМА́ТАЎ Каміль Ярматавіч (2.5.1903, г. Канібадам, Таджыкістан — 17.11.1978),

узбекскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1931). У кіно з 1924. З 1957 маст. кіраўнік кінастудыі «Узбекфільм» (з 1979 яго імя). Зняўся ў фільмах «З-пад скляпенняў мячэці» (1928), «Апошні бек» (1930). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Далёка на мяжы» (1931). Яго фільмы «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Бура над Азіяй» (1965, Дзярж. прэмія Узбекістана 1967) паўплывалі на развіццё узб. кіно. Сярод інш. пастаўленых фільмаў: «Эмігрант» (1934, і роля Каміля), «Сябры сустракаюцца зноў» (1939), «Мы пераможам» (1941), «Вершнікі рэвалюцыі» (1969), «Гібель чорнага консула» (1971), «Адна сярод людзей» (1974), «Далёкія блізкія гады» (1977) і інш. Аўтар шэрагу кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Тешабаев Д. Камил Ярматов. М., 1964;

Яго ж. Счастье мастера. Ташкент, 1975.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРГА́НСКАЯ ДАЛІ́НА, Ферганская катлавіна,

міжгорная катлавіна ў Сярэдняй Азіі, ва Узбекістане, Кыргызстане і Таджыкістане. Абмежавана на Пн гарамі Цянь-Шаня, на Пд — Гісара-Алая; на З злучаецца з Галодным стэпам. Даўж. каля 300 км, шыр. да 170 км. Выш. днішча ад 330 м на З да 1000 м на У. Складзена з алювіяльных і пралювіяльных адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя газы, вугаль, сурма, ртуць, жал., медныя, поліметал. руды, сера. На ПдУ паласа адыраў, на ПнЗ нізкагорныя грады (выш. да 1009 м). Клімат кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў ад 100 мм у цэнтр. ч. да 500 мм на У. Гал. рака Сырдар’я. Вялікі Ферганскі канал, Паўд. Ферганскі канал, Кайраккумскае вадасховішча. Участкі пясчанай пустыні, саланчакі. Большая ч. тэр. пад бавоўнікам, садамі і вінаграднікамі. Шаўкаводства. Гал. гарады: Худжанд (Таджыкістан), Андыжан, Каканд, Наманган, Фергана (Узбекістан), Ош (Кыргызстан).

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.

Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.

В.​В.​Бараноўскі.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАКІ́ Абу Абдалах (Абуль Хасан) Джафар (каля 860, Панджуруд, Таджыкістан — 941),

таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1964;

Лирика. М., 1969;

У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.

Літ.:

Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж. М., 1968;

Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫ́РДАР’Я (стараж. Яксарт),

рака ў Таджыкістане, Узбекістане і Казахстане, вытокі ў Кіргізіі. Утвараецца ад сутокаў рэк Нарын і Карадар’я. Даўж. 2212 км (ад вытоку р. Нарын 3019 км), пл. бас. 219 тыс. км². Бас. рэк Нарын і Карадар’я ў гарах Цянь-Шаня. Верхняе цячэнне С. ў межах Ферганскай даліны ў нізкіх берагах, пры выхадзе з даліны прарэзвае Фархадскія горы, утварае Бегавацкія парогі. Ніжняе цячэнне па ўсх. ускраіне пустыні Кызылкум (рэчышча прыўзнята над навакольнай мясцовасцю, звілістае і няўстойлівае). Раней С. ўпадала ў Аральскае м., у вусці ўтварала невял. дэльту; цяпер воды ракі поўнасцю разбіраюцца на гасп. патрэбы. Асн. прытокі: Чырчык, Арысь (справа). Найб. воднасць у сярэднім цячэнні, каля чыг. ст. Цюмень-Арык (996 км ад вусця) сярэдні расход вады 618 м³/с. Вясенне-летняе разводдзе. С. нясе шмат наносаў (да 10—12 млн. т за год), вада мутная. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках ад г. Бекабад. У даліне С. густая сетка арашальных каналаў. Кайраккумская, Фархадская, Чардарынская ГЭС і вадасховішчы, Кзыл-Ардзінская плаціна. Каля Чардарынскага вадасх. саланаватае воз. Айдаркуль. На С. — гарады Худжанд (Таджыкістан), Бекабад (Узбекістан), Чардара, Кзыл-Арда, Казалінск (Казахстан).

т. 15, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРСУ́Н-ЗАДЭ́ Мірзо (2.5.1911, с. Каратаг, Таджыкістан — 24.9.1977),

таджыкскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. паэт. Таджыкістана (1961). Акад. АН Таджыкістана (1951). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Ін-т асветы ў Ташкенце (1931). Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў і апавяданняў «Сцяг перамогі» (1932). Аўтар паэм «Сонца краіны» (1936), «Восень і вясна» (1937), «Сын Радзімы» (1942), «Нявеста з Масквы» (1945), «Хасан-арбакеш» (1954) і «Голас Азіі» (1956; за дзве апошнія Ленінская прэмія 1960). Грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, асэнсаванне гіст. лёсу народаў Азіі, роздум пра жыццё ў паэт. цыклах «Індыйская балада» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1948) і «Я з Усходу свабоднага» (1950), паэмах «Вечнае святло» (1957), «Дарагая мая» (1960). Аўтар публіцыст., літ.-крытычных прац «Думкі пра грамадзянскую лірыку» (1954), «Літаратура і жыццё» (1959) і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вольскі, А.​Звонак, В.​Зуёнак, А.​Клышка, В.​Лукша, П.​Прыходзька, У.​Шахавец і інш. Міжнар. прэмія імя Нэру 1967.

Тв.:

Бел. пер. — Высокае гняздо: Выбр. лірыка. Мн.. 1982;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Сайфуллаев А. Меридианы поэзии. Душанбе. 1971.

М.Турсун-задэ.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),

аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б. СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін у рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам. к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш. міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.

Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн. прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Узбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам. прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.

Літ.:

Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;

Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.

А.​В.​Шарапа.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ Нэлі Уладзіміраўна (н. 29.7.1957, г. Шураб Ісфарынскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыла Казахскі ін-т фіз. культуры (1978). З пач. 1970-х г. інструктар Спорткамітэта БССР. У 1992—95 дзярж. трэнер Беларусі па спарт. гімнастыцы сярод жанчын. З 1992 суддзя міжнар. катэгорыі па спарт. гімнастыцы. З 1993 віцэ-прэзідэнт Бел. асацыяцыі гімнастыкі. Чэмпіёнка XXI і XXII Алімп. гульняў у камандным першынстве, вольных практыкаваннях (1976, г. Манрэаль, Канада; 1980, Масква), апорным скачку (1976); сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1976). Абс. чэмпіёнка свету (1979, г. Форт-Уэрт, ЗША). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне (1974, г. Варна, Балгарыя), камандным першынстве, апорным скачку, вольных практыкаваннях; сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1978, г. Страсбур, Францыя), сярэбраны прызёр у камандным першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне, вольных практыкаваннях (1979). Чэмпіёнка Еўропы ў вольных практыкаваннях, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне (1975, г. Шыен, Нарвегія); апорным скачку, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, практыкаваннях на бервяне; бронз. прызёр у вольных практыкаваннях (1977, Прага). Абс. чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975). Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР у практыкаваннях на брусах, вольных практыкаваннях (1975, 1979), на бервяне (1975), апорным скачку (1979). Абс. чэмпіёнка СССР (1980), чэмпіёнка СССР у практыкаваннях на брусах (1973, 1975, 1979), на бервяне (1975—76), у вольных практыкаваннях (1975, 1979), апорным скачку (1976, 1979). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)