СЫ́РДАР’Я (стараж. Яксарт),
рака ў Таджыкістане, Узбекістане і Казахстане, вытокі ў Кіргізіі. Утвараецца ад сутокаў рэк Нарын і Карадар’я. Даўж. 2212 км (ад вытоку р. Нарын 3019 км), пл. бас. 219 тыс. км². Бас. рэк Нарын і Карадар’я ў гарах Цянь-Шаня. Верхняе цячэнне С. ў межах Ферганскай даліны ў нізкіх берагах, пры выхадзе з даліны прарэзвае Фархадскія горы, утварае Бегавацкія парогі. Ніжняе цячэнне па ўсх. ускраіне пустыні Кызылкум (рэчышча прыўзнята над навакольнай мясцовасцю, звілістае і няўстойлівае). Раней С. ўпадала ў Аральскае м., у вусці ўтварала невял. дэльту; цяпер воды ракі поўнасцю разбіраюцца на гасп. патрэбы. Асн. прытокі: Чырчык, Арысь (справа). Найб. воднасць у сярэднім цячэнні, каля чыг. ст. Цюмень-Арык (996 км ад вусця) сярэдні расход вады 618 м³/с. Вясенне-летняе разводдзе. С. нясе шмат наносаў (да 10—12 млн. т за год), вада мутная. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках ад г. Бекабад. У даліне С. густая сетка арашальных каналаў. Кайраккумская, Фархадская, Чардарынская ГЭС і вадасховішчы, Кзыл-Ардзінская плаціна. Каля Чардарынскага вадасх. саланаватае воз. Айдаркуль. На С. — гарады Худжанд (Таджыкістан), Бекабад (Узбекістан), Чардара, Кзыл-Арда, Казалінск (Казахстан).
т. 15, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)