КІМ (Нэлі Уладзіміраўна) (н. 29.7.1957, г. Шураб Ісфарынскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыла Казахскі ін-т фіз. культуры (1978). З пач 1970-х г інструктар Спорткамітэта БССР. У 1992—95 дзярж. трэнер Беларусі па спарт. гімнастыцы сярод жанчын. З 1992 суддзя міжнар. катэгорыі па спарт. гімнастыцы. З 1993 віцэ-прэзідэнт Бел. асацыяцыі гімнастыкі. Чэмпіёнка XXI i XXII Алімп. гульняў у камандным першынстве, вольных практыкаваннях (1976, г. Манрэаль, Канада; 1980, Масква), апорным скачку (1976); сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1976). Абс. чэмпіёнка свету (1979, г. Форт-Уэрт, ЗША). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне (1974, г. Варна, Балгарыя), камандным першынстве, апорным скачку, вольных практыкаваннях; сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1978, г. Страсбур, Францыя), сярэбраны прызёр у камандным першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне, вольных практыкаваннях (1979). Чэмпіёнка Еўропы ў вольных практыкаваннях, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне (1975, г. Шыен, Нарвегія); апорным скачку, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, практыкаваннях на бервяне; бронз. прызёр у вольных практыкаваннях (1977, Прага). Абс. чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975). Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР у практыкаваннях на брусах, вольных практыкаваннях (1975, 1979), на бервяне (1975), апорным скачку (1979). Абс. чэмпіёнка СССР (1980), чэмпіёнка СССР у практыкаваннях на брусах (1973, 1975, 1979), на бервяне (1975—76), у вольных практыкаваннях (1975, 1979), апорным скачку (1976, 1979). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)