ПА́РНАЯ РЫ́ФМА, сумежная рыфма,

рыфма, якая звязвае два суседнія вершаваныя радкі ці рытмарады па схеме аабб. Пашырана ў нар. вершаскладанні і сілабічных вершах:

Вясна красна па зарэччу йшла,
А малым дзеткам па яечку нясла,
А старым дзядкам па кіёчку,
Маладым жанкам па сыночку.
(«Вясна красна па зарэччу йшла»)

У бел. паэзіі П.р. выкарыстоўваецца і ў сілаба-танічным вершы (часцей у двухрадкоўях і ў астрафічным вершы):

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак.
Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!
Над полем шырокім, над борам высокім світае.
Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!
(Я.​Пушча. «Дзень добры!»)

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ВЕРШ,

нерыфмаваны верш у сілабічным і сілаба-танічным вершаскладаннях. Узнік у 16 ст. як імітацыя ант. паэзіі, у якой адсутнічала рыфма. Традыцыйны яго памер — пяцістопны ямб. Форма белага верша дае магчымасць паэту шырока карыстацца размоўнымі пластамі нац. мовы, свабодна і гнутка будаваць фразу, узмацняць інтанацыйную і сэнсавую ролю рытму. Асабліва пашыраны ў драматургіі («Гамлет», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра, «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера, «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна). У бел. л-ры ўпершыню белы верш ужыты Сімяонам Полацкім у творах на лац. мове. Найчасцей ім карысталіся аўтары драм. паэм П.​Глебка («Над Бярозай-ракой»), П.​Панчанка («Маладосць у паходзе»), М.​Танк («Люцыян Таполя») і інш.

І.​Ф.​Штэйнер.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),

антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.​Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.​Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):

З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.

(2-і і 4-ы радкі — П.).

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

самая старажытная сістэма вершаскладання, якая ўзнікла ў народнай паэтычнай творчасці ўсх. славян у перыяд сінкрэтычнага мастацтва, дзе слова існавала неаддзельна ад музыкі, жэста, руху. Нар. верш спяваўся або напеўна дэкламаваўся. Так, рус. быліны, укр. думы, бел. замовы і галашэнні вымаўляліся нараспеў, нярэдка ў суправаджэнні (за выключэннем замоў і галашэнняў) муз. інструмента (гусляў, кобзы, ліры). Асабліва цесна звязаны слова і мелодыя, сэнс і гучанне ў бел. нар. песнях (гістарычных, каляндарна-абрадавых, лірычных). У нар. вершы вял. ролю адыгрываў чыста музычны прынцып арганізацыі рытму: у аснове сувымернасці была колькасць часу, неабходная для вымаўлення першаснай рытмічнай адзінкі — склада. У выніку слова настолькі падначальвалася напеву, што часта пазбаўлялася граматычнага націску або ён перастаўляўся з аднаго склада на другі, у вершаваных радках з’яўляліся лішнія словы, асобныя склады расцягваліся або сцягваліся (замест «у» і «і» з’яўляліся «ў» і «й»), Пазней, калі вершаваны тэкст пачаў паступова адасабляцца ад мелодыі, арганізуючым рытмічным пачаткам нар. верша стаў моцны (апорны) націск, які падпарадкоўваў сабе націскі суседніх слоў (не толькі дапаможных, але і самастойных). Чаргаванне пэўнай колькасці такіх націскаў у вершаваных радках стварала рытм танічнага ў сваёй аснове нар. верша (гл. Танічнае вершаскладанне). Існуюць 2 тыпы нар. верша: напеўны і гутарковы, або рэчытатыўны. Гутарковы верш больш позні, у ім у адрозненне ад напеўнага некалькі меншая сувязь з музыкай (напевам). Пашыраныя яго формы — былінны верш, раёшнік. Напеўны верш таксама неаднастайны. Даследчык бел. фальклору І.​Насовіч у прадмове да зб. «Беларускія песні» (1874) вылучаў у залежнасці ад колькасці апорных націскаў 3 віды нар. напеўнага верша — «у адзін тэмп»:

Камарочкі мае,
Не кусайце мяне,
А кусайце паноў,
Што не пускаюць дамоў;
«у два тэмпы»:
Ты сяло маё, / сяло новае
Сяло новае, / ўсё кляновае!
Ой, ты чым, сяло, / прыукрашана.
Ці калінаю, / ці малінаю,
А ці чорнаю / смародзінаю?;
«у тры тэмпы»:
Мак зялёны, / мак чырвоны, / у поўначы квіцець,
Там за гарою, / там за другою / мяне татка клічэць.

Песенны рытм «у тры тэмпы» найб. пашыраны ў стараж. песнях. Магчыма, ён паўплываў на рытміку былін, для якіх у пераважнай большасці таксама характэрны 3 моцныя націскі ў вершаваных радках.

Н.в. паступова відазмянялася пад уплывам літ. верша, які ўзнік у беларусаў у пач. 16 ст., — антычнага (метрычнага) верша ў паэзіі на лац. мове (гл. Антычнае вершаскладанне) і сілабічнага ў паэзіі на старабел. мове (гл. Сілабічнае вершаскладанне). Літ. верш з яго роўнаскладовасцю радкоў, раўнамернасцю чаргавання моцных (доўгіх) і слабых (кароткіх) складоў адчувальна ўплываў на чыста танічныя прынцыпы нар. верша. З 16 ст. ў вершы нар. песень узнікаюць сілаба-танічныя формы, што аб’ядноўваюць ранейшыя прыкметы тонікі (аднолькавая колькасць рытмічных акцэнтаў у радках) з новымі прыкметамі сілабізму (аднолькавая колькасць складоў). У песнях з’яўляюцца рыфмы, строфы; у сваю чаргу раннія сілаба-танічныя формы нар. верша пачалі ўплываць на літ. сілабічны верш, паскараючы фарміраванне сілаба-танічнага вершаскладання.

Літ.:

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),

вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).

Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.

Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.​Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.​Дрэйзіным, Б.​Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕГІ́ЧНЫ ДВУВЕ́РШ,

у антычнай літаратуры 2-радковая страфа верша, у якой 1-ы радок — гекзаметр, 2-і — пентаметр. Звычайна выражаў закончаную думку. Ужываўся ў элегіях, эпіграмах, эпітафіях, афарыстычных выказваннях. Шырока выкарыстоўваўся ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). У еўрап. паэзію перайшоў у змененым выглядзе (згодна з законамі сілаба-тонікі на месцы ранейшых доўгіх складоў у гекзаметры і пентаметры сталі націскныя, на месцы кароткіх — ненаціскныя). Да Э.д. звярталіся І.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, А.​Фет, І.​Франко і інш. У бел. паэзію яго ўвёў М.​Багдановіч:

З нізкага берага дно акіяна
  вачам не даступна, —
Глуха ўкрыла яго
  сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыну
  прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна,
  пабачыш ты стуль.
    («Пентаметры»)

У сучаснай бел. паэзіі Э.д. амаль не сустракаецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 18, кн. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,

дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.​Опіц, які першы пачаў пісаць філас. грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.​Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.​Г.​Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.​Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.

Літ.:

Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАДЗЬЯКО́ЎСКІ Васіль Кірылавіч (5.3.1703, г. Астрахань, Расія — 17.8.1768),

рускі пісьменнік, філолаг. Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі (Масква, 1723—26), Сарбоне (1727—30). У 1732—59 перакладчык у Пецярбургскай АН (з 1745 акад.). Пераклаў раманы П.​Тальмана «Паездка ў востраў Кахання» (1730; дадаў да яго свае любоўныя вершы, напісаныя мовай, блізкай да размоўнай), Д.​Барклея «Аргеніда» (1751), рус. гекзаметрам раман Ф.​Фенелона «Прыгоды Тэлемака» («Тылемахіда», 1766). У трактаце «Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў» (1735) прапанаваў новы прынцып арганізацыі рус. верша — сілаба-танічнае вершаскладанне, у зб. «Творы і пераклады як вершамі так і прозай» (т. 1—2, 1752) выклаў сваю тэорыю перакладу. Аўтар філас. паэмы «Феоптыя» (нап. 1753, выд. 1963), даследавання «Аб старажытным, сярэднім і новым вершаскладанні расійскім» (1755). Яго праца «Размова пра артаграфію» (1748) — першая рас. спроба вывучэння фанет. ладу мовы. Пераклаў «Старажытную гісторыю» Ш.​Ралена (т. 1—10, 1749—62), «Рымскую гісторыю» (т. 1—16, 1761—67) і інш. Пісаў драмы, оды, байкі, эпіграмы. На бел. мову яго байку «Фанабэрысты сабака» пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Избр. произв. М.; Л., 1963.

Літ.:

Венок Тредиаковскому. Волгоград, 1976;

Дерюгин А.А. В.​К.​Тредиаковский — переводчик: Становление классицистского перевода в России. Саратов, 1985.

Л.​В.​Календа.

т. 15, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМБ (ад грэч. iambos),

1) адзін з метраў ант. і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання, засн. на раўнамерным чаргаванні ў вершаваных радках кароткіх (ненаціскных) няцотных і доўгіх (націскных) цотных складоў.

2) Від двухскладовай стапы, што ўтвараецца з кароткага і доўгага (ант. вершаскладанне) або ненаціскнога і націскнога складоў (сілабатанічнае вершаскладанне):

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.
(М.​Багдановіч. «Зімой»)

У рус. паэзію Я. увялі В.​Традзьякоўскі і М.​Ламаносаў, ва ўкр. — І.​Катлярэўскі. У бел. л-ры ўпершыню тэрмін «Я.» упамінаецца ў кн. Л.​Зізанія «Грамматіка словенская...» (1596). У новай бел. л-ры ўжываецца ў творах канца 18 — пач. 19 ст. («Энеіда навыварат», «Уваскрэсенне Хрыстова», «Песня беларускіх жаўнераў»). Ва ўсходнеслав. паэзіі найб. пашыраны 4-стопны Я. («Яўген Анегін» А.​Пушкіна, «Энеіда» Катлярэўскага, «Новая зямля» і «Рыбакова хата» Я.​Коласа). Сустракаюцца і інш. разнавіднасці Я.: 2-стопны («Да вясны» Я.​Коласа), 3-стопны («Аблокі» А.​Вялюгіна), 5-стопны («Пярэдні край. Чужы. Неразгаданы» А.​Пысіна) і інш. Я. пішуць байкі, выкарыстоўваюць у цвёрдых формах вершаў, а таксама ў белым вершы, якім пішуць драм. творы.

В.​П.​Рагойша.

т. 18, кн. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)