ЯМБ (ад грэч. iambos),

1) адзін з метраў ант. і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання, засн. на раўнамерным чаргаванні ў вершаваных радках кароткіх (ненаціскных) няцотных і доўгіх (націскных) цотных складоў.

2) Від двухскладовай стапы, што ўтвараецца з кароткага і доўгага (ант. вершаскладанне) або ненаціскнога і націскнога складоў (сілабатанічнае вершаскладанне):

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.
(М.​Багдановіч. «Зімой»)

У рус. паэзію Я. увялі В.​Традзьякоўскі і М.​Ламаносаў, ва ўкр. — І.​Катлярэўскі. У бел. л-ры ўпершыню тэрмін «Я.» упамінаецца ў кн. Л.​Зізанія «Грамматіка словенская...» (1596). У новай бел. л-ры ўжываецца ў творах канца 18 — пач. 19 ст. («Энеіда навыварат», «Уваскрэсенне Хрыстова», «Песня беларускіх жаўнераў»). Ва ўсходнеслав. паэзіі найб. пашыраны 4-стопны Я. («Яўген Анегін» А.​Пушкіна, «Энеіда» Катлярэўскага, «Новая зямля» і «Рыбакова хата» Я.​Коласа). Сустракаюцца і інш. разнавіднасці Я.: 2-стопны («Да вясны» Я.​Коласа), 3-стопны («Аблокі» А.​Вялюгіна), 5-стопны («Пярэдні край. Чужы. Неразгаданы» А.​Пысіна) і інш. Я. пішуць байкі, выкарыстоўваюць у цвёрдых формах вершаў, а таксама ў белым вершы, якім пішуць драм. творы.

В.​П.​Рагойша.

т. 18, кн. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)