ІНДО́Л, бенза[b]пірол, 2,3-бензапірол,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C8H7N. Бясколерныя крышталі са слабым пахам нафталіну, tпл 52,5 °C, tкіп 254 °C, шчыльн. вадкага 1071,8 кг/м³ (56 °C). Добра раствараецца ў гарачай вадзе, аміяку, арган. растваральніках. Мае ўласцівасці араматычных злучэнняў. Уваходзіць у састаў каменнавугальнай смалы, з якой яго і вылучаюць. Структурны фрагмент прыродных злучэнняў (напр., трыптафану, сератаніну). Выкарыстоўваюць як фіксатар паху ў парфумерыі, вытворныя І. — у вытв-сці біялагічна актыўных злучэнняў (напр., гармонаў) і лек. сродкаў (напр., індапану).

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАРПАРАВА́НЫЯ МО́ВЫ, полісінтэтычныя мовы,

структурны тып моў, якія складаюцца са славесных комплексаў або слоў-сказаў, пабудаваных паводле прынцыпу інкарпарацыі. Да іх належыць шэраг палеаазіяцкіх моў (карацкая, ніўхская, чукоцкая і інш.), мовы паўн.-амер. індзейцаў (дакота, пают, хупа і інш.). У асобную тыпалагічную групу І.м. вылучыў у 19 ст. В.​Гумбальт. Вылучэнне іх у адметны тып моў не з’яўляецца агульнапрынятым у сучаснай лінгвістыцы, бо пэўнымі структурнымі прыкметамі яны аб’ядноўваюцца з аглюцінатыўнымі мовамі.

Літ.:

Гумбольдт В. Избр. труды по языкознанию. Пер. с нем. М., 1984.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУАНІ́Н, 2-аміна-6-оксіпурын,

пурынавая аснова, якая ёсць ва ўсіх жывых клетках у саставе нуклеінавых к-т (ДНК і РНК). Структурны кампанент нізкамалекулярных каферментаў, зыходнае рэчыва пры біясінтэзе птэрынаў, рыбафлавіну, фоліевай к-ты. Нуклеатыд гуаніну ўдзельнічае ў сінтэзе бялку, актывацыі тлушчавых к-т, цыкле трыкарбонавых к-т, глюканеагенезе. У значнай колькасці знаходзіцца ў экскрэментах павукападобных і птушак (адкрыты ў складзе гуана, адсюль назва), у лусцэ і скуры рыб (вапнавае злучэнне гуаніну надае лусцэ рыб характэрны бляск), паўзуноў і земнаводных. Пры дэзамінаванні адэназіндэзаміназай гуанін пераўтвараецца ў ксанцін.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТАЗАМІ́Н, хандразамін, 2-аміна-2-дэзоксігалактоза,

амінацукар, вытворнае галактозы. Вылучаны з храстковай тканкі. Моцная шчолач, добра растваральны ў вадзе, аптычна актыўны. У свабодным стане не сустракаецца. Трапляецца ў прыродзе амаль выключна ў выглядзе N-ацэтыльных вытворных, якія ўваходзяць у састаў глікапратэідаў, хондраітынсульфатаў, групавых элементаў крыві, гангліязідаў, глікаліпідаў мікабактэрый і інш.: N-ацэтылгалактазамін уваходзіць у састаў хандраітыну ў якасці адзінкі, якая паўтараецца; N-ацэтылгалактазамінсульфат — у састаў хандраітынсерных к-т, дэрматасульфату і кератасульфату. Дыцукрыдныя звёны гэтых вытворных галактазамінаў — структурны элемент мукоідаў чалавека і жывёлы — уваходзяць у састаў спецыфічнага поліцукрыду пнеўмакока.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАСТАК,

адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТФО́РМАВЫ ЧАХО́Л, асадкавы чахол,

верхні структурны ярус платформ, складзены з асадкавых неметамарфізаваных горных парод. Залягае на фундаменце платформавым крышталічным з рэзкай рэгіянальнай структурнай і стратыграфічнай нязгоднасцю. Пласты парод П.ч. залягаюць гарызантальна або паката, паступова мяняюць па плошчы магутнасць (ад адзінак і дзесяткаў метраў на шчытах да тысяч метраў на плітах). Структуры пакатыя (платформавага тыпу) без значных тэктанічных дэфармацый. У складзе П.ч. могуць сустракацца магматычныя ўтварэнні, пераважна вулканічныя пароды трапавай фармацыі. Часам паміж чахлом і фундаментам знаходзяцца адклады прамежкавага паверха, якія звычайна характэрны для маладых платформ.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРА́Н,

гетэраараматычнае злучэнне, C4H4O. Цыкл Ф. — структурны фрагмент некат. прадуктаў метабалізму раслін.

Бясколерная вадкасць з пахам хлараформу, tкіп 31,3 °C, шчыльн. 937 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, мала — у вадзе. Устойлівы да дзеяння шчолачаў, раскладаецца к-тамі і акісляльнікамі з утварэннем нецыклічных алігамераў. На паветры лёгка акісляецца з утварэннем пераксіду. Характэрны рэакцыі электрафільнага замяшчэння: галагеніраванне, нітраванне, сульфіраванне, ацыліраванне і інш. Атрымліваюць Ф. дэкарбаніліраваннем фурфуролу, дэкарбаксіліраваннем піраслізевай к-ты. Выкарыстоўваюць для сінтэзу тэтрагідрафану, піролу, як растваральнік і экстрагент для алеяў і тлушчаў. Таксічны. Іл. гл. да арт. Гетэрацыклічныя злучэнні.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎЭ МЕ́ТАД,

метад даследавання монакрышталёў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Выкарыстоўваецца для вызначэння прасторавай арыентацыі і рэальнай структуры монакрышталёў, іх пунктавай групы сіметрыі, змен крышталічнай структуры пад уздзеяннем т-ры, ціску, апрамянення і інш.

У Л.м. тонкі пучок рэнтгенаўскіх прамянёў неперарыўнага спектра падае на нерухомы монакрышталь. Рассеянае выпрамяненне ў напрамках, вызначаных паводле Брэга—Вульфа ўмоў, рэгіструецца на фотаплёнцы, размешчанай за крышталём, перпендыкулярна праменю; атрыманы відарыс наз. лаўэграмай (у выпадку вял. крышталёў плёнка размяшчаецца перад імі і лаўэграма наз. эпіграмай). Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз.

М.​М.​Аляхновіч.

Да арт. Лаўэ метад: лаўэграма крышталю меднага купарвасу.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УМРЭ́ЙКА Дзмітрый Сцяпанавіч (н. 18.3.1934, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1971), праф. (1972). Засл. дз. нав. (1999). Сын С.А.Умрэйкі. Скончыў БДУ (1956). З 1959 у БДУ (з 1964 начальнік н.-д. сектара). З 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1971 нам. дырэктара, у 1978—99 заг. лабараторыі). Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі. Распрацаваў малекулярны спектральна-структурны аналіз каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў, метады аналізу складаных шматкампанентных газавых асяроддзяў.

Тв.:

Ураниловые соединения. Т. 1—2. Мн., 1981 (у сааўт.);

Химия и спектроскопия галогенидов платиновых металлов. Мн., 1990 (у сааўт.);

Фотоника соединений шестивалентного урана. Гомель, 2000 (разам з У.​У.​Сыцько).

т. 16, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦЬКО́ Валерый Іванавіч (н. 30.1.1940, г.п.Пагранічны Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1975). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, з 1992 у Навук. цэнтры праблем механікі машын, адначасова з 1989 у БДУ. Навук. працы па тэорыі і метадах лічбавай фільтрацыі сігналаў, аўтаматызацыі паскораных выпрабаванняў дынамічных аб’ектаў. Распрацаваў дыферэнцыяльна-структурны метад пераўтварэння графічнай інфармацыі, алгарытмы апрацоўкі эксперым. інфармацыі ў геафізіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Модификация дискретного преобразования Фурье для обработки процессов в реальном времени. Мн., 1988 (разам з У.​Я.​Куконіным);

Цифровая фильтрация и обработка сигналов. Мн., 1995 (разам з У.​Я.​Куконіным, М.​Б.​Шыхавым).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)