1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.
2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.
3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІЯ́ЗМ [ад грэч. chiasmos размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэч. літары Χ (хі)],
від сінтаксічнага паралелізму, пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі — другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэт. радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці маст. апісання: «...служыла салдатам сасна — для труны, // для крыжа — бяроза» (А.Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях // сынава сэрца рыдае» (П.Панчанка). Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца Х., дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова — // штосьці страціў у душы абавязкова» (Н.Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (С.Грахоўскі). Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца Х. у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, // зараз жа вярнуся...» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ (франц. carré літар. квадрат),
1) са старажытнасці да 2-й пал. 19 ст. баявы парадак пяхоты ў выглядзе квадрата (прамавугольніка), кожны бок якога складаў разгорнуты строй або калону. Вядома ўжо ў стараж. Грэцыі і Рыме, найб. пашырана ў арміях еўрап. краін у часы панавання т.зв. лінейнай тактыкі (17—19 ст.). Магло весці наступленне, ці, спыніўшыся, імгненна перайсці да абароны і адбіваць атакі праціўніка (пераважна конніцы) адначасова з усіх бакоў. Нярэдка мела конніцу і артылерыю. Утворанае з цэлай арміі К. было маларухомым, яго прарыў вёў да поўнага разгрому войск. Рас. палкаводзец П.А.Румянцаў-Задунайскі ўпершыню ўвёў больш эфектыўныя дывізійныя і палкавыя К., а яго паслядоўнік А.В.Сувораў — батальённыя і ротныя. Перастала выкарыстоўвацца ў сувязі з масавым аснашчэннем войск скарастрэльнай наразной зброяй; у рас. арміі адменена ў 1881.
2) Форма пастраення войск па-за боем для правядзення розных мерапрыемстваў і воінскіх рытуалаў, аналагічная баявому К., пры якой складаючыя яго страі стаяць на месцы і павернуты тварам унутр квадрата (прамавугольніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́Му міжнародным праве,
адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л.гандл. адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
змены гукаў у межах фанет. слова пад уздзеяннем суседніх гукаў або агульных умоў вымаўлення. Да асн. Ф.п. належаць акамадацыя (прыстасаванне артыкуляцыі зычных і галосных гукаў, якія ў моўнай плыні стаяць побач), асіміляцыя (прыпадабненне зычных да зычных і галосных да галосных у межах слова), дысіміляцыя (распадабненне зычных або галосных па якой-н. прыкмеце), рэдукцыя (скарачэнне і змяненне гучання ненаціскных складоў і найперш галосных гэтых складоў), пратэзы або прыстаўныя гукі (зычныя ці галосныя гукі, якія з’яўляюцца ў пачатку слова ў пэўных фанет. умовах; напр., «вуліца», «ільвы»), эпентэза (устаўка звычайна зычных гукаў у сярэдзіну слова ў выпадку збегу 2 галосных пры запазычаннях), дыярэза (выпадзенне асобных гукавых элементаў; напр., «позна», «абласны»), гаплалогія (выпадзенне са слова аднаго з аднолькавых складоў), кантракцыя (сцяжэнне 2 і больш гукаў у адзін).
Літ.:
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;
Падлужны А.І. Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення // Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ШКІНА Тамара Рыгораўна (н. 31.10.1931, в. Ніжняя Алешня Ражскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958, курс Дз.Арлова). З 1959 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1964 у Нац.акад. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца драм., лірычных, характарных роляў: у Гродзенскім т-ры — Любоў («Салдаты» В.Шаўрына), Маша («Тры сястры» А.Чэхава), Патрыцыя («Тры таварышы» паводле Э.М.Рэмарка); у т-ры імя Я.Коласа — Марыля («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Манаева («Трывога» А.Петрашкевіча), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Марына («Улада цемры» Л.Талстога), Соф’я («Зыкавы» М.Горкага), Кэт («Семнаццаць імгненняў вясны» паводле Ю.Сямёнава), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Беатрычэ («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Эўгенія («І паміраючы дрэвы стаяць» А.Касоны), місіс Уайр («Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» паводле Т.Уільямса) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ Радзівон Якаўлевіч (23. 11.1898, г. Адэса, Украіна — 31.3.1967),
савецкі ваен. дзеяч, Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1958). Нар. Герой Югаславіі (1964). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. ў складзе рус. экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. У Чырв. Арміі з 1919. Пасля грамада. вайны ў войсках і штабах Паўн.-Каўк.ваен. акругі і БВА. Удзельнік (1937—38) вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1939 на выкладчыцкай рабоце. У Вял.Айч. вайну на Данскім, Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах: камандзір стралк. корпуса, каманд. арміямі, франтамі. З ліп. 1945 камандуючы войскамі Забайкальскага фронту, які ўдзельнічаў у разгроме яп. Квантунскай арміі (гл.Маньчжурская аперацыя 1945). Пасля вайны камандуючы войскамі Забайкальска-Амурскай ваен. акругі, галоўнакамандуючы войскамі Д. Усходу, камандуючы войскамі Далёкаўсходняй ваеннай акругі. З 1956 першы нам. міністра абароны СССР і Галоўнакамандуючы сухап. войскамі. У 1957—67 міністр абароны СССР. Узнагароджаны ордэнам «Перамога». Аўтар кніг «Пільна стаяць на варце міру» (1962), «Веліч перамогі» (1965), «Салдаты Расіі» (выд. 1969).