ХІЯ́ЗМ [ад грэч. chiasmos размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэч. літары Χ (хі)],
від сінтаксічнага паралелізму, пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі — другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэт. радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці маст. апісання: «...служыла салдатам сасна — для труны, // для крыжа — бяроза» (А.Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях // сынава сэрца рыдае» (П.Панчанка). Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца Х., дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова — // штосьці страціў у душы абавязкова» (Н.Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (С.Грахоўскі). Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца Х. у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, // зараз жа вярнуся...» (Я.Колас).
Л.А.Антанюк.
т. 17, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)