рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁКМА,
рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл.бас. 210 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв.Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШЫ́М,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл.бас. 177 тыс.км². Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м³/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас. каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕСТР (малд.Ністру),
рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш. каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.
Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м.Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІ́,
рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс.км²) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫГІ́РКА,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Даўж. 1726 км, пл.бас. 360 тыс.км². Пачынаецца з двух вытокаў — Хастах і Тарын-Юрах на паўн. схілах Халканскага хр.; упадае ва Усх.-Сібірскае м. У вярхоўях цячэ па Аймяконскім нагор’і, далей у вузкай цясніне праразае хр. Чэрскага, утварае парогі. Ніжняе цячэнне на Яна-Індыгірскай нізіне, дзе характэрны прамыя доўгія плёсы шыр. 350—500 м. Асн. прытокі: Селенях, Уяндына, Алаіха (злева), Мома, Бадзярыха (справа). За 130 км ад вусця І. разбіваецца на рукавы, утварае дэльту пл. 5,5 тыс.км². Жыўленне снегавое і дажджавое. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Месцамі перамярзае, тыповыя вял. наледзі (тарыны). Характэрны летнія паводкі. Сярэдні расход вады 1850 м³/с. Суднаходная ад упадзення р. Мома (1154 км). У вусці промысел рыбы (рапушка, нельма, муксун і інш.). Гал. прыстані: Хануў, Дружына, Чакурдах, Табор.