ЧУЛЫ́М,

рака, правы прыток р. Об, у Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі. Даўж. 1799 км, пл. бас. 134 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Белы і Чорны Іюс, што бяруць пачатак у Кузнецкім Алатау. Ад месца зліцця да г. Ачынск — горная рака, ніжэй цячэ па Чулыма-Енісейскай катлавіне, дзе разбіваецца на рукавы і часта перамяшчаецца; потым у шырокай пойме Чулымскай раўніны са шматлікімі азёрамі і старыцамі, рэчышча з многіх рукавоў. Гал. прытокі: Кемчуг, Чычкаюл (справа), Кія, Яя (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 785 м³/с. Сплаўная. Суднаходная на 1173 км ад вусця. На Ч. гарады Назарава, Ачынск, Асіна.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)