МАРМЕЛА́Д (франц. marmelade ад партуг. marmelada ад marmelo айва),

жэлепадобны кандытарскі выраб (цукеркі). Адрозніваюць М. фруктова-ягадны, які атрымліваюць уварваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай (дадаюць харч. к-ты і фарбавальнікі, пахучыя рэчывы), і жэлейны, у састаў якога ўваходзіць таксама агар-агар або пекцін.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЛЫ,

пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.​Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап. ч. СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.​І.​Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНДЗІ́РАВАННЕ ЗЯМЛІ́,

вывучэнне наземных аб’ектаў на значнай адлегласці з паветра, космасу. Грунтуецца на выпрамяненні наземнымі аб’ектамі ўласнай энергіі або адлюстраванні сонечнага ці штучна накіраванага выпрамянення і іх рэгістрацыі апаратурай, якая бывае наземнай (у т. л. надводнай), паветранай, касмічнай. Размяшчаецца на самалётах, верталётах, аэрастатах, ракетах, штучных спадарожніках і інш. Аналіз спектральных характарыстык у розных дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення дазваляе распазнаваць аб’екты і атрымаць інфармацыю пра іх памеры, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Напр., для пошуку радыеактыўных руд і крыніц выкарыстоўваюць γ-дыяпазон, для вызначэння хім. саставу глеб і горных парод — ультрафіялетавую ч. спектра, для вывучэння глеб і расліннасці — светлавы дыяпазон, для ацэнкі т-р паверхні аб’ектаў — інфрачырвоны. Нясуць інфармацыю пра рэльеф паверхні, мінерал. састаў, вільготнасць, глыбінныя ўласцівасці прыродных утварэнняў і атм. слаі радыёхвалі. Гл. таксама Зандзіраванне атмасферы, Аэрафотаздымка, Аэраэлектраразведка, Касмічная здымка.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,

хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).

Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.

Б.​В.​Корзун.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

аднародная фізіка-хім. сістэма, якая мае адну фазу. Хім. састаў і фіз. ўласцівасці ва ўсіх частках гамагеннай сістэмы аднолькавыя ці мяняюцца без скачкоў (паміж часткамі сістэмы няма паверхні падзелу). Гамагенная сістэма можа быць ізатропнай (газы, вадкасці) і анізатропнай (большасць цвёрдых і вадкіх крышталёў, гл. Анізатрапія). Гл. таксама Гетэрагенная сістэма.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФЕ́Н, 3,3-дыметыл-2-метылбіцыкла-[2, 2, 1] гептан,

вуглевадарод тэрпенавага рада. Бясколерныя крышталі з камфарным пахам, tпл 48—52 °C. Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, бензоле, этаноле, не раствараецца ў вадзе. Уваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў шкіпінару. У прам-сці атрымліваюць каталітычнай ізамерызацыяй пінену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці камфоры, інсектыцыдаў, пахучых рэчываў.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЮКАЗАМІ́Н,

C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬ-ПО́ЕЗД,

чыгуначны састаў з маторнымі (абсталяваныя цягавымі рухавікамі — дызелямі) і прычапнымі вагонамі. Маторныя вагоны (2 ці болей) з кабінамі кіравання звычайна размяшчаюцца на канцах цягніка. Канструкцыйная скорасць Д.-п. да 120 км/гадз і больш. Выкарыстоўваюцца для прыгарадных і мясц. зносін на неэлектрыфікаваных чыгунках. Маторны вагон, які выкарыстоўваецца самастойна (без прычапных), наз. аўтаматрысай.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)