ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДПАЛЕ́ССЕ,
вобласць геамарфалагічнага раянавання на Пд Беларусі (паводле А.В.Мацвеева), што ўтварае араграфічную ступень паміж Цэнтральнабеларускімі краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі і Палескай нізінай. Уключае 19 геамарфалагічных раёнаў. Для П. характэрны зандравыя раўніны, якія акаймоўваюць з паўд. боку пояс буйнейшых на Беларусі ўзвышшаў і град; дэнудаваныя краявыя ледавіковыя ўтварэнні на З і лёсавыя адклады на У. Пераважныя вышыні рэльефу 160—190 м, у межах град і ўзгоркаў да 200 м і болей. Часта трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. На прыдалінных участках шмат яроў і лагчын.
т. 12, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНЦІ́Р,
1) добра бачны на мясцовасці нерухомы прадмет або элемент рэльефу, па якім можна арыентавацца на мясцовасці.
2) У пераносным значэнні — кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка.
т. 2, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАРЭЛЬЕ́Ф (ад мега... + рэльеф),
самыя буйныя формы рэльефу сушы, дна акіянаў і мораў. Уключае планетарныя формы (мацярык, ложа акіяна) і буйныя формы (горныя краіны, вял. раўніны).
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.
Л.А.Нічыпарэнка.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ГРЭ́БЕНЬ,
найбольш высокая ч. якога-н. горнага хрыбта ці горнага масіву. Рэзка вылучаецца, мае востразубчастую форму з чаргаваннем вяршынь і паніжэнняў. У высокіх гарах мае ледавікі і ледавіковыя формы рэльефу.
т. 5, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОГ,
даліна значнай працягласці, з роўным днішчам і спадзістымі схіламі, зарослымі вільгацелюбівай расліннасцю; адмоўная форма эразійнага рэльефу. Часта атаясамліваецца з лагчынай. На Беларусі Л. часта называюць неглыбокія паніжэнні без пастаяннага вадасцёку.
т. 9, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГРЭ́СІЯ (ад лац. ingressio уваходжанне, уступленне),
павольнае (векавое) пранікненне марскіх і азёрных вод у паніжэнні рэльефу прыбярэжнай сушы пры павышэнні ўзроўню мора або пры апусканні берага. У выніку І. ўтвараюцца інгрэсійныя берагі.
т. 7, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Уільям Морыс) (12.2.1850, г. Філадэльфія, ЗША — 5.2.1934),
амерыканскі геолаг і географ. Скончыў Гарвардскі ун-т (1870) і працаваў у ім з 1876. Праф. (1890). Заснавальнік Асацыяцыі амер. географаў (1904) і прэзідэнт Амерыканскага геал. т-ва (1911), ганаровы чл. многіх геал. і геагр. т-ваў (у т. л. Рускага геагр. т-ва). У 1890—1915 працаваў у Геал. службе ЗША, вёў даследчую работу ў розных раёнах ЗША, у краінах Паўд. Амерыкі і Зах. Еўропы. У 1903 пабываў у пустынных раёнах Туркестана. У 1890-х г. распрацаваў вучэнне аб геагр. цыклах (тэорыя развіцця рэльефу зямной паверхні). Стварыў школу геамарфолагаў. Увёў новы тып адлюстравання рэльефу — блок-дыяграмы, мадэлі.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЛАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
адзін з двух асн. відаў скульптуры, які ў адрозненне ад рэльефу мае 3 вымярэнні, што дае магчымасць аглядаць яе з усіх бакоў. Як правіла, існуе ў выглядзе скульпт. групы, статуі, бюста.
т. 8, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)