Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫНЯ́ СЯЧЭ́ННЯ РЭЛЬЕ́ФУ,
рознасць вышынь дзвюх суседніх гарызанталей на тапаграфічнай карце ці плане. У залежнасці ад маштабу і прызначэння карты (плана) карыстаюцца вышынямі 0,5; 1; 2,5; 10 м і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗАНТА́ЛІ, ізагіпсы,
лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышынірэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць рэльеф зямной паверхні, яго паходжанне, узрост, формы і іх памеры. Вылучаюць агульныя геамарфалагічныя карты шырокага (комплекснага) зместу і прыватныя, якія складаюцца па асобных (морфаметрычных, структурна-геамарфалагічных і інш.) прыкметах рэльефу, а таксама спецыяльныя, прызначаныя для вырашэння спец. навуковых ці гасп. задач (напр., пры пошуках асобных радовішчаў карысных выкапняў, пры дарожным будаўніцтве і інш.). Для характарыстыкі рэльефу дна акіянаў і мораў складаюць геамарфалагічныя карты падводнага рэльефу. Марфалогію, дынаміку і паходжанне рэльефу берагавой зоны адлюстроўваюць на геамарфалагічнай карце берагоў. На аснове геамарфалагічных картаў складаюць карты геамарфалагічнага раянавання з паслядоўным падзелам тэр. на геамарфалагічныя краіны, правінцыі, вобласці, раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯў геалогіі,
1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.
2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад мікра... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),
раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,
раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-ва горных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.
Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.