ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),

сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)