ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Пятро) (Пётр Савельевіч; н. 15.5.1922, в. Сямёнаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1953). У 1953—88 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1942. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар аповесцей «Новы дзень» (1956), «Першапутак» (1959), «Вечныя маладажоны» (1987), п’ес «Год дзевяцьсот семнаццаты» (паст. 1957), «Чалавек вярнуўся» (паст. 1959), «Любоў, Надзея, Вера...» (паст. 1960) і інш., п’есы для тэлебачання «Руслан плюс Людміла» (1984). Пісьменніка цікавяць пераважна маральна-этычныя праблемы. Рэжысёр фільмаў «Палеская легенда» (1957, з М.​Фігуроўскім), «Рагаты бастыён» (1965) і інш.

Тв.:

Твой заўтрашні дзень: П’есы. Мн., 1968;

Красота человеческая: Повесть и рассказы. Мн., 1980;

Образ жизни: Пьесы. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1967), нар. арт. СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.​Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.​Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.​Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЎЧЭ́НЯ (Аляксей Піліпавіч) (12.8.1910, г. Адэса, Украіна — 10.3.1974),

украінскі і рас. спявак (бас). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1938). З 1938 у т-рах Украіны і Расіі. З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Майстар пераўвасаблення, валодаў вял. вак. выразнасцю. Сярод лепшых партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулака-Арцямоўскага), Тарас («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Іван Хаванскі, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Іван Сусанін, Фарлаф («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступаў як канцэртны спявак, здымаўся ў кінафільмах. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.​Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.​Глінкі, «Дударай» Я.​Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.​Сметаны, «Мадам Бавары» Э.​Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.​Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.А.Зайцаў.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю

(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.​Крэвінг),

хор (кіраўнікі М.​Фідзюноў, В.​Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.​Рэйдэр, Я.​Казанская, Е.​Калабазіна, піяністы В.​Багалюбава і А.​Боркус, скрыпач С.​Дзісман, музыказнаўцы С.​Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага і інш.

А.​Л.​Капілаў.

т. 9, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац. акад. т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.​Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.​Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Юнак («Балеро» М.​Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.​Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.​Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова).

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШКО́ЎСКІ (Адам Паўлавіч) (1793, С.-Пецярбург — паміж 1868 і 1870),

рускі артыст балета, балетмайстар, першы тэарэтык і гісторык рус. харэаграфіі. Скончыў Пецярбургскую балетную школу (1809), вучыўся ў І.Вальберха і Ш.Дзідло. У 1808—11 танцаваў на пецярбургскай сцэне, у 1812—31 у Вял. т-ры ў Маскве. Спачатку выступаў у віртуозным рэпертуары, пазней выконваў пантамімныя і характарныя ролі. У 1812—39 кіраўнік балетнай школы і гал. балетмайстар Вял. т-ра. Паставіў больш за 39 арыг. спектакляў. Прапагандаваў нац. фальклор, даў узоры тэатралізацыі рус. нар. танцаў. Ставіў і шматактавыя балеты-меладрамы ў стылі «рамана жахаў». Увасобіў 14 балетаў Дзідло. Упершыню стварыў спектаклі на тэмы рус. л-ры, у т. л. «Руслан і Людміла, або Звяржэнне Чарнамора...» Ф.​Шольца паводле А.​Пушкіна (1821, выканаў таксама партыю Руслана) і інш. Аўтар літ. прац, у якіх шмат кашт. звестак і разважанняў пра балет 1-й пал. 19 ст. («Успаміны балетмайстра», 1940).

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Расціслаў Уладзіміравіч) (7.9.1907, г. Астрахань, Расія — 15.1.1984),

рускі балетмайстар, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1969).

Д-р мастацтвазнаўства (1970). Праф. (1951). Скончыў маст. вучылішча (1926), тэатр. ін-т (1948, экстэрнам) у Ленінградзе. У 1936—39 кіраўнік балетнай трупы, у 1936—56 балетмайстар і оперны рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці імкнуўся да манументальнасці, вял. значэнне надаваў літ. сюжэту, драматызацыі балетнага дзеяння. Сярод пастановак: балеты «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1934) і «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1945; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1973 і 1965), «Медны коннік» Р.​Гліэра (1949); оперы — «Руслан і Людміла» М.​Глінкі (1937), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1943), «Вільгельм Тэль» Дж.​Расіні (1942). Аўтар кніг па мастацтве балета. Сярод вучняў: Г.Р.Валамат-задэ, В.​Грывіцкас, А.​Лапауры, Н.​Канюс, М.Лаўроўскі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.

Літ.:

Ивашнев В.И., Ильина К. В.​Ростислав Захаров: Жизнь в танце. М., 1982.

Р.У.Захараў.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́МАНАЎ Юрый Іванавіч (н. 4.3.1941, г. Саратаў, Расія); расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1965, 1968). З 1969 дырыжор, з 1970 гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве. У 1985—89 маст. кіраўнік і гал. дырыжор арганізаванага ім Дзярж. Малога сімф. аркестра СССР. Адначасова ў 1978—91 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1985 праф.). З 1994 муз. дырэктар Бельгійскага нац. аркестра, пастаянны запрошаны дырыжор аркестра Венгрыі. З 1998 узначальвае Акад. сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі. Сярод пастановак у Вял. т-ры: оперы «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, «Пскавіцянка» М Рымскага-Корсакава, «Золата Рэйна» Р.​Вагнера, «Так робяць усе» В.​А.​Моцарта, «Замак герцага Сіняя Барада» Б.​Бартака, балеты «Пятрушка» і «Жар-птушка» І.​Стравінскага, «Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына, «Залаты век» Дз.​Шастаковіча. Ставіў оперы ў т-ры «Ковент-Гардэн» і інш. 1-я прэмія Міжнар. конкурса аркестравых дырыжораў (1968, Рым).

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)