АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,

метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.​Хевешы і Г.​Леві (1936).

Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10​−7—10​10% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.

Э.​І.​Гірэй.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,

электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз. эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.

М.​А.​Гольберг.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).

2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.​Н.​Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.

Г.​А.​Семянюк.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,

даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз. дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.

Т.​Я.​Бондар, М.​Е.​Заяц.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.

Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ,

знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць аб важных царк. падзеях і ў гонар святых. Хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. З ліку гал. свят некаторыя адзначаюцца ў пастаянныя дні і наз. непераходнымі (усяго іх 9 — Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а другія залежаць ад зменлівага часу святкавання Вялікадня і наз. пераходны.мі (іх 3 — Уваход Гасподні ў Іерусалім, Ушэсце Гасподняе, Дзень Святой Тройцы). 5 вял. свят (Абразанне Гасподняе, Раство Іаана Прадцечы, Памяць святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, Адсячэнне галавы Іаана Прадцечы, Пакроў Прасвятой Багародзіцы) з’яўляюцца непераходнымі.

С.р. суправаджаюцца адпаведнымі богаслужэннямі і абрадамі: яны звязаны з рэліг. веравучэннем, культам. У час многіх царк. свят забараняецца працаваць, вучыцца, забаўляцца. Рэліг. святочныя дні прызначаюцца для духоўнага богаўгоднага жыцця, наведвання царквы, малітваў. Царк. правасл. каляндар дакладна вызначае пасты (посныя дні). За год бываюць 4 шматдзённыя пасты (найб. важны і строгі — Вялікі Пост, які працягваецца 7 тыдняў перад Вялікаднем). Найвялікшае хрысціянскае свята — Вялікдзень (Пасха, Уваскрэсенне Хрыстова). Пасля прыняцця хрысціянства на Беларусі многія царк. святы паступова былі прымеркаваны да стараж. нар. свят, таму нар. і рэліг. святы нярэдка адзначаюцца ў адны і тыя ж дні, напр., Каляды — Раство Хрыстова; Грамніцы — Стрэчанне Гасподняе; Гуканне вясны — Дабравешчанне; Вербніца — Уваход Гасподні ў Іерусалім; Вялікдзень — Уваскрэсенне Хрыстова (Пасха); Сёмуха (Зялёныя святкі) — Тройца; Купалле — Раство Іаана Прадцечы; Спас — Праабражэнне Гасподняе, Багач — Раство Дзевы Марыі (Раство Багародзіцы) і інш. С.р. ў правасл. і каталіцкіх хрысціян адзначаюцца па розных календарах (католікі — па грыгарыянскім, а правасл. — па юліянскім), таму розніца паміж датамі іх правядзення складае 13 дзён. Многія бел. святы маюць сінкрэтычны (змешаны) характар, бо ў іх у рознай ступені прысутнічаюць язычніцкія і хрысц. элементы (Стрэчанне, Юр’е, Спас, Пакровы).

Прыхільнікі ісламу і іудаізму адзначаюць свае рэліг. святы па мясцовым календары. Гал. мусульманскія святы: Курбан-Байрам (дзень ахвярапрынашэння Богу), Ураза-Байрам (дзень заканчэння посту — уразы), Маўлюд (дзень нараджэння прарока Мухамеда), Мірадж (ноч цудоўнага ўзнясення прарока Мухамеда на неба). Важную ролю ў жыцці мусульман адыгрывае вялікі пост на працягу месяца рамадан (рамазан). Найб. буйныя іудзейскія святы: Песах (Пасха, свята зыходу яўрэяў з Егіпта), Сукот (свята збору ўраджаю і ўспаміну пра 40-гадовае вандраванне яўрэйскага народа па егіпецкай пустыні), Рош-Гашана (першыя дні Новага года), Шавуот (дзень уручэння Усявышнім прароку Майсею Торы і дзесяці запаведзей), Йом-Кіпур (апошні з 10 дзён пакаяння; дзень збавення). Гл. таксама Святы і святочныя дні.

Літ.:

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд., Мн., 1998;

Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн., 1993;

Сысоў У.М. З крыніц спрадвечных. Мн., 1997;

Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т.] 1—2. М., 1996.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДРУ́ЖНАСЦЬ НЕЗАЛЕ́ЖНЫХ ДЗЯРЖА́Ў (СНД),

аб’яднанне суверэнных дзяржаў, утворанае на большай частцы тэрыторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж Рэспублікай Беларусь, Рас. Федэрацыяй і Украінай. Кіраўнікі 11 суверэнных дзяржаў (б. рэспублік СССР, акрамя прыбалтыйскіх і Грузіі) падпісалі 21.12.1991 у г. Алматы (да 1995 сталіца Казахстана) Пратакол да Пагаднення аб стварэнні Садружнасці, у якім падкрэслівалася, што Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць СНД, і Дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць гэтых дзяржаў да супрацоўніцтва ў розных сферах знешняй і ўнутр. палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў б. СССР. Парламенты краін — членаў СНД ратыфікавалі Белавежскія пагадненні. У снеж. 1993 да Садружнасці далучылася Грузія. СНД дзейнічае на аснове Статута, прынятага Саветам кіраўнікоў дзяржаў 22.1.1993. Садружнасць засн. на пачатках суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў. Дзяржавы — члены СНД з’яўляюцца самастойнымі і раўнапраўнымі суб’ектамі міжнар. права. СНД не з’яўляецца дзяржавай і не валодае наднац. паўнамоцтвамі. У вер. 1993 кіраўнікі дзяржаў СНД падпісалі Дагавор аб стварэнні Эканам. саюза, у якім закладзена канцэпцыя трансфармацыі гасп. ўзаемадзеянняў у рамках Садружнасці. Узаемадзеянне краін ў рамках СНД ажыццяўляецца праз яго каардынуючыя ін-ты: Савет кіраўнікоў дзяржаў (чарговае пасяджэнне адбылося ў Мінску 1.6.2001), Савет кіраўнікоў урадаў, Міжпарламенцкую Асамблею СНД, Выканаўчы камітэт (дзейнічае з 2.4.1999 як пераемнік Выканаўчага сакратарыята і Міждзярж. эканам. к-та, размешчаных у Расіі і Беларусі) і інш. Статус назіральніка прадастаўлены Садружнасці Ген. Асамблеяй ААН (сак. 1994) і Саветам па гандлі і развіцці (ЮНКТАД; 19.4.1994). Паміж сакратарыятам ЮНКТАД і Выканаўчым к-там СНД падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве (5.5.1994). У 1995 наладжаны дзелавыя кантакты з Міжнар. арг-цыяй працы, Сусв. арг-цыяй аховы здароўя, Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў. Прадстаўнікі Выканаўчага к-та ўдзельнічаюць у буйнейшых нарадах і форумах, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, інш. міжнар. арг-цый. Некат. краіны Садружнасці стварылі асобныя аб’яднанні: Саюз Беларусі і Расіі, Мытны саюз (Рэспубліка Беларусь, Рас. Федэрацыя, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) і інш.

Узаконена канцэпцыя рознахуткаснай інтэграцыі ўнутры Садружнасці. З сярэдзіны 1990-х г. у СНД выявіліся і цэнтрабежныя тэндэнцыі, надзеі на хуткую і цесную інтэграцыю яе краін-членаў не апраўдаліся. Асн. прычыны такога працэсу: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый, рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканам. канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калект. бяспекі; боязь страціць значную частку суверэнітэту і магчымасці прысваення гэтых функцый Расіяй; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; розніца сфер інтарэсаў і мэт знешняй палітыкі краін — удзельніц СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калект. бяспецы (1992), з якога выйшлі Азербайджан, Грузія і Ўзбекістан (1999) Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканам., паліт. і ваен. супрацоўніцтва і інтэграцыю; была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканам прасторы, калект. бяспецы, фарміраванні зоны свабоднага гандлю.

Літ.:

Содружество независимых государств: Портрет на фоне перемен. Мн., 1996;

Гордейчик А., Снапковский В. О нынешнем состоянии СНГ и перспективах его развития // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. № 1.

А.​В.​Шарапа.

т. 14, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ,

гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант. гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл. Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж. рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.

Літ.:

Вайнштейн О.Л. Западноевропейская средневековая историография. М.; Л., 1964;

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в. М., 1969;

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),

1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.

2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч. аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.

У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст. рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец. сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст. н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).

На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус. археал. т-ва У.​В.​Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.​П.​Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял. Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец. навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.​Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.​Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.​Ф.​Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.

Літ.:

Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.

В.​В.​Калнін.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)