СТА́ТЫКА (ад грэч. statikē вучэнне пра вагу, раўнавагу),

раздзел механікі, які вывучае ўмовы раўнавагі цел пад уздзеяннем сіл. Адрозніваюць С. цвёрдага цела, С. пругка дэфармаванага цела, гідрастатыку і аэрастатыку.

У С. цвёрдага цела ўмовы раўнавагі сістэм сіл, што дзейнічаюць на яго, знаходзяць пры складанні сіл і замене іх эквівалентнай (звычайна больш простай) сістэмай сіл. Напр., сілы, прыкладзеныя ў адным пункце цела, можна замяніць раўнадзейнай, прыкладзенай у гэтым жа пункце. Умова раўнавагі свабоднага цела — роўнасць раўнадзейнай нулю, а таксама роўнасць нулю геам. сумы момантаў прыкладзеных сіл (гл. Раўнавага механічнай сістэмы). Пры гэтым цела будзе знаходзіцца ў спакоі або рухацца раўнамерна і прамалінейна адносна дадзенай інерцыяльнай сістэмы адліку. Калі цела несвабоднае (да яго прыкладзены сувязі механічныя), то ва ўмовы раўнавагі ўключаюцца таксама сілы рэакцыі сувязей.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІВАСІ́Л (Inula),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. брытанскі (I. britannica), вербалісты (I. salicina), цвёрдаваласісты (I. hirta). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, у хмызняках, на лугах, палянах і высечках. Як лек. і дэкар. расліну вырошчваюць Дз. высокі, або дзікі сланечнік (I. helenium), які трапляецца, і здзічэлы. З інтрадукаваных найб. вядомыя: Дз. германскі (I. germanica), мечалісты (I. ensifolia), цудоўны (I. magnifica) і шурпаты (I. aspera).

Шмат-, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з галінастым. у верхняй ч. раўнамерна аблісцелым голым або апушаным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, цэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі жоўтыя, сабраныя ў адзіночныя або шматлікія, у шчыткападобных суквеццях кошыкі. Плод — сямянка. Лек., кармавыя, меданосныя, дэкар. і фарбавальныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзівасіл брытанскі.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,

рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.

У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВт∙гадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс. кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл. напр., Дызельная электрастанцыя).

В.​А.​Сяргеенка.

Дызель: 1 — фарсунка; 2 — клапан; 3 — цыліндр з поршнем; 4 — паліўная помпа; 5 — каленчаты вал.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНГВІНАПАДО́БНЫЯ, пінгвіны (Sphenisciformes),

атрад нелятаючых птушак. Вядомы з эацэну (каля 60 млн. г. назад). 1 сям., 21 род (6 сучасных), 44 віды (16 сучасных). Пашыраны ў Антарктыцы, на паўд. узбярэжжах Аўстраліі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі, на Пн — да а-воў Галапагас. Гняздуюцца калоніямі (да 1 млн. асобін), некат. віды жывуць невял. групамі ці паасобна. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 120 см, маса да 45 кг. Апярэнне кароткае, шчыльнае, раўнамерна ўкрывае цела. Крылы ператвораны ў пакрытыя лускападобнымі пёрамі ласты, з дапамогай якіх П. плаваюць (са скорасцю да 40 км/гадз) і ныраюць (да глыб. 200 м). Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Нясуць 1—2 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пінгвінападобныя. Пінгвіны: 1 — гумбальтаў; 2 — каралеўскі; 3 — малы; 4 — імператарскі; 5 — субантарктычны, або пінгвін Папуа; 6 — акулярны.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),

штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 990,8 тыс. чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс. выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУНА́ ў тэорыі ваганняў,

тонкая, гібкая, моцна нацягнутая нітка з раўнамерна размеркаванай па даўжыні шчыльнасцю.

Пры ўзбуджэнні С., напр. ударам ці шчыпком, адбываюцца вагальныя рухі, пры якіх усе ўчасткі С. зрушваюцца ў папярочным напрамку. Кожнае ваганне С. можна выявіць у выглядзе сумы яе гарманічных уласных ваганняў, частоты якіх f залежаць ад яе даўжыні l, плошчы сячэння S, сілы нацяжэння Q, шчыльнасці матэрыялу р, а таксама ад умоў замацавання канцоў. Для С., замацаванай на цвёрдых апорах, 𝑓n = n 2l Q ρS , дзе n — цэлы лік, адпаведны нумару гарманічнай складальнай. Зададзенае ў пачатковы момант размеркаванне зрушэнняў (спосаб узбуджэння С.) вызначае спектр узбуджаных уласных ваганняў. С. з’яўляецца самай простай вагальнай сістэмай з размеркаванымі параметрамі; ёй карыстаюцца для вывучэння ваганняў больш складаных мех., акустычных і эл. сістэм.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАФАТАГРА́ФІЯ,

працэс атрымання фатаграфічнага відарыса, заснаваны на візуалізацыі схаванага электрастатычнага відарыса (СЭВ), утворанага на фотаправодным слоі дыэлектрыка ці высакаомнага паўправадніка.

Працэс складаецца з атрымання СЭВ і яго праяўлення. У ксераграфіі, спосабах электрафакс і пры фотатэрмапластычным запісе СЭВ атрымліваюць экспаніраваннем экспанаваннем* раўнамерна эл. зараджанага слоя фотаправадніка. Пад уздзеяннем святла слой выбіральна разраджаецца, а астаткавыя зарады ўтвараюць СЭВ. Пры фотакандуктаграфіі для атрымання СЭВ фотаправодны матэрыял зараджаюць пасля экспаніравання экспанавання* (зарады асядаюць на неэкспаніраваных участках). У Э. на фотаэлектрэтах (гл. Электрэты) СЭВ атрымліваюць адначасовым уздзеяннем святла і эл. поля. Праяўляюць СЭВ парашком з зараджаных часціц пігменту і носьбіта або суспензіяй пігменту ў электраізалявальнай вадкасці. Для праяўлення фотатэрмапластычнага запісу матэрыял награваюць да т-ры размякчэння палімера, які дэфармуецца пад уплывам эл. поля СЭВ. Э. выкарыстоўваюць пераважна для капіравання і размнажэння дакументаў, а таксама вырабу форм для афсетнага друку.

т. 18, кн. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕРЦЫЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ,

сістэма адліку, у якой выконваецца інерцыі закон Кожная сістэма адліку (СА), якая рухаецца адносна І.с.а. раўнамерна і прамалінейна, таксама з’яўляецца І.с.а. Усе І.с.а. раўнапраўныя, г.зн. ва ўсіх такіх СА законы фізікі аднолькавыя (гл. Адноснасці прынцып). Пры пераходзе ад адной І.с.а. да іншай у класічнай механіцы выконваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай механіцы — Лорэнца пераўтварэнні. СА, якія рухаюцца адносна І.с.а. з паскарэннем, з’яўляюцца неінерцыяльнымі сістэмамі адліку.

Усе рэальныя СА могуць разглядацца як І.с.а. толькі з пэўнай ступенню набліжэння, таму што целы адліку, з якімі яны звязваюцца, рухаюцца з тым ці іншым паскарэннем. Напр., геліяцэнтрычную СА, звязаную з цэнтрам мас Сонца і восямі, накіраванымі на аддаленыя зоркі, з вялікай ступенню дакладнасці можна лічыць І.с.а. Такая СА выкарыстоўваецца гал. ч. у задачах нябеснай механікі і касманаўтыкі Для рашэння большасці тэхн. задач І.с.а. можна лічыць СА, звязаныя з Зямлёй або яе цэнтрам мас.

А.​І.​Болсун.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁН (Persicaria),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭМПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. temperatio правільныя суадносіны, суразмернасць) у музыцы, выраўноўванне інтэрвальных суадносін паміж ступенямі гукавой сістэмы для дастасавання яе да патрэб муз. практыкі. Неабходнасць Т. звязана з паяўленнем муз. інструментаў з фіксаваным строем.

Зыходнымі былі гукарады чыстага і піфагорава строяў. Напачатку выраўноўвалі толькі некат. інтэрвалы (першыя спробы з 13 ст., у 16 ст. пашырылася сярэднетонавая сістэма Т). Недахопы нераўнамерна-тэмпераванага гукараду ліквідаваны ў сістэмах раўнамернай Т. У аснову сучаснага раўнамерна-тэмпераванага строю пакладзены прынцып падзелу актавы на 12 роўных паўтонаў, прапанаваны ў 1691 А.​Веркмайстэрам. У ім усе 12 квінтаў квінтавога круга памяншаюцца на ​1/12 піфагоравай комы (невял. інтэрвалу паміж зыходным гукам і тым, які атрымліваецца рухам ад яго на 12 чыстых квінтаў уверх і наступным пераносам на 7 актаў уніз). Замацаванню ў муз. практыцы гэтага строю садзейнічаў І.​С.​Бах (цыкл прэлюдый і фуг «Добра тэмпераваны клавір», 2 т., 1722 і 1744), дзе выкарыстаны ўсе танальнасці.

А.​А.​Саламаха.

т. 16, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)