РОД-А́ЙЛЕНД (Rhode Island),

штат на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. ў ЗША, у Новай Англіі. Пл. 3,2 тыс. км². Нас. 990,8 тыс. чал. (1999). Адм. ц., буйнейшы горад і гал. порт — Провідэнс. Рэльеф нізінны і раўнінны. Макс. выш. да 247 м. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 21—23 °C. Ападкаў каля 1150 мм за год, выпадаюць раўнамерна. Захаваліся ўчасткі дубова-букавых лясоў. Р.-А. найб. шчыльна населены (каля 310 чал. на 1 км²), урбанізаваны (гар. насельніцтва больш за 90%) і прамыслова развіты штат. Прам-сць: тэкст., электронная, разнастайнае машынабудаванне, металаапрацоўка, гумавая, харч., ювелірная, галантарэйная, паліграфічная. Суднабудаванне, суднарамонт. Нарыхтоўка дубу, здабыча буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (малочная прадукцыя, яйкі, ягады). Вырошчваюць бульбу, гародніну, сеяныя травы. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Турызм. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны.

т. 13, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)