АНІ́КІН (Віктар Іванавіч) (н. 14.1.1918, г. Алатыр, Чувашыя),
бел. архітэктар, вучоны. Засл.арх. Беларусі (1980). Канд. архітэктуры (1970), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў камунальнага буд-ва (1940). У 1946—58 працаваў у Вільні (рэсп. стадыён, мост цераз р. Нярыс, будынак Дзярж. б-кі). З 1958 у Мінску. Асн. работы на Беларусі: генпланы Светлагорска, Пінска, цэнтра Брэста, у Мінску — жылыя раёны і мікрараёны Усход, Серабранка, вул. Чкалава (усе ў аўтарскім калектыве), гал.навуч.-лабараторны корпус арх. і буд. ф-таў БПА (у сааўт.) і інш.
Тв.:
Архитектурное проектирование жилых районов. Мн., 1987;
Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЛЬЧЫК (Міхаіл Сцяпанавіч) (н. 8.6.1921, в. Бушмін Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1946). Засл. работнік культ. РСФСР (1983). Скончыў Аршанскі аэраклуб (1939), Адэскую ваен.авіяц. школу пілотаў імя П.Асіпенка (1941), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў (1953), Смаленскі пед.ін-т (1967). У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Ноўгарада, Пскова, Пінска, Любліна, Варшавы, Познані, баёў на Одэры, штурму Берліна. Камандзір звяна штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 100 баявых вылетаў, правёў 10 групавых паветр. баёў. Да 1958 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Ганаровы грамадзянін г. Познань і Лодзінскага ваяводства (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШЫЦ (Язэп) (1795, каля Пінска — 1868),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎША помнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Пётр Фёдаравіч) (н. 16.9.1931, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. археолаг. Д-ргіст. н. (1988), праф. (1993). Брат А.Ф.Лысенка. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). З 1964 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі: навук. супрацоўнік, заг. сектара, з 1988 заг. аддзела сярэдневяковай археалогіі. Даследаваў курганы 11—12 ст., стараж. гарады Тураў, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Клецк, Рагачоў, Мазыр. Вывучае абарончыя ўмацаванні, планіроўку, забудову, рамёствы, гандаль, структуру гаспадаркі, культ. сувязі стараж. гарадоў Беларусі. Рэканструяваў даследаваныя часткі стараж. Турава, Брэста 13 ст., Пінска 15 ст. Вынікам шматгадовых доследаў у Брэсце стала стварэнне археал. музея «Бярэсце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.
Літ.:
Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ННАЯ ГАРА́,
месца масавай загубы мірнага насельніцтва ням.-фаш. акупантамі ў Вял.Айч. вайну каля чыг. ст. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. У маі—чэрв. 1942 гітлераўцы выкапалі тут 8 вялізных ям і абнеслі іх калючым дротам. Сюды па спец. пабудаванай чыг. ветцы яны дастаўлялі эшалоны з насельніцтвам, пераважна жанчынамі, дзецьмі, старымі, з Драгічына, Іванава, Гарадца, Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы-Картузскай. Людзей прымушалі распранацца, гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да ліст. 1942 тут загублена больш за 50 тыс.чал. Каб замесці сляды злачынстваў, у сак. 1944 гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы; потым фашысты расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя работы. На месцы загубы ахвяр фашызму пастаўлены помнік і створаны мемарыял. Урочышча Бронная Гара ўвекавечана ў мемар. комплексе «Хатынь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»
(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),
інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч.Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАРАЛІ́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і воды р. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.