ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.Валодзіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ДЗІН (сапр.Ліфшыц) Аляксандр Майсеевіч
(н. 10.2.1919, Мінск),
рускі драматург. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1949). Дэбют — зб. «Апавяданні» (1954). Аўтар п’ес «Фабрычная дзяўчынка» (паст. 1956), «Пяць вечароў» (1959), «У гасцях і дома» (1960), «Старэйшая сястра» (1961; аднайм. фільм 1967), «Прызначэнне» (1963), «З любімымі не расставайцеся» (1969), «Дульсінея Табоская» (паст. 1971), «Дзве стралы» (паст. 1980), «Бландзінка», «Графаман» (абедзве 1984), кінасцэнарыяў фільмаў «Звоняць, адчыніце дзверы» (1965), «Дочкі-маці» (1974), «Асенні марафон» (1979) і інш. У яго творах — маральна-філас. праблемы, будзённасць характараў і ўчынкаў людзей «непрыкметных» прафесій, права чалавека на сцвярджэнне свайго прызначэння ў жыцці і інш. П’есы Валодзіна, пераважна з элементамі камічнага, накіраваны супраць руціны, дагматызму, абывацельска-мяшчанскай псіхалогіі. Дзярж. прэмія СССР 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБО́ЦКІ (Белаблоцкі) Андрэй
(Ян) Хрыстафоравіч, усходнеславянскі філосаф і паэт 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Скончыў Слуцкую кальвінісцкую гімназію, вучыўся ў Францыі, Італіі, Іспаніі. Быў кальвінісцкім прапаведнікам у Слуцку, настаўнікам у Магілёве. З-за ганенняў езуітаў пераехаў у Смаленск, у 1681 — у Маскву, дзе прыняў праваслаўе. Да пераходу ў праваслаўе не прызнаваў афіц. царквы, крытыкаваў Біблію. Веру лічыў асабістай справай кожнага чалавека, філасофію ставіў вышэй за багаслоўе. У яго філас. поглядах перапляталіся ідэі рацыяналізму, дэізму і пантэізму. Адстойваў адзінства душы і цела. Аўтар твораў «Кароткая гутарка літасці з ісцінаю» (1685),
«Вялікая навука Раймунда Люлія» і «Кніга філасофская» (1698—99) і інш. У гал.паэт. творы — паэме «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» — сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Пераклаў першыя 2 кнігі трактата Фамы Кемпійскага «Аб наследаванні Хрысту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МІНГС ((Cummings) Эдуард Эстлін) (14.10.1894, г. Кеймбрыдж, ЗША — 3.9.1962),
амерыканскі паэт і мастак. Скончыў Гарвардскі ун-т. Пасля 2-й сусв. вайны жыў у Парыжы, займаўся жывапісам. Дэбютаваў раманам «Вялізная камера» (1922) — адным з першых твораў л-ры т. зв. «страчанага пакалення». Аўтар паэт. зб-каў «Цюльпаны і коміны» (1923), «і г.д.» (1925), «Роўна пяць» (1926), «Без падзяк» (1935), «50 вершаў» (1940), «100 выбраных вершаў» (1959) і інш. Авангардысцкая паэзія К. адметная стылёвым поліфанізмам, гукавой гульнёй, узаемапранікненнем лірызму і сатыры, камічнага і трагічнага, спалучэннем рыс розных літ. кірункаў. Апублікаваў зб. эсэ «6 антылекцый» (1953).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Современная американская поэзия: Антология. М., 1975;
Поэзия США М., 1982;
Американская поэзия в русских переводах XIX—XX в. М., 1983.
Літ.:
Зверев А. Каммингс и «чистая» поэтика // Иностр. л-ра. 1978. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Сяргей Уладзіміравіч) (18.6.1937, пас. Ратамка Мінскага р-на — 9.12.1999),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). У 1954—62 і з 1965 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў маст., навук.-папулярныя, дакумент. фільмы, лірычныя замалёўкі аб прыродзе, кінастужкі пра дзеячаў мастацтва. Сярод работ; ігравыя фільмы — «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Белая зямля» (усе 1970), «Заўтра будзе позна» (1973, з В.Свобадай); дакумент. — «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (1974), «Мы з Беларусі», «Ларыса Александроўская» (абодва 1975), «Добрая зямля», «Гарызонты дарог» (абодва 1977, у сааўт.), «Зямля мая — лёс мой» (1978, з А.Алаем), «Бацькоўскае поле» (1979), «Пяць гадоў і ўсё жыццё» (1980, у сааўт.), «Дзядзька Якуб» (1981), серыял «У вайны не жаночы твар» (1981—85, з Ю.Ялховым), «Вяртанне ў першы снег», «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (абодва 1985, апошні з Ялховым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,
1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.А.Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.А.Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.А.Хамякоў, з 1910 А.І.Гучкоў, з 1911 М.У.Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл.Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.А.Скірмунт, гісторык А.П.Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т. л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.
Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.
Літ.:
Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;
Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;
Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 25.8.1953, г. Полацк),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). З 1988 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1989 віцэ-прэзідэнт Бел. ПЭН-клуба. Друкуецца з 1976. Дэбютаваў вершамі. У прозе распрацоўвае гіст. тэматыку: «Добры дзень, мая Шыпшына» (1986, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986), «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая» (1989), «Рандэву на манеўрах», «Ефрасіння Полацкая», «Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі» (усе 1992), «Міласць князя Гераніма» (1993), «Пяць мужчын у леснічоўцы», «Таямніцы полацкай гісторыі» (абедзве 1994). Героі яго твораў — патрыёты роднай зямлі, славутыя людзі Беларусі, якія памнажалі яе славу і гонар, не шкадавалі свайго жыцця дзеля шчасця Бацькаўшчыны. Аўтар зб. вершаў у прозе «Там, за дзвярыма» (1991), кн.літ.-публіцыст. артыкулаў і эсэ «Совершенно секретно», або Адзін у трох іпастасях» (1992), «Мой радавод да пятага калена» (1993). Перакладае з рус., укр., фінскай моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУАРЦЫ́НА ((Squarzina) Луіджы) (н. 18.2.1922, г. Ліворна, Італія),
італьянскі рэжысёр і драматург. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1946). У 1952 арганізаваў і ўзначаліў (сумесна з В.Гасманам) «Тэатр італьянскага мастацтва» ў Рыме, з 1962 кіраўнік (з І.К’езай) «Тэатра стабіле» ў Генуі, у 1977—84 — «Тэатра стабіле» ў Рыме. Паставіў спектаклі ў драм. і оперных т-рах («Ла Скала» ў Мілане, Рымскай оперы): «Гамлет» У.Шэкспіра (1952, сумесна з Гасманам), «Дачка Іорыо» Г. Д’Анунцыо (1957), «Федра» І.Піцэці (1959), «Фальстаф» Дж.Вердзі (1960), «Чалавек і звышчалавек» Б.Шоу і «Кожны па-свойму» Л.Пірандэла (1961), п’есы К.Гальдоні, Ф.Дастаеўскага і інш. Аўтар п’ес «Тры чвэрці месяца» (1953), «Сусветная выстаўка» (1955), «Дзяўчына з Раманьі» («Раманьёла», 1957), «Пяць дзён у порце» (1968, сумесна з В.Фаджы). «8 верасня» (1972, сумесна з Э. дэ Бернартам і Р.Дзанграндзі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ.арг-цыябел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст.час.«Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.Купалы (1955), «Вянок» М.Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.Тумаш, 1989) і інш.Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.Тамашчык, Я.Ліманоўскі, В.Тумаш, А.Адамовіч, з 1982 В.Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.