Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́СТЭР (англ. booster),
дапаможнае прыстасаванне для павелічэння сілы і скорасці дзеяння асноўнага механізма або машыны ў моманты асабліва вял. нагрузак. Напр., гідраўлічнае, эл. або пнеўматычнае прыстасаванне ў сістэме кіравання рулямі скорасных самалётаў; стартавы паскаральнік, першая ступень многаступеньчатай ракеты; прамежкавы паскаральнік зараджаных часціц; дадатковая крыніца эл. току (у т. л. трансфарматар), што ўключаецца для стабілізацыі эл. напружання ў сетках.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́ПТЭР,
1) у вылічальнай тэхніцы электроннае прыстасаванне для ўзгаднення параметраў уваходных і выхадных сігналаў працэсара ЭВМ і перыферыйных прылад з мэтай іх спалучэння. Напр., адаптэр падтрымкі клавіятуры, дысплея, друкавальнага прыстасавання.
2) У фатаграфіі прыстасаванне для спалучэння фотаапарата са зменным абсталяваннем, якое не прадугледжана канструкцыяй гэтага апарата, напр. аб’ектыва, дадатковай зменнай касеты са святлоадчувальным матэрыялам інш. фармату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНІЁМЕТР (ад грэч. gonia вугал + ...метр),
1) прылада для вымярэння двухгранных вуглоў паміж гранямі цвёрдых цел. Бывае прыкладны і адбівальны. Прыкладны ганіёметр мае транспарцір і лінейку. Дакладнасць вымярэнняў да 15. Адбівальны ганіёметр мае каліматар, зрокавую трубу і адліковае прыстасаванне. Дакладнасць вымярэнняў да 1′. Выкарыстоўваецца ў метралогіі, крышталяграфіі, геадэзіі і інш. 2) Прыстасаванне для зрушэння дыяграмы накіраванасці антэны эл. спосабам. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),
1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.
2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.
3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.
4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.
Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ЛЬНІК,
электрычны пераключальнік з ручным прыводам для камутацыіэл. ланцугоў напружаннем да 1 кВ. Мае метал. ножападобныя кантакты, якія пры замыканні (уключэнні) уваходзяць у нерухомыя спружыністыя клямары (гнёзды). Р., разлічаны на вял. сілу току, мае некалькі паралельна злучаных кантактаў на 1 полюс, а часам і дугагасільнае прыстасаванне.
Рубільнікі: а — аднаполюсны (1 — рукаятка, 2 — токападводы, 3 — кантактны нож, 4 — дугагасільнае прыстасаванне); б — трохполюсны (1 — нерухомая кантактная стойка, 2 і 3 — момантавы і галоўны нажы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́Т,
1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).
2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.
3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.
Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).