французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1945 у сацыяліст. руху. Нац. сакратар Арг-цыі сацыяліст. моладзі (1950—58), нам.ген. сакратара федэрацыі Сацыяліст. партыі (1963—66). З 1971 на кіруючых пасадах у Сацыяліст. партыі (у 1988—92 яе 1-ы сакратар). Мэр г. Ліль (з 1973), дэп.Нац. сходу (1973—81 і 1986), сенатар (з 1992). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1981—84. У 1989—92 нам. старшыні, з 1992 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. Прэзідэнт Міжнар. арг-цыі пародненых гарадоў (з 1984). Аўтар кніг па паліт. праблемах «Нашчадкі будучага» (1977), «Правільны шлях» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАЭ́ПІЯ (ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел.фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд.Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
комплекс работ па вырабе, укладцы ў форму ці ўстаноўцы на месца бетанавання (мантаж) арматурных элементаў жалезабетонных канструкцый. Уключаюць нарыхтоўку арматурных стрыжняў, выраб арматурных сетак ці каркасаў, іх зборку і ўстаноўку ў форму ці апалубку.
Стрыжні робяць з арматурнай сталі на спец. станках, сеткі і каркасы — на станках з гібачнай бэлькай. Плоскія сеткі і каркасы шыр. да 1 м вырабляюць кантактнай зваркай на зварачных машынах і аўтаматызаваных паточных лініях, прасторавыя каркасы збіраюць у асн. на гарыз. і верт. кандуктарах-маніпулятарах. Арматуру для папярэдне напружаных канструкцый да ўкладкі ў форму расцягваюць гідраўл. дамкратамі ці падаўжаюць награваннем да 300—450 °C. Арматуру для маналітных канструкцый (напр., плацін) зварваюць з сетак, каркасаў і інш. элементаў, устаўляюць у формы або апалубку кранамі, маніпулятарамі і да т.п.
Да арт.Арматурныя работы. Тэхналагічная схема вырабу шырокіх арматурных сетак на аўтаматызаванай паточнай лініі: 1 — стыкавая зварка стрыжняў; 2 — праўка стрыжняў; 3 — зварка сетак; 4 — падоўжная рэзка сетак; 5 — папярочная рэзка сетак; 6 — пакетаванне сетак; 7 — змотванне сетак у рулон; 8 — транспартаванне кантэйнера з пакетам сетак.Да арт.Арматурныя работы. Арматурны станок-аўтамат: 1 — прыёмнае прыстасаванне; 2 — праві́льны барабан; 3 — механізм падачы і рэзкі; 4 — пульт кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТАНІ́ЧНАЯ ХВАРО́БА,
хвароба сістэмы кровазвароту ў чалавека, якая характарызуецца павышаным артэрыяльным ціскам (гіпертаніяй). Узнікае ад нерв.-эмацыянальнага перанапружання, якое парушае працэсы вышэйшай нерв. дзейнасці і рэгуляцыю сасудзістага тонусу. Найчасцей бывае ў людзей, што маюць спадчынную схільнасць да гіпертанічнай хваробы, ад празмернага харчавання і маларухомага спосабу жыцця.
Паводле пашкоджання органаў адрозніваюць 3 стадыі гіпертанічнай хваробы. Пры транзіторнай гіпертанічнай хваробе крывяны ціск павышаецца перыядычна, або на кароткі час; узнікае боль галавы, галавакружэнне, шум у вушах, сэрцабіцце, моташнасць. На 2-й (стабільнай) стадыі гіпертанія больш устойлівая: бываюць прыкметы сардэчнай (задышка, ацёкі, тахікардыя, арытмія) і каранарнай (боль за грудзінай і ў вобласці сэрца, інфаркт міякарда) недастатковасці. Цяжкія змены функцый сэрца, галаўнога мозга і нырак ад склератычных змен бываюць на 3-й стадыі арган. змен. Найб. тыповае і частае ўскладненне гіпертанічнай хваробы — гіпертанічныя крызы, пры якіх артэрыяльны ціск хутка павышаецца, рэзкі галаўны боль, ірвота, тахікардыя, іншы раз парушэнне зроку, расстройствы мазгавога і каранарнага кровазвароту (інфаркт міякарда, інсульт). Лячэнне: на 1-й стадыі правільны рэжым дня, заспакаяльныя сродкі; на 2-й і 3-й стадыях — сродкі, што зніжаюць крывяны ціск, заспакаяльныя, снатворныя, дыета.
Літ.:
Мясников А.Л. Гипертоническая болезнь и атеросклероз. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку п), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільныn-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. rectificatio выпрамленне ад лац. rectus прамы, правільны + facio раблю),
раздзяленне гамагенных вадкіх сумесей на састаўныя часткі. Засн. на дыфузійным абмене кампанентаў паміж паравой і вадкай фазамі (гл.Дыстыляцыя). Суправаджаецца міжфазавым цеплаабменам. Адрозніваюць Р. двух- і шматкампанентных сумесей; ажыццяўляюць бесперапынна ці перыядычна.
Для Р. выкарыстоўваюць калонныя апараты (рэктыфікацыйныя калоны), у якіх адбываецца шматразовы кантакт паміж патокамі вадкай і паравой фаз, што рухаюцца проціцёкам. Пры бесперапыннай Р. нагрэтая зыходная сумесь бесперапынна падаецца ў сярэднюю частку калоны, дзе з яе выпарваюцца нізкакіпячыя кампаненты. Пара падымаецца ўверх па калоне, на рэктыфікацыйных талерках яна кантактуе з вадкасцю (флегмай), якая паступае зверху ўніз, узбагачаецца нізкакіпячымі кампанентамі і паступае ў дэфлегматар (кандэнсатар). Частка дыстыляту з дэфлегматара (флегма) вяртаецца ў калону на арашэнне, астатні дыстылят праз халадзільнік адпампоўваецца ў ёмістасці гатовай прадукцыі. Пры Р. шматкампанентных сумесей гатовыя прадукты адбіраюць на рознай вышыні верхняй паловы калоны (напр., пры Р. нафты зверху адбіраюць бензін, ніжэй газу і яшчэ ніжэй дызельнае паліва). Вадкая фаза сумесі, што паступае ў калону, сцякае з рэктыфікацыйных талерак уніз, пры гэтым яна ўзбагачаецца высокакіпячымі кампанентамі з пары (лёгкакіпячыя кампаненты паступаюць у пару), якая падымаецца з куба-выпаральніка, і адводзіцца з калоны (частка вадкасці ў выглядзе пары зноў паступае ў калону). Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. і нафтаперапрацоўчай прам-сці.
Літ.:
Жаров В.Т. Серафимов Л.А. Физико-химические основы дистилляции и ректификации. Л., 1975;
Петлюк Ф Б., Серафимов Л.А. Многокомпонентная ректификация: Теория и расчет. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),
правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.
Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел.фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел.літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНКБССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМБССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд.Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ (Carracci),
сям’я італьян. мастакоў Балонскай школы жывапісу канца 16 — пач. 17 ст. Прадстаўнікі акадэмізму. Нарадзіліся ў Балонні. Ладавіка (хрышчаны 21.4.1555—13.11.1619). Вучыўся ў Балонні ў П.Фантаны (каля 1570—80), там і працаваў. Творчасці ўласцівы простая і строгая кампазіцыя, рэзкая святлоценявая мадэліроўка («Абарачэнне Паўла», 1587; «Мадонна Барджэліні», 1588; «Мадонна Скальцы»; «Бічаванне Хрыста»; «Мадонна са св. Францыскам і Іосіфам», 1591; «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1592; «Ператварэнне», каля 1595—97). Агасціна (15.8.1557—22.3.1602), стрыечны брат Ладавіка. Вучыўся ў Балонні ў Фантаны. Працаваў у Балонні, Рыме і Парме. Рабіў гравюры па карцінах Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Карэджа. Сярод жывапісных твораў: «Прычашчэнне св. Іераніма», «Узнясенне Марыі» (абодва паміж 1591—93) і інш.Анібале (3.11.1560—15.8.1609), брат Агасціна, стрыечны брат і вучань Ладавіка. Да 1595 працаваў у Балонні, потым у Рыме. Рабіў алтарныя карціны, у балонскі перыяд у натуралістычнай манеры пісаў партрэты і жанравыя карціны, рамант. пейзажы. У рымскі перыяд творчасць больш строгая і ўрачыстая, што адпавядала канцэпцыі «прыгожага ідэала», якая ўвасобілася ў тэатралізаваным адлюстраванні героікі вял. падзей з жыцця людзей і багоў. Сярод твораў: «Крама мясніка», «Бабовая поліўка», «Аплакванне Хрыста» (сярэдзіна 1580-х г.), «Венера і Адоніс» (1588—89), аўтапартрэт (1590-я г.), «Узнясенне Марыі» (1592), «Міласэрнасць св. Роха» (1595), «Уцёкі ў Егіпет» (каля 1603—04), «Святыя жонкі ля труны ўваскрэслага Хрыста» (каля 1605), «Партрэт Джавані Габрыэлі з лютняй».
Сумесныя работы К.: фрэскі ў палацах Фава (1580—85) і Маньяні (1588—90) у Балонні і Фарнезе (1597—1604), у Рыме і інш. Каля 1585 у Балонні заснавалі «Акадэмію тых, хто стаў на правільны шлях».
Л.Карачы. Бічаванне Хрыста.Анібале Карачы. Венера і Адоніс. 1588—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі
(А.Р.Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.Г.Кнорын),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.Х.Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.І.Вайнштэйн); агр. пытанне (А.С.Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.Ш.Ходаш); асвета і задачы партыі (С.З.Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.П.Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНКБССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах.эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБКП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.