ПІКНІ́ДА (ад грэч. pyknos шчыльны),

орган канідыяльнага споранашэння некат. аскаміцэтаў, іржаўных і недасканалых грыбоў, таксама лішайнікаў. Акруглай або грушападобнай формы з даволі тоўстымі парэнхіматычнымі сценкамі, унутр. поласць якіх выслана слоем канідыяносцаў. Сфарміраваныя канідыі выходзяць з адтуліны на верхавінцы П. ў выглядзе слізістага шнура.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭО́ДА (франц. gēode ад грэч. gēodēs земляны),

замкнутая поласць у горнай пародзе, не цалкам запоўненая скрытакрышт. або яўнакрышт. агрэгатамі мінералаў. Форма Ж. ізаметрычная, акруглая і інш. Часта мінер. рэчыва ў Ж. ўтварае канцэнтрычныя занальныя слаі (напр., агаты). Іншы раз унутры Ж. пустата, сценкі якой звычайна ўкрыты друзамі крышталёў.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАВІЯ́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ (ад грэч syn разам + лац. ovum яйцо),

вязкая вадкасць, якую прадуцыруе сінавіяльная абалонка ў поласць сустава. Памяншае трэнне паверхні сустава пры руху, прадухіляе сустаўныя храсткі ад сцірання, выконвае таксама метабалічную і бар’ерную функцыі, у суставе яе ўтрымліваецца 1—2 мл. Паводле саставу — дыялізат плазмы крыві з уключэннем гіялуронавай кіслаты.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЫ́Т (ад лац. antrum пячора, поласць + ...im),

запаленне слізістай абалонкі і касцявых сценак поласці соскападобнага адростка скроневай косці — антрума. Назіраецца ў дзяцей першых месяцаў жыцця. Узнікае як ускладненне вострага сярэдняга атыту, іншы раз ад агульнага знясілення арганізма (пры таксічнай дыспепсіі, пнеўманіі). Падстава на падазрэнне антрыту — цяжкі, зацяжны, востры атыт і завушны абсцэс пасля прарыву гною з антрума. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУПЛО́,

поласць у ствале, каранях або буйных галінах дрэў, якая ўтварылася ў выніку разбурэння драўніны. Звычайна Д. ўзнікаюць у старых (перастойных) дрэвастоях на месцы мех. пашкоджання і распаду тканак драўніны пад уздзеяннем сапрафітных грыбоў і бактэрый, часам пры ўдзеле мурашак і птушак (напр., дзятлаў). Д. з’яўляецца сховішчам і месцам размнажэння многіх жывёл. У парках і садах дуплаватыя дрэвы патрабуюць своечасовага лячэння.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САРСКІ ПАГО́РАК (КАМО́ІД),

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). На паўд.-ўсх. ускраіне в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Камоід купалападобны, плоскавяршынны, гляцыяін’екцыйны; выш. 25 м, дыяметр 750 м. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку выціскання пяску, суглінку, гліны ў поласць нерухомага або слабарухомага лёду. М.п. — тыповая форма рэльефу для Бел. Паазер’я.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІКАПРЫЁН (Helicoprion),

род выкапнёвых жывёл кл. акулападобных рыб. Вядома некалькі відаў. Былі пашыраны ў морах ранняй пярмі на тэр. Прыўралля, Японіі, Ірана, Аўстраліі, Шпіцбергена, ЗША. Апісаны рус. вучоным А.​П.​Карпінскім (1899).

Сярэдні (сімфізны) рад зубоў ніжняй сківіцы зліваўся ў спіраль з 2—3 абаротаў (адсюль назва), высоўваўся з рота наперад і загінаўся звонку ў асаблівую храстковую поласць. Паводле вызначэння рэшткаў гелікапрыёну праводзяцца стратыграфічныя і палеаграфічныя даследаванні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),

адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.

Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАВІ́Т,

запаленне сінавіяльнай абалонкі (слоя клетак і рыхлай валакністай злучальнай тканкі, што высцілае поласць сустава), якое суправаджаецца ўтварэннем і намнажэннем вадкасці (эксудату) у сумцы суставаў, сустаўнай поласці. Вылучаюць С. асептычныя (развіваюцца пры траўмах сустава алергічных, метабалічных, эндакрынных парушэннях) і інфекц. (выклікаюцца стафілакокамі, стрэптакокамі, пнеўмакокамі, спірахетамі і інш.). Адрозніваюць серозныя, гемарагічныя, серозна-фібрынозныя і гнойныя С., таксама вострыя і хранічныя. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)