від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАВО́Д,
святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.
У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл.Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).
Літ.:
Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМНІ́ЦЫ, стрэчанне,
у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧАў машынах,
механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).
Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л.галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л.глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл.Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш.Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс.аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадавацьвял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл. таксама Сілавая перадача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад сігнал),
падаванне ўмоўных знакаў (сігналаў), якімі прыцягваюць да чаго-н. увагу, апавяшчаюць, перадаюць загады, паведамленні, забяспечваюць двухбаковыя перагаворы; умоўныя знакі і сістэмы прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай. Адрозніваюць С. зрокавую (прадметная або аптычная), гукавую і тактыльную (успрымаецца органамі дотыку). У залежнасці ад прызначэння бывае аварыйная, выклікальная (або пошукавая), кантрольна-распарадчая (або аператыўная), папераджальная, перагаворная.
Прасцейшы від С. — марская і на транспарце, дзе сігнальнымі сродкамі служаць маякі, святлафоры, семафоры, знакі дарожныя, пуцявыя знакі, гукавыя сігналы і інш. Больш дасканалая аптычная С., ажыццяўляецца з дапамогай ліній аптычнай сувязі. У вытв. умовах кантроль і кіраванне складанымі сістэмамі робіцца з дапамогай аўтам. С.: інфармацыя аб аварыйным стане сістэмы перадаецца мнеманічнымі схемамі, акустычнымі сродкамі (сірэнамі, свісткамі, званкамі, гудкамі), мігальным святлом. У ВМФ выкарыстоўваюць магутныя пражэктары і ліхтары, а таксама ракеты з сігнальнымі саставамі. У паветр. флоце сродкам С. служаць вонкавыя аэранавігацыйныя сігнальныя агні самалётаў і аэрамаякі. Эл. перадача сігналаў дае магчымасць адначасова перадавацьвял. колькасць розных сігналаў на значныя адлегласці і ў розныя пункты (гл. Тэлекіраванне); выкарыстоўваюцца для кіравання энергасістэмамі, на лініях электраперадачы, на чыг. транспарце (гл. Чыгуначная сігналізацыя). Пашыраны таксама радыётэхн. сродкі С.: у метэаралогіі, аэралогіі, у марскім і паветр. флоце (напр., радыёзонды, радыёлакацыйныя станцыі, радыёмаякі). Гл. таксама Пажарная сігналізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЕ́СЦЕ,
форма феад. зямельнага ўладання ў Расіі, пры якім уладальнік абавязаны несці ваенную ці інш. службу дзяржаве. Пашырана ў 15 — пач. 18 ст. Масавая раздача П. феадалам пачата ў канцы 15 ст. ў Наўгародскай і інш. землях. Юрыд. статус П. вызначаны Судзебнікам 1497. Уладальнікі П. — памешчыкі, або дваране. У адрозненне ад вотчыны П. даваліся дваранам на пэўны час, уладальнік не мог яго прадаць, перадаць па спадчыне. З сярэдзіны 16 ст. памешчыкі атрымалі права перадаваць П. ў спадчыну і распараджацца імі. Пасля ўказа Пятра I аб адзінаспадчыннасці (1714) П. зліліся з вотчынамі ў адзіны від зямельнай уласнасці феадалаў — маёнтак. У 18 — пач. 20 ст. тэрмін «П.» ўжываўся як адна з назваў маёнткаў буйных землеўладальнікаў. Ліквідаваны Кастр. рэвалюцыяй 1917.
На Беларусі першыя звесткі пра раздачу зямлі пры ўмовах службы адносяцца да сярэдзіны 13 ст. Зямельныя ўладанні («имения»), якія феадалы-васалы атрымлівалі ад вял. князя ці паноў за ваен. і інш. службу, называліся «даніна» або «выслуга». Землі даваліся ў часовае («дачаснае») і ў пастаяннае («вячыстае») уладанне. З павелічэннем паліт. ролі шляхты і аслабленнем улады вял. князя ў 15—16 ст. адбываўся працэс пераўтварэння дачасных данін у вотчыны, якія сталі пануючай формай феад. зямельнай уласнасці. Да сярэдзіны 16 ст. большасць зямельнага фонду ВКЛ стала ўласнасцю шляхты. Неабмежаваныя правы шляхты на маёнткі замацаваны шэрагам прывілеяў, а таксама Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,
сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НАПІС,
старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.
Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл.Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс.ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж.-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.
Літ.:
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.