АЎТААДКА́ЗЧЫК,

прыстасаванне для аўтаматычнай перадачы па каналах тэлеф. або тэлегр. сувязі па ўстаноўленым сігнале папярэдне закладзенай інфармацыі. Можа перадаваць, напрыклад, умоўную назву або нумар выкліканага абанента, паведамленне пра адсутнасць абанента і інш. Уваходзіць у склад тэлеф. установак, тэлегр. апаратаў, факсаў і інш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВА́Я ПЕРАДА́ЧА,

зубчастая перадача вінтавымі коламі, восі якіх перакрыжоўваюцца пад рознымі вугламі. Дае магчымасць перадаваць вярчэнне ад аднаго вала некалькім іншым. У сувязі з кропкавым кантактам зубоў і значным слізганнем у зачэпцы вінтавая перадача хутка зношваецца і можа зашчамляцца, таму выкарыстоўваецца пераважна ў прыладах.

Вінтавая перадача з міжвосевым вуглом 90°.

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).

Глабоідная перадача.

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́ЙДЖЭР (англ. pager),

партатыўны радыёпрыёмнік з вадкакрышталічным экранам для прыёму моўнай інфармацыі і літарна-лічбавага тэксту, што адлюстроўваецца на экране. Мае блок памяці для запамінання і прагляду раней прынятых паведамленняў. Кожнаму П. прысвойваецца індывідуальны нумар (код адраса), па якім аператар сеткі пэйджынгавай радыёсувязі накіроўвае паведамленні пэўнаму абаненту. З дапамогай П. можна таксама перадаваць інфармацыю з камп’ютэра, ажыццяўляць двухбаковую сувязь, пасылаць паведамленні з аднаго П. на другі і інш.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЎРЫЕ́НТ ((Devrient) Людвіг) (15.12.1784, Берлін — 30.12.1832),

нямецкі акцёр. З 1804 гастраляваў з тэатр. трупай па Цюрынгіі, выступаў у прыдворным т-ры ў Дэсаў, Брэслаўскім т-ры. З 1814 у Берлінскім каралеўскім т-ры. Мастацтва Д. вызначалася ўменнем ствараць жыццёва праўдзівыя і рамантычныя характары, перадаваць адценні пачуццяў і думак сваіх герояў. Сярод лепшых роляў: Лір, Шэйлак, Фальстаф («Кароль Лір», «Венецыянскі купец», «Генрых IV» У.​Шэкспіра), Франц Моар, Геслер («Разбойнікі», «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера), Гарпагон («Скупы» Мальера). Вобраз Д. стварыў Э.Т.​А.​Гофман у кнізе «Незвычайныя пакуты аднаго тэатральнага дырэктара» (1819).

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРА́ДЧЫК,

юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁЗНАВА (Таццяна Міхайлаўна) (н. 20.7.1924, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1949), з 1962 выкладала ў ім. У 1975—80 кіраўнік (з Л.​Куліджанавым) рэжысёрска-акцёрскай майстэрні. З 1949 на кінастудыі імя Горкага ў Маскве. Творчасць вылучаецца ўменнем перадаваць псіхал. клімат часу, гібкасцю і разнастайнасцю маст. прыёмаў. Паставіла кінафільмы «Памяць сэрца» (1958), «Еўдакія» (1961), «Ім скараецца неба» (1963), «З ранку» (1966), «Тры таполі на Плюшчысе» (1968); тэлефільмы «Семнаццаць імгненняў вясны» (паводле Ю.​Сямёнава, 12 серый, 1973), «Мы, што ніжэй падпісаліся» (паводле А.​Гельмана, 1980); муз. фільм «Карнавал» (1982). Дзярж. прэмія Расіі 1976.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ НЕРАСПАЎСЮ́ДЖВАННІ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І,

міжнароднае пагадненне, адкрытае для падпісання 1.7.1968. Распрацаваны па ініцыятыве ядз. дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падпісаны імі, усяго ўдзельнікаў — больш за 130 дзяржаў. Дагавор абавязвае ядз. дзяржавы не перадаваць няядзерным дзяржавам ядз. зброю ў любым выглядзе і не дапамагаць ім набываць яе. Няядзерныя дзяржавы ў сваю чаргу абавязаліся ўстрымацца ад набыцця такой зброі. Дагавор прадугледжвае кантроль з боку Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі за тым, каб прадухіліць проціпраўны пераход ад мірнага выкарыстання ядз. энергіі да вытворчасці ядз. зброі. Рэспубліка Беларусь далучылася да дагавора ў якасці няядзернай дзяржавы на падставе Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 4.2.1993.

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.

Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)