«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»

(лац. index librorum prohibitorum),

афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.​Бруна, Т.​Гобса, Б.​Спінозы, Вальтэра, Р.​Дэкарта, І.​Канта, Г.​Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́, Пятра, Пятрок,

у беларусаў і інш. слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв. ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭН ((Wren) Крыстафер) (20.10.1632, Іст-Нойл, Вялікабрытанія — 25.2.1723),

англійскі вучоны і архітэктар; буйны прадстаўнік англ. класіцызму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (паміж 1649—53). З 1657 праф. астраноміі ў Лондане, з 1661 — у Оксфардзе. У 1668—1718 гал. захавальнік каралеўскіх будынкаў. У 1681—83 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Арх. творам Р. ўласцівы свабоднае выкарыстанне ордэрных элементаў і кампазіцыйная разнастайнасць, стройнасць прапорцый і парадная манументальнасць, вытанчанасць дэталей: 52 прыходскія цэрквы ў раёне Сіці (у т. л. Сент-Мэры-ле-Боу, 1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710), Грынвіцкі шпіталь (1696—1716, у сааўт.) у Лондане, б-ка Трыніты-каледжа ў г. Кембрыдж (1676—84).

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),

бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел. культ. т-ва імя Ф.​Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».

Тв.:

Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎФМАН ((Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка) (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),

швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.​І.​Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.​В.​Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.​Г.​Клопштака).

т. 8, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАТКО́ВА (Ганна Васілеўна) (8.9.1911, в. Канаёўка Іванцееўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 9.9.1993),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыла Саратаўскае тэатр. вучылішча (1935). Працавала ў т-рах Расіі. З 1945 у Магілёўскім, у 1949—90 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарная, камед. актрыса. Сярод роляў: Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал» і «Верачка» А.​Макаёнка), Калеснікава («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Паўла, Шурка, Насця («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Кацярына і Купавіна («Навальніца» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Вара і Валя («Хлопец з нашага горада» і «Рускія людзі» К.​Сіманава), Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера) і інш.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНА́ТАРСКІЯ РЭВІ́ЗІІ,

перыядычныя праверкі мясц. дзярж. апарата спец. прызначанымі сенатарамі ў Расіі 18 — пач. 20 ст. Уведзены Пятром I у 1722 як штогадовыя камандзіроўкі сенатараў у губерні і правінцыі. У 1-й пал. 18 ст. праведзены С.р. толькі Маскоўскай губ. (1726). Адноўлены ў 1760-я г., праводзіліся нерэгулярна (да 1799—15 Р.с.). Паводле ўказа Паўла I у 1799—1800 С.р. праведзены ўсіх губерняў, выяўлены шматлікія парушэнні ў мясц. кіраванні і судзе, самавольства чыноўнікаў, вял. колькасць нявырашаных спраў; паводле вынікаў С.р. сенат зняў некалькі дзесяткаў асабліва скампраметаваных чыноўнікаў. У 19 ст. рэвізаваны 53 губ., некат. з іх па некалькі разоў. С.р. ў пэўнай ступені стрымлівалі самавольства мясц. улад, іх вынікі разглядаліся ў сенаце і Савеце міністраў.

т. 14, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Назараўна) (н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.​Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.​Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.​Эркеня).

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Спаса-Праабражэнскі,

гісторыка-архітэктурны і прыродны музей-запаведнік у Карэліі. Засн. як мужчынскі манастыр не пазней як у пач. 14 ст. на в-ве Валаам у Ладажскім возеры грэч. манахамі Сергіем і Германам. Знаходзіўся на мяжы наўгародскіх уладанняў, служыў крэпасцю і шмат разоў адбіваў напады шведска-фінскіх атрадаў, у 1611 спустошаны імі. У 1715 адноўлены паводле ўказа Пятра I. Арх. помнікі 18—19 ст.: Спаса-Праабражэнскі сабор, цэрквы Успення, Нікольская, Пятра і Паўла і інш. У 19 ст. буйны рэліг., эканам. і культ. цэнтр. У 1917—40 на тэр. Фінляндыі. У час сав.-фінл. вайны манахі пакінулі яго. З 1945 дом-інтэрнат для інвалідаў Вял. Айч. вайны. З 1979 музей-запаведнік. У 1988 перададзены Рус. правасл. Царкве.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)