БРЭ́НГВІН, Брэнгуін (Brangwyn) Фрэнк (13.5.1867, г. Бруге, Бельгія — 11.6.1956), англійскі графік і жывапісец. Вучыўся ў Маст. школе паўд. Кенсінгтана. У 1882—84 працаваў у майстэрні У.Морыса. У карцінах «Пахаванне на моры» (1904), манум. пано «Сучасны гандаль» (1906), афортах вял. фармату «Пільшчыкі на верфі» (1904), «Пабудова карабля» (1912), «Таўэрскі мост» (1913) нібыта ўзнаўляў напружаную дынаміку жыцця сучаснага яму прамысл. горада, суровую прыгажосць і рамантыку працы. Смелую рэаліст. абагульненасць і драм. выразнасць вобразаў ён спалучаў з дэкаратыўнасцю кампазіцыі. Антываен. пратэстам прасякнуты яго літаграфіі і плакаты, прысвечаныя 1-й сусв. вайне 1914—18.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛІЯ,
рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.
А.В.Лоў.
Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТА́,
верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.М.Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕРЧЫ́НА, Гуэрчына
[Guercino; сапр.Барб’еры (Barbieri) Джавані Франчэска; хрышчаны 8.12.1591, г. Чэнта, Італія — 22.12.1666],
італьянскі жывапісец балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў г. Чэнта. Зазнаў уплыў Л.Карачы, М.Караваджа, венецыянскіх мастакоў, Г.Рэні. У сваіх творах спалучаў характэрныя для караваджызму жыццёвасць з драматычнай эмацыянальнасцю вобразаў, кантрасты святлаценю з кампазіцыйнай дынамікай, пышным дэкаратывізмам з барочнымі і ілюзійнымі эфектамі (фрэскі ў казіно вілы Лудавізі ў Рыме, 1621; «Пахаваннесв. Петранілы», 1621; «Узнясенне мадонны», 1623, «Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа», каля 1625, і інш.). З канца 1620-х г. стаў на шлях акадэмізму.
Літ.:
Grimaldi N. Guercino. Bologna, 1968.
Гверчына. Іакаў атрымлівае адзенне Іосіфа. Каля 1625.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙЛА́-ДЭ-МАЯ́К,
археалагічны комплекс (паселішча і могільнікі) позняга бронзавага і ранняга жал. веку каля г. Нарбон (Францыя). Вылучаюць 5 фаз. Паселішча заселена каля 700 да н.э. (1-я фаза); у 600—500 да н.э. пашыраны вырабы з жалеза, пахаванне ў павозцы з могільніку Ла-Рэдорт сведчыць пра сувязі з гальштацкай культурай (2-я фаза). 3-я фаза датуецца 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў адпаведнасці з імпартам грэчаскай чорнафігурнай і этрускай керамікі. Паселішча 4-й фазы акружана валам, дамы будавалі з сырцовай цэглы (ранні латэн). 5-я фаза належыць да сярэдняй стадыі латэнскай культуры (не пазней 100 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ЛЬНІКІ,
магілы 12—16 ст., абазначаныя абкладкай з камянёў, круглаватай, авальнай ці чатырохвугольнай формы, з 1—2 валунамі ў галавах, часам і ў нагах, з каменнымі крыжамі або накрытыя валунамі. На камянях і каменных крыжах часта высечаны знакі (крыжы, крыжыкі, краты, стрэлачкі, свастыкі і інш.). Большасць пахаванняў без інвентару, звычайна з адным пахаваннем у яме, галавой на 3. Пашыраны пераважна на Наўгародчыне і Пскоўшчыне (Расія), дзе звязваюцца з прыбалтыйска-фін. насельніцтвам, таксама ва Усх. Латвіі і некат. мясцінах Пн Беларусі (часцей у складзе курганна-жальнічных могільнікаў).
Л.У.Дучыц.
Да арт.Жальнікі. Курганна-жальнікавае пахаванне 11—14 ст. каля в. Сухая Гара Лагойскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЁНАК (Марыя Іванаўна) (н. 24.10.1949, в. Кісялі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1969). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа. У творчасці імкнецца да выяўлення гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем, адлюстравання стану прыроды праз стрыманую) каляровую гаму. Асн. работы: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Нацюрморт з чорным вінаградам», «Адчыненае акно», «Змрок» (усе 1996), «Настрой», «Бабіна лета», «Пліса», «Жанчына ў чырвоным», «Нацюрморт з птушкай», «Нацюрморт з жоўтымі кветкамі» (усе 1997) і інш.
Г.А.Фатыхава.
Марыя Іванаўна Ісаёнак. Нацюрморт з жоўтымі кветкамі. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,
помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.І.Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЗІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,
паўстанне рабочых Лодзі 22—24.6.1905 у рэв. 1905—07. 18 чэрв. царскія войскі абстралялі рабочых, якія вярталіся з нелегальнага сходу (забілі 10, паранілі 40 чал.). Пахаванне вылілася ў паліт. дэманстрацыю (больш за 50 тыс.чал.). 21 чэрв. расстраляна дэманстрацыя пратэсту (удзельнічала 70 тыс.чал., забіты 21, паранена больш за 100 чал.). Лодзінскі к-т Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы заклікаў працоўных да ўсеаг. забастоўкі, якая 22 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне. Рабочыя ўзвялі каля 50 барыкад. Да 24 чэрв. паўстанне задушана. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Лодзі, дэманстрацыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі (Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Оршы, Копысі).