ЛУ́ДЧЫЦЫ,

помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)